Беларуская Служба

І ў Караткевіча, і ў Мітчэл можна знайсці сюжэтныя элементы з рамана «Лялька» Баляслава Пруса — дырэктарка выдавецтва Валянціна Андрэева

02.12.2024 13:35
Творы польскай класікі выйшлі на беларускай мове.
  ()             .  30.11.2024
Мікола Хаўстовіч (злева) і Марыя Платонава на прэзентацыі кніг польскіх класікаў у перакладзе на беларускую мову. Варшава 30.11.2024Беларуска служба Польскага радыё/radyjo.net

Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы чатыры творы найлепшых узораў польскай літаратуры выйшлі ў перакладзе на беларускую мову. Прэзентацыя кніг і сустрэча з аўтарамі адбыліся падчас Кірмашу гістарычнай кнігі ў Варшаве.

Творы да выдання падрыхтавала беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher у рамках сумеснага праекту з Цэнтрам Беларускай салідарнасці, паведаміла шэф-рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева.

 —  Гэта пераклад вядомага верша Яна Бжэхвы «Chrząszcz» — «Хрушч» на беларускай мове. Пераклад рамана Баляслава Пруса «Лялька» — гэта панарама Варшавы ХІХ стагоддзя, зборнік выбраных твораў Чэслава Мілаша «Чалавек шматпавярховы» і твор «Яшчэ адзін дзень жыцця» Рышарда Капусцінскага.

Пераклады падрыхтавалі адпаведна — Андрэй Скурко, Мікола Хаўстовіч і Галіна Жарко, Андрэй Хадановіч і Яўген Салейчук.

«Гэта прыклад ідэальнай сітуацыі, калі з поспехам супрацоўнічаюць польская дзяржаўная ўстанова,  грамадская арганізацыя і беларускае выдавецтва», — адзначыла Магдалена Пытлякоўска-Васілеўска з боку Цэнтра беларускай салідарнасці.

— Кнігі — гэта тое, што па сапраўднаму дазваляе не толькі пазнаць краіну, але і  разумець яе, будаваць наш супольны культурніцкі код. Цэнтр Беларускай салідарнасці вельмі хоча падтрымліваць супрацу на карысць беларускіх выдаўцоў. Я спадзяюся, мы хутка сустрэнемся на прэзентацыі беларускіх аўтараў для польскіх чытачоў.


Творы польскай класікі выйшлі на беларускай мове Мікола Хаўстовіч

Валянціна Андрэева ў рамане Баляслава Пруса «Лялька», які быў напісаны ў канцы ХІХ стагоддзя, знайшла безліч сюжэтаў, мастацкіх дэталяў і спасылак, якія сустракаюцца ў пазнейшай літаратуры. 

 — Напрыклад, Маргарэт Мітчэл і яе раман «Знесеныя ветрам». Я абсалютна ўпэўнена, што нават калі яна не чытала рамана Баляслава Пруса, то яна пагадзілася б, што гісторыя Вакульскага гучыць як перадгісторыя жыцця Рэта Батлера. Калі Джордж Марцін малюе сваю каралеву Сэрсэй у знакамітай серыі раманаў «Гульня тронаў», то ён проста даслоўна бярэ адну сцэну з Баляслава Пруса, каб ахарактарызаваць сваю каралеву Сэрсэй, так як Прус характарызуе Ізабэл. Можна быць абсалютна упэўненым, што беларускі класік Уладзімір Караткевіч чытаў раман Баляслава Пруса і матывы, якія ёсць у Пруса паўплывалі на творчасць Караткевіча. У гэтым рамане вы знойдзеце сцэны, якія перагукаюцца са сцэнамі рамана «Каласы пад сярпом тваім».

«Лялька» ў перакладзе Галіны Жарко і Міколы Хаўстовіча перавыдаецца ўжо ў трэці раз. Прадгісторыя перакладу пачыналася дваццаць гадоў таму, распавёў Мікола Хаўстовіч.

— Гадоў дваццаць таму, калі мы толькі з'явіліся ў Варшаве, немагчыма было не пазнаёміцца з, магчыма, найлепшай кнігаю пра Варшаву. Пра Пруса я трошачкі ведаў, чытаў «Грахі маленства» ў перакладзе Я. Брыля, чытаў «Камізэльку» ў арыгінале. На філфаку ў тыя савецкія часы Пруса, як і ўсю літаратуру ХІХ стагоддзя, не вывучалі. Вывучалі толькі літаратуру пачынаючы з 1945 г., то бок, літаратуру савецкай Польшчы. Спачатку мы з Галінай чыталі «Ляльку» ў голас. Урэшце рэшт, калі Валер Булгакаў прапанаваў падрыхтаваць  варшаўскі нумар «Архэ», то сама тэма падштурхоўвала змясціць туды хаця б фрагмент «Лялькі». Так атрымалася, што першых дзесяць раздзелаў якраз і было ўключана ў беларускі варшаўскі нумар «Архэ».

Малюнкі для верша Яна Бжэхвы «Хрушч», у перакладзе Андрэя Скурко, які таксама выйшаў у серыі польскіх класікаў па-беларуску, падрыхтавала таленавітая мастачка Марыя Платонава. Яна  нам расказала аб тым, як нараджаўся малюнак хрушча.


Марыя Платонава Марыя Платонава

— Пачынаецца з таго, што я знаёмлюся з творам. Стараюся зразумець, хто ён такі. Потым вывучаю яго анатомію, разведваю нейкія цікавыя факты пра жука. Далей спрабую ўжо рабіць нейкія накіды. Я іх часам вешаю на сцены, бо прыгожыя, мне падабаюцца (смяецца, — рэд.). Гэтага хрушча я хацела зрабіць сучасным, каб малюнак не нагадваў кніжкі, якія рабілі 50 гадоў таму, каб дзецям было цікава на яго паглядзець, каб у яго было што паразглядаць. Ён у акулярах, у яго ёсць кутасікі, такія як дзеці адзяваюць на вечарынках, у яго ёсць шэсць ножак, два крылы і вусы. Я хацела яму дадаць нейкай хітрасці тымі тонкімі вусамі. Ён жыве сваё жыццё напоўную, у яго ўсё добра, нідзе не працуе, усіх трошачкі дурыць.

Кніжку майстра рэпартажу Рышарда Капусцінскага «Яшчэ адзін дзень жыцця» пераклаў на беларускую мову Яўген Салейчук. Твор, які распавядае пра падзеі 1975 у афрыканскай краіне Ангола надзвычай рэзануе з сучаснымі падзеямі, кажа выдавец Валянціна Андрэева.


«Яшчэ адзін дзень жыцця» Рышарда Капусцінскага «Яшчэ адзін дзень жыцця» Рышарда Капусцінскага

— У гэтай кнізе вы можаце разгледзець усе знакі часу. Незалежную Анголу пад кіраваннем паэта падтрымлівае Куба і сацыялістычныя ўрады, гэта 1975 год. Другі бок, які больш камерцыялізаваны, падтрымліваецца капіталістычнымі партнёрамі, таму што Ангола вельмі багатая нафтай, алмазамі, прыроднымі багаццямі. У гэтым можна ўбачыць нешта ад глабальнай змовы. Аднак калі чытаеш гэтую кнігу, разумееш, што сутнасць не ў тым, хто за кім стаіць і не ў тым, што фінансуецца, бо гэта хутчэй ужо справа палітыкаў.

А справа людзей — ім застаецца толькі паміраць, ім прыходзіцца пакутаваць ад недахопу вады, пакутаваць ад таго, што няма лекараў, няма лекаў. Яны чакаюць самалёта, жывучы суткамі на тэрыторыі аэрадрому ў імправізаваным лагеры. Ім застаецца бегчы або аддаваць сваё жыццё за чужыя інтарэсы.

Пераклады перадаюцца ў бясплатнае карыстанне беларускім бібліятэкам і чытацкім клубам па ўсім свеце: у Амерыцы, Італіі, Германіі, Літве, Фінляндыі і многіх іншых.

Летась пры падтрымцы польскага МЗС выдавецтва Gutenberg Publisher выдала чатыры кнігі польскіх класікаў: Марыі Канапніцкай, Марыі Кунцэвічовай, Віславы Шымборскай і Адама Міцкевіча.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская