Сёння мы запрашаем у Археалагічна - гістарычны музей у Эльблёнгу, які лічыцца адным з найстарэйшых музеяў у Польшчы і найстарэйшым на Варміі і Мазурах. Аднак, гэта не згаданы факт прыцягвае ў яго наведвальнікаў з усяе Польшчы, а багатая калекцыя археалагічных помнікаў, дабытых падчас раскопак, праведзеных не толькі на тэрыторыі Старога горада. Візіт у музейнай установе дазволіць пазнаёміцца з гісторыяй горада і паглядзець на яго з іншага ракурсу.
Будынак былой саладоўні. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Заснаваны ў 1954 годзе Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу сёлета адзначаў сваё 70-годдзе, хоць на самай справе пачаткі ўстановы датуюцца сярэдзінай XIX ст., калі яна дзейнічала на тэрыторыі тагачаснай Усходняй Прусіі. Ад самага пачатку музей размяшчаўся на тэрыторыі прадзамча былога Тэўтонскага замка, які ў сярэдзіне XV ст. разбурылі мясцовыя жыхары, выступаючы супраць улады крыжакоў. Гараджане заваявалі крэпасць, выгналі ейную каманду, а затым падпалілі і разбурылі аб’ект.
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Да нашых дзён захаваліся толькі фрагменты старых абарончых сцен, фрагменты скляпоў і будынак былой саладоўні. Менавіта гэта адзін з будынкаў у якіх зараз працуе музей. Другі – гэта будынак былой гімназіі, кажа кіраўнічка Навуковага аддзела Археалагічна-гістарычнага музея ў Эльблёнгу Яанна Фанфэрэк-Граек (Joanna Fonferek-Grajek):
- У будынку прадзамча мы ў асноўным засяродзіліся на археалагічных выставах, якімі дарэчы вельмі ганарымся. Тут мы маем велізарную калекцыю археалагічных помнікаў, здабытых падчас даследаванняў, якія праводзяцца на тэрыторыі Старога горада амаль бесперапынна з 1980-х гадоў. Маем вельмі багатую калекцыю помнікаў звязаных з вікінгамі, у прыватнасці портам і гандлёва-рамесным паселішчам Трусо. Гэта прадметы з IX-XI стст. Самыя старыя прадметы, паходзяць з могілак у непадалёкай вёсцы Вэкліцэ (Weklice). Гэта былі гоцкія могілкі. У сваю чаргу, у будынку былой гімназіі, знаходзяцца ў асноўным прадметы, звязаныя з традыцыяй розных рамёстваў у Эльблёнгу і рэгіёне Жулавы. Гэта мэбля, сярэбраныя сталовыя прыборы, кераміка, печкі, а таксама экспанаты, звязаныя з рэгіёнам Жулавы і людзьмі, якія пасяліліся тут у XVI ст., то бок менанітамі.
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна, Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу лічыцца адным з найбагацейшых у Польшчы, калі гаворка ідзе археалагічныя калекцыі – тут сотні тысяч экспанатаў. Чаму менавіта Эльблёнг лічыцца адным з найлепш археалагічна даследаваных гарадоў у Польшчы і Еўропе, паясняе Яанна Фанфэрэк-Граек:
- У 1945 годзе асабліва Стары горад Эльблёнга быў моцна разбураны і толькі ў 1980-х гадах было прынята рашэнне аб такім паслядоўным і комплексным яго аднаўленні. Згаданы працэс папярэджвалі дэталёвыя археалагічныя даследаванні Старога горада. Менавіта ў гэтым прычына, паколькі да таго, што знаходзіцца пад зямлёй у незабудаваным Старым горадзе быў лёгкі доступ. Можна было праводзіць рэгулярныя археалагічныя раскопкі. Такім чынам, Эльблёнг з'яўляецца адным з найлепш археалагічна даследаваных гарадоў у Польшчы і адным з трох, калі гаворка ідзе пра ўсю Еўропу.
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дарэчы, аказваецца, што калі гаворка ідзе пра археалагічныя даследаванні, то вялікая колькасць найбольш каштоўных артэфактаў была, як правіла, выяўлена ў ямных туалетах, якія археолагі пяшчотна называюць «археалагічнымі скарбонкамі»:
- Як правіла, у ямныя туалеты траплялі, перш за ўсё, пашкоджаныя рэчы, бо такія месцы служылі таксама смеццезвалкамі. Аказваецца, што часта там траплялі вельмі цікавыя рэчы. Нашыя, скажам так, хіты - гэта, напрыклад, гітэрна - музычны інструмент, які крыху падобны на лютню, якая паходзіць з XV-XVI стст., прыгожыя сонечныя акуляры з XV стагоддзя ў рагавой аправе. Васковыя таблічкі, якія служылі сярэднявечнымі сшыткамі для вядзення розных запісаў; прадметы, прывезеныя з паломніцтваў. Ёсць шмат шкляных і керамічных сасудаў, напрыклад, рымер - шкляны посуд з XVII стагоддзя. Бутэлькі, у якіх захаваліся старыя лекі. Мы нават паспелі іх крыху прааналізаваць і атрымалася, што ў адной з іх была ртуць, якая ў мінулым уваходзіла ў склад лякарстваў ад венерычных хваробаў.
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У Археалагічна-гістарычны музеі ў Эльблёнгу можна паглядзець больш за дзесяць розных выставаў, якія паказваюць горад на розных этапах яго гісторыі, у розных аспектах і з выкарыстаннем розных выставачных формаў. Аднак адной з найбольш кранальных з’яўляецца экспазіцыя "Elbląg reconditus" - гэта наватарская спроба распавесці гісторыю Эльблёнга. Дамінуючым сцэнаграфічным элементам выставы з'яўляюцца руіны і пратаптаная сярод іх сцежка, якая вызначае маршрут наведвання:
- Так, гэта сапраўды выстава, якая, на маю думку, моцна ўздзейнічае на пачуцці і эмоцыі. Уваходзячы на яе мы бачым у асноўным друз і ўсеагульнае разбурэнне - фрагменты разбураных будынкаў, паваленыя электрычныя слупы, раскінутыя прадметы… Ідэя была такая, каб паказаць, як мог выглядаць Эльблёнг адразу пасля вайны, і які сустрэлі людзі, што прыехалі сюды пасля вайны. Другі аспект, такі сімвалічны і пазітыўны, што сярод гэтых завалаў нам удалося знайсці і выратаваць шмат помнікаў – доказаў таго, што Эльблёнг - гэта не толькі ваенныя разбурэнні, руіны і канец эпохі, але таксама горад з вельмі багатым мінулым.
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Варта бліжэй прыглядзецца да экспанатаў на шматлікіх выставах і пашукаць на іх таксама нечаканых прадметаў, кажа спадарыня Яанна:
- Я не ведаю, ці гэта мой любімы экспанат, але, я думаю, што варта пра яго згадаць, бо гэта крыху дзіўны і крыху гумарыстычным прадмет… У нашай калекцыі ёсць шкляны фалас. Так, гэта пасудзіна ў форме мужчынскага палавога органа, якая паходзіць з XVI ст. На жаль, артэфакт крыху пашкоджаны, але форма атаясамліваецца адназначна. Мы няўпэўненыя, ці была гэта пасудзіна паўсядзённага ўжытку ці, можа нейкая форма жарту, але згаданы экспанат прэзентуецца на нашай выставе і заўсёды выклікае эмоцыі ў наведвальнікаў.
- расказвала кіраўнічка Навуковага аддзела Археалагічна - гістарычнага музея ў Эльблёнгу Яанна Фанфэрэк-Граек (Joanna Fonferek-Grajek).
Археалагічна-гістарычны музей у Эльблёнгу. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Нагадваем, што пастаянныя экспазіцыі музея дапаўняюць цікавыя часовыя выставы і перыядычныя мерапрыемствы - урокі гісторыі, антыкварныя кірмашы, перформансы. Варта тады, пабываючы ў Эльблёнгу пацікавіцца графікам працы гэтай цікавай музейнай установы.
Анна Задрожна