Беларуская Служба

Малады беларус выдаў у Варшаве кнігу пра беларускае пакаленне Z пасля 2020 года (ФОТА/ВІДЭА)

07.02.2025 06:03
«Твор пранікнуты апатыяй і расчараваннем, але ў ім таксама загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня».
Аўдыё
  • Малады беларус выдаў у Варшаве кнігу пра беларускае пакаленне Z пасля 2020 года
Макар Валынкін са сваёй першай кнігай «Апошняе пакаленне»крыніца: прыватны архіў М.Валынкіна

Відэаблогер і пісьменнік Макар Валынкін выдаў у Варшаве сваю першую кнігу «Апошняе пакаленне». У кнізе ідзе аповед пра беларускую рэальнасць пасля 2020 года. Паводле Макара, у творы ён хацеў паказаць цэлы спектр эмоцый беларусаў: расчараванне, апатыю, пачуццё безвыходнасці, але адначасова радасць і надзею.

«Апошняе пакаленне» «Апошняе пакаленне»

Галоўнымі героямі кнігі з’яўляюцца маладыя людзі з Мінска: два хлопцы і дзве дзяўчыны, якія працуюць у рэкламным агенцтве. Адзін з герояў размаўляе па-беларуску, астатнія — па-руску. У кнізе словы беларускамоўнай постаці надрукаваныя звычайным шрыфтам, а рускамоўных — курсівам. Макар Валынкін гаворыць, што такім чынам хацеў падкрэсліць, як шмат рускай мовы ў штодзённым жыцці ў краіне.

Макар Валынкін ля мікрафону Польскага радыё Макар Валынкін ля мікрафону Польскага радыё

Мы запыталі ў Макара, чаму кніга называецца «Апошняе пакаленне»? Малады пісьменнік сказаў, што назва — гэта вынік актуальнай сітуацыі, якая пануе ў Беларусі і свеце. 

— Калі я пачаў пісаць гэтую кнігу і ведаў ужо назву, то ў маёй галаве з’явілася пытанне — апошняе пакаленне чаго? Спачатку прыйшла думка, што ў Беларусі вельмі мала людзей гаворыць па-беларуску, і магчыма, гэтае пакаленне можа быць апошнім, якое размаўляе на беларускай мове. Потым была думка пра глабальнае пацяпленне, бо клімат змяняецца, і хто ведае, як мы будзем жыць і ці ўвогуле будзем жыць. І трэцяе — ва Украіне ідзе вайна, і хто ведае, ці ядзерная бомба не ўпадзе і мы не станем апошнім пакаленнем. І ў кнізе я хацеў паказаць тое, што мы жывём у такіх абставінах і што можам стаць апошнім пакаленнем у розных сферах і па розных прычынах. 

Выдавецтва «Янушкевіч», у якім выйшла «Апошняе пакаленне», так анансуе выдавецкую навінку.

«Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас». 

Макар Валынкін нарадзіўся ў Мінску ў 2000 годзе. З вясны 2022 года жыве ў Варшаве. Раней у 2017-2018 гадах ён таксама пражываў у польскай сталіцы, таму, як ён сам нам сказаў, добра ведае і любіць гэты горад. Працуе ў сферы рэкламы і маркетынгу.

Купіць кнігу Макара Валынкіна можна ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка», на сайце кнігарні, а таксама на пляцоўцы Allegro.pl. 

Валеры Саўко 

поўная размова з Макарам Валынкіным — слухайце аўдыёфайл