Хельская каса - гэта скарб Балтыйскага мора, які захапляе не толькі сваімі маляўнічымі пляжамі - аднымі з найпрыгажэйшых на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, але таксама багатай прапановай іншых турыстычных славутасцей. Адной з іх, несумненна, з'яўляецца Музей рыбалоўства, які знаходзіцца ў гістарычным будынку былога евангельскага храма Пятра і Паўла.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Сядзіба Музея рыбалоўства ў Хелю – гэта, несумненна, дамінанта, якая фарміруе сілуэтную лінію горада. Мураваны гатычны касцёл, пакрыты керамічным дахам, надае панараме горада характэрны і непаўторны выгляд і з'яўляецца яго візітнай карткай.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Касцёл, у якім цяпер размяшчаецца Музей рыбалоўства, паводле гістарычных крыніц, існаваў ужо ў XV стагоддзі, спачатку як каталіцкі, а потым як евангельскі храм. У той час, у выніку пажару, вежа касцёла моцна пацярпела. Пасля перабудовы яна служыла маяком да 1647 года. Касцельны звон з гэтага перыяду можна ўбачыць сёння на музейнай экспазіцыі.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дарэчы, на працягу стагоддзяў храм шмат разоў пашкоджваўся, у тым ліку ў выніку моцных штормаў і пажараў, якія пустошылі горад і, нарэшце, у выніку ваенных знішчэнняў. Касцёл таксама шмат разоў перабудоўваўся, а цяперашні выгляд атрымаў у 1863 годзе.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У той час жыхары аднаўлялі будынак пасля шторму, у выніку якога ўся пярэдняя частка, уключаючы званіцу, абрынулася ў мора, кажа кіраўнік Музея рыбалоўства ў Хелю філіяла Нацыянальнага марскога музея ў Гданьску Тадэвуш Мужа(Tadeusz Muża):
- Гэта найстарэйшы будынак на Хельскай касе, пабудаваны ў 1417 годзе, як каталіцкі касцёл. У 1525 годзе жыхары Хеля, пад уплывам Гданьска, змянілі веравызнанне на евангельскае і святыня выкарыстоўвалася лютэранамі ў сакральных мэтах да канца Другой сусветнай вайны - Хель у той час быў населены людзьмі нямецкага паходжання. Калі, на пачатку 1920-х гадоў, польская дзяржава вярнула сабе гэтыя тэрыторыі і Хель засялілі кашубы, была заснавана рымска-каталіцкая парафія і пабудаваны новы касцёл Божага Цела.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Евангельскі храм, рэстаўраваны апошні раз у 1920 годзе, працягваў дзейнічаць да пачатку Другой сусветнай вайны. У верасні 1939 года яго вежу знеслі, каб нямецкім ваенным караблям было цяжэй абстрэльваць горад. У 1945 годзе будынак моцна пацярпеў і з таго часу да канца 1950-х гадоў паступова разбураўся. Нарэшце, пазбаўлены вернікаў - быў прызначаны на знос.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Усё ж дзякуючы праведзенаму ў 1958-1959 гадах рамонту будынак зноў заіснаваў у прасторы горада і жыцці яго жыхароў, прызначаны пад культурныя мерапрыемствы. Поспех арганізаванай тут першай выставы на тэму рыбалоўства абумовіў прызначэнне будынка.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У 1972 годзе аб'ект быў перададзены Нацыянальнаму марскому музею ў Гданьску, які стварыў у ім свой першы філіял - Музей рыбалоўства. Дарэчы, размяшчэнне ў Хелю музея, які расказвае пра рыбалку, зусім не выпадковае - Хель ужо ў XII стагоддзі згадваўся, як важны цэнтр гандлю селядцом:
- Хель заўсёды быў звязаны з рыбалоўствам, гэта быў вельмі багаты горад, таму што ў сярэднявеччы тут былі вельмі вялікія склады солі і бочак, у якіх захоўвалі селядца, а потым вывозілі ў глыб краіны праз Гданьск. Нагадваю, у тыя часы, як вядома, у тыдні былі тры дні посту - панядзелак, серада і пятніца, і католікі проста павінны былі выконваць гэты пост (у гэты час яны адмаўляліся ад мяса – рэд.), а Хель на гэтым вельмі разбагацеў.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
На выставе ў храналагічным парадку прадстаўленая гісторыя Балтыйскага мора, рыбалоўства ў Гданьскім і Віслінскім залівах, гісторыя Хельскай касы і самога Хелю, а таксама традыцыі хельскага рыбалоўства і сучасныя праблемы, звязаныя з марской гаспадаркай і экалогіяй Балтыйскага мора. У музейных вітрынах прадстаўлены мапы, архіўныя фатаграфіі, мадэлі караблёў і шмат іншых цікавых экспанатаў:
- У нас ёсць шмат вельмі цікавых экспанатаў, часта – гэта адзіныя такія захаваныя артэфакты, якія паказваюць, як кашубская абшчына ў гэтых раёнах змагалася за тое, каб пракарміць свае сем'і. Нагадваю, Хельская каса пабудаваная на марскіх пясках, і тут нельга было вырошчваць збожжа. Таму кашубскія рыбакі ўтрымлівалі свае сем'і толькі за тое, што яны злавілі і прадавалі. Яны таксама абменьвалі рыбу на іншыя сельскагаспадарчыя прадукты.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Тут прадстаўлены этнаграфічныя выставы лодак і рыбалоўных прыладаў:
- Вы можаце ўбачыць ледаход. Калі Пуцкі заліў замерз, рыбакі выкарыстоўвалі сані або ледаходы, каб перавозіць рыбалоўныя прылады на лёд і лавіць рыбу пад лёдам. Але тут можна пабачыць і так званыя „бадзяржы” - прылады ў форме трызубца, для лоўлі рыбы з лёду. Таксама ў адной з вітрын мы бачым вельмі цікавыя экспанаты – мэркі. Мэркі - гэта рунічныя знакі ўласнасці, кожны з якіх адлюстроўваў імя рыбака, бо гэтымі мэркамі яны пазначалі свае рыбалоўныя прылады.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Абсталяванне і прылады, якія выкарыстоўваліся для рыбалкі ў сярэдзіне XX-га стагоддзя, прадстаўлены ў дыяраме, якая паказвае сцэну з былога рыбацкага порта, з тыповымі элементамі, у тым ліку паруснай рыбацкай лодкай з Ястарні.
У рэканструяванай лодкабудаўнічай майстэрні мы пазнаёмімся з сакрэтамі кашубскага рамяства, гістарычнымі прыладамі працы, звычаямі кашубскіх рыбакоў.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У музеі можна таксама палюбавацца марскім жывапісам, сярод іншых, аўтарства Станіслава Камоцкага, Яна Максіміліяна Каспровіча і Ігнацыя Пінкаса.
Выстава ўзбагачана інтэрактыўнымі элементамі для дзяцей і моладзі.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Арыгінальныя кашубскія лодкі, захаваныя элементы гістарычнага абсталявання і фрагменты старых катэраў, дабытыя з мора, можна пабачыць на адмысловай выставе пад адкрытым небам, якая размяшчаецца вакол будынка музея.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Тут можна паглядзець, між іншым, самую вялікую безпалубную лодку для прыбярэжнай рыбалкі, драўляныя часткі розных відаў лодак і катэраў, драўляную маторную лодку. Гэта скажам так, агляд гістарычных плаўсродкаў, якімі на працягу стагоддзяў карысталіся мясцовыя рыбакі:
- Вы можаце ўбачыць адзіную захаваную „памэранку” - гэта вельмі трывалая драўляная лодка, на якой адначасова маглі працаваць чатыры чалавекі. Згаданыя лодкі заходзілі ў мора на 50 кіламетраў, што дазваляла лавіць ласося, шпроты і селядца. Буйныя „сажы” - лодкі, якія затаплялі і захоўвалі ў іх злоўленага жывога вугра. Таксама нядаўна мы купілі катэр, які перастаў лавіць рыбу - JAS 59. Гэта рыбацкая лодка - неверагодна прыгожая. Можна таксама пабачыць купал з хельскага маяка і купал маяка з порту ва Уладзіслававе.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Аказваецца, што рыбакі адрозніваліся паміж сабой спосабамі лоўлі нават, калі гаворка ідзе пра настолькі абмежаваную тэрыторыю, як Хельская каса:
- Хельскія рыбакі, якія тут лавілі рыбу, мелі свае рыбалоўныя ўгоддзі зусім побач, таму галоўнай рухаючай сілай для іх былі вёслы. У сваю чаргу рыбакі з суседніх: Ястарні, Кузніцы і Халуп, якіх багатыя рыбалоўныя ўгоддзі былі значна далей ад берагу, выкарыстоўвалі парусныя лодкі. Яны былі выдатнымі маракамі. Спраўляліся нават падчас вельмі неспрыяльных умоваў надвор’я.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Зараз польскае прыбярэжнае рыбалоўства сутыкаецца з велізарнымі праблемамі, пацвярджае Тадэвуш Мужа:
- Са шкадаваннем я прымушаны канстатаваць, што рыбалка ўжо, так бы мовіць, памірае. Гэта несумненна вынікае з розных прычынаў: памяншэння лімітаў, недахопу рыбы, пералову, таксама экалогіі, пацяплення вод Балтыйскага мора… Усё гэта прычыняецца да змяншэння прыбытковасці рыбалкі. Я таксама чую, што ўсё больш рыбакоў спрабуюць здаць свае судны ў металалом. Таму я асцерагаюцца, што неўзабаве з рыбалкай можна будзе пазнаёміцца толькі ў нашым музеі, таму што гэты занятак становіцца нерэнтабельным.
Музеі рыбалоўства, Хель. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Музей рыбалоўства прапануе сваім наведвальнікам яшчэ адзін унікальны атракцыён - магчымасць падняцца на самую вяршыню 21-метровай вежы, з якой адкрываецца цудоўная панарама з аднаго боку на Гданьскі заліў, а з другога - на адкрытае мора.
Анна Задрожна