Каралеўская карона, шахматы з XII стагоддзя, багатая калекцыя сярэбранага посуду і сталовых прыбораў, надпісы вязняў царскай турмы... Якія яшчэ таямніцы хаваюць сцены каралеўскага замка ў Сандомежы? Нягледзячы на складаную гісторыю Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы з’яўляецца важным пунктам на мапе культурных установаў у Польшчы.
Каралеўскі замак у Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Каралеўскі замак у Сандомежы быў пабудаваны на месцы былога абарончага паселішча на высокім узгорку на беразе ракі Вісла. З самага пачатку ён меў характар умацаванай рэзідэнцыі.
Выстава ювелірных вырабаў з паласатага крэменю. Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Калі ў XІІ стагоддзі, паводле завяшчання Баляслава Крывавустага, Сандомеж стаў сталіцай княства, замак пераўтварыўся ў пастаянную рэзідэнцыю князёў. Дастаткова ўспомніць, што тут пражывалі, сярод іншых, Генрых Сандамерскі, Казімір Справядлівы, Лешак Белы, Баляслаў Цнатлівы і Лешак Чорны.
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Калі казаць пра мураваную форму аб’екта, то гэта безумоўна часы Казіміра Вялікага, а значыць з XIV стагоддзе. З таго часу, ажно да канца эпохі Ягелонаў, замак у Сандомежы выконваў ролю важнай рэзідэнцыі, бо і горад знаходзіўся на важным шляху - Кракаў і Вільня, нагадвае дырэктар Музея Каралеўскага замка ў Сандомежы доктар габілітаваны, прафесар Польскай акадэміі навук Мікалай Гетка-Кэніг(Mikołaj Getka-Kenig):
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
- Сандомеж асабліва спадабаўся Уладзіславу Ягайлу, які наведваў рэзідэнцыю, як мінімум, два разы ў год. Пазней яго сын - Казімір IV Ягелончык таксама быў частым госцем у замку. Тут нарадзілася адна з яго дачок - польская прынцэса Барбара Ягелонка, якая пазней выйшла замуж за саксонскага герцага Георга Барадатага. Такім чынам, аказваецца, што польска-саксонскія сувязі адносяцца да пачатку XVI стагоддзя і часоў Ягелонаў. У рамках дзейнасці Музея Каралеўскага замка мы плануем прасоўваць згаданы гістарычны аспект, бо гэта выдатнае поле для супрацоўніцтва з Саксоніяй і тамтэйшымі музейнымі ўстановамі. Замак у Сандомежы выконваў ролю каралеўскай рэзідэнцыяй да канца XVIII стагоддзя. Пазней, у выніку падзення значэння Сандомежа, таксама замак паступова траціў сваю важную ролю.
У гісторыі замка можна вызначыць некалькі прераломных момантаў, якія паўплывалі на яго функцыю і архітэктурную форму. Безумоўна, гэта часы Казіміра Вялікага, то бок узвядзенне мураванай рэзідэнцыі, разбудова ў часы Казіміра Ягелончыка.
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Нельга забываць і пра рэнесансавыя змены ўведзяныя выдатным архітэктарам Бенедыктам з Сандомежа:
- Варта ўспомніць пра рэканструкцыю, якую ажыццявіў Бенедыкт з Сандомежа ў часы Адраджэння. Нагадваю, Бенедыкт з Сандомежа - гэта выдатны архітэктар, будаўнічы; адзін з суаўтараў рэнесанснай рэканструкцыі Каралеўскага замка на Вавелі ў Кракаве. Некалькі гадоў таму на Вавелі адкрыўся вялікі лапідарый, дзе можам паглядзець прыклады знакамітай каменнай кладкі, каменных упрыгажэнняў, аўтарства Бенедыкта з Сандомежа, якія былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. У нас таксама шмат падобных каменных работ Бенедыкта. Дарэчы над уваходам у наш замак па сённяшні дзень можна паглядзець такі дэкор, то бок «арла Жыгімонта» з часоў рэканструкцыі, якая тады адбылася ў замку.
Гэта не канец зменаў, якія чакалі рэзідэнцыю. Пасля чарговых рамонтаў і пашырэнняў комплекса, якія на працягу стагоддзяў праводзілі ягоныя ўладальнікі, а таксама жудасных разбурэнняў, напрыклад, у часы шведскага патопу, прыйшоў час падзелаў Польшчы і… суцэльная змена прызначэння замкавага комплекса.
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Без ніякай пашаны для каралеўскага мінулага, захопнікі пачалі выкарыстоўваць замак у Сандомежы як сядзібу суда, а пазней таксама турму, у якой утрымліваліся, у тым ліку, удзельнікі польскіх паўстанняў. Ролю турмы тутэйшы замак выконваў ажно да 1959 года, нагадвае дырэктар Музея Каралеўскага замка ў Сандомежы:
- 150 гадоў у гісторыі замка, якая складае некалькі сотняў гадоў - гэта важны перыяд і мы не хочам пра яго забываць. Дарэчы цяпер, у рамках еўразвязаўскага праекта «Фенікс», мы таксама плануем падкрэсліваць не толькі каралеўскае, але і турэмнае мінулае замка. Дарэчы, у некаторых замкавых памяшканнях па сённяшні дзень захаваліся гістарычныя надпісы, выразаныя вязнямі. Гэта такі эмацыйны след, доказ турэмнай функцыі замка
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Варта нагадаць, што адным з найбольш рашучых прыхільнікаў закрыцця турмы і аднаўлення першапачатковага прызначэння аб’екта быў вядомы польскі пісьменнік, шматразовы намінант на Нобелеўскую прэмію Яраслаў Івашкевіч.
Kалекцыя сярэбранага посуду, сталовых і туалетных прыбораў. Каралеўскі замак у Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Зараз Каралеўскі замак у Сандомежы – гэта важнае месца на мапе культурных установаў не толькі ў рэгіёне, але і ўсяе Польшчы. Калі гаворка ідзе пра пастаянныя экспазіцыі музей мае чым пахваліцца:
- Тут, па-першае, мы прэзентуем нашу багатую калекцыю еўрапейскага сярэбранага посуду, сталовых і туалетных прыбораў, якую запачаткавала адкрыццё гэтак званага «малахоўскага скарба»(назва ўзялася ад вёскі Малахова ў Свентакшыскім ваяводстве). Гэта вельмі рэпрэзентатыўныя прыклады еўрапейскіх ювелірных вырабаў XVІІІ-XІX стагоддзяў. Мы таксама прэзентуем наш найкаштоўнейшы археалагічны помнік — шахматы з Сандомежа. Гэта найстарэйшы захаваны ў Польшчы набор шахматных фігур з канца XІІ і пачатку XІІІ стагоддзяў. Яны былі знойдзеныя ў 1960-х гадах непадалёк замка, то бок насупраць касцёла Святога Якуба - адной з найстарэйшых дамініканскіх святыняў у Польшчы. Шахматы ад пачатку асацыявалі з Генрыхам Сандамерскім, які браў удзел у крыжовых паходах. Усё ж ніякіх доказаў таго няма. Каштоўнасць нашых шахматаў заключаецца ў тым, што яны былі знойдзеныя тут - у Сандомежы, а гэта доказ кантактаў з Блізкім Усходам. Гэта вельмі каштоўны і таямнічы помнік. Калі гаворка пра археалогію, то ў нас ёсць і вялікая археалагічная выстава, якая паказвае багацце Сандoмежскай зямлі. Дарэчы археолагі асабліва захапляюцца Сандомежам, называюч яго «раем для археолагаў». Археалагічныя работы, якія праводзяцца тут, узбагачаюць нашыя калекцыі. Хоць гэта тычыцца не толькі часоў Сярэднявечча. Напрыклад, некалькі гадоў таму нашую калекцыю папоўніў добра захаваны значок, якія атрымлівалі будаўнікі Палаца культуры і навукі ў Варшаве!. Ён быў знойдзены на адным з палёў ля горада. Таксама два гады таму былі выяўленыя даволі буйныя фрагменты гусарскіх даспехаў. Варта успомніць таксама пра велізарную колькасць манетаў з розных часоў, якія археолагі знаходзяць пры нагодзе раскопак - рымскіх, кельцкіх і блізкаўсходніх, нават персідскіх манетаў. З намі нават звязвалася Пасольствам Ірана, якое вельмі зацікавілася гэтымі знаходкамі.
Шахматы з Сандомежа - Каралеўскі замак у Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы можа пахваліцца таксама багатай карціннай галерэя твораў, перш за ўсё, з XVІІІ–XX стагоддзяў. Тут можна паглядзець карціны такіх выдатных польскіх мастакоў, як: Косак, Базнаньска, Карпіньскі, Віткацы.
Карона з Сандомежа. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Нельга забываць таксама пра адзін з найбольш вядомых гістарычных помнікаў, звязаных з горадам, то бок пра «карону з Сандомежа», копія якой знаходзіцца ў замкавым музеі:
- Карона з Сандомежа - гэта, насамрэч, вельмі загадкавы сімвал улады - магчыма, каралеўскі, але мы дакладна таго не ведаем. Яна была знойдзеная на пачатку XX стагоддзя (незадоўга да пачатку Першай сусветнай вайны), на месцы былога бенедыктынскага клаштара, за Апатоўскай брамай, то бок за гістарычнымі сценамі горада. Знаходка выклікала вялікі рэзананс сярод мясцовага духавенства. Нагадваю, Сандомеж тады быў ужо сталіцай біскупства. Аднак адкрыта пра гэта не гаварылася, бо гэта былі часы падзелаў Польшчы. Карону ад пачатку асацыявалі з Казімірам Вялікім, між іншым, з-за характэрных лілей, якія нагадваюць пахавальную карону Казіміра Вялікага, якая некалькі дзясяткаў гадоў раней была знойдзеная падчас працы пры каралеўскіх магілах у Вавельскай кафедры. У гэтым вузкім царкоўным коле было вырашана, што карону, у сакрэце, вывезуць з тэрыторыі, анексаванай Расійскай імперыяй, у Кракаў. Карона была змешчаная у Кракаўскім кафедральным саборы і з гэтага часу яе можна паглядзець у Кафедральным музеі ў Кракаве.
Дырэктар Музея Каралеўскага замка ў Сандомежы Мікалай Гетка-Кэніг. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Дырэктар Музея Каралеўскага замка ў Сандомежы доктар габілітаваны, прафесар Польскай акадэміі навук Мікалай Гетка-Кэніг(Mikołaj Getka-Kenig), нагадвае, што сярод гісторыкаў дагэтуль працягваюцца дыскусіі наконт таго, ці сапраўды з'яўляецца сандомежская карона каралеўскай. Па сённяшні дзень справа застаецца не вырашанай.
Анна Задрожна
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Музей Каралеўскага замка ў Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net