Беларуская Служба

Маладая беларуская спявачка Юстына Карпіловіч выдала новы альбом пад назвай «Letapis»

10.09.2025 12:08
У альбоме гучаць песні на вершы Анхелы Эспіноса Руіс, Таццяны Сапач, Антаніны Хатэнка і паэта пад псеўданімам Тадэвуш Карась.
Аўдыё
  • Маладая беларуская спявачка Юстына Карпіловіч выдала новы альбом пад назвай «Letapis»

. 

«Ідэя прыйшла мінулым летам, калі мая маці задала вельмі лагічнае, але даволі неадназначнае пытанне: а чаму б нам не запісаць новы альбом? Мой першы досвед быў зусім іншы і я не ведала, якім чынам магу ўзяцца за новую працу. Але ўзялася і – праз памылкі і слёзы, радасць і сяброўства, любоў і цярпенне – дабралася да гэтага моманту, – піша Юстына на сваёй старонцы ў Інстаграме. – Альбому не было б без маіх музыкаў: маёй мамы Таццяны, якая выканала партыі баяна; майго брата Геральда, які вельмі шмат зрабіў (калімба, барабан, флейта, спеў і не толькі) і маіх сяброў, якія былі не толькі працавітымі калегамі, але і падтрымкай – @nixkruk – скрыпка, @swiechowiczkrzysztof – піяніна».

Пра мэту альбома Юстына Карпіловіч распавядае так:

«Мая мэта гучала так: аб’яднаць паміж сабой розныя матывы і кантрасты, якія ёсць у нашым жыцці і разам з тым даць слухачам магчымасць самім выбіраць – што з гэтага ўзяць да сваёй душы. Унутры вы знойдзеце шмат – ад кахання да нянавісці, ад смерці да жыцця, ад няволі да свабоды, ад страху да смеласці, ад адчаю да шчасця. І цяпер – я запрашаю вас у падарожжа да закуткоў вашага ўласнага сэрца і спадзяюся, што хаця б адна нота вам адгукнецца і хаця б адзін адказ на самыя балючыя пытанні будзе нарэшце знойдзены», – запрашае да праслухоўвання спявачка.

За вокладку адказвала цэлая таленавітая каманда: Ліхі, Карась і Анфіса @anfislaap. arts

Гукарэжысёры: Ігар @ihar_soundman і Павел Сініла @pavel_sinila.

Альбом пабачыў свет дзякуючы падтрымцы Клуба беларускіх мецэнатаў.

Альбом можна слухаць на YouTubeSpotifi можна па спасылцы.

Будзьма/ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры