Беларуская Служба

Амбасадар Шарэпка пра сваю кнігу: Беларусам можа быць цікава, як нехта збоку ўспрымае іх рэальнасць і ацэньвае яе

17.10.2025 06:14
Рэкамендуем вашай увазе кнігу былога пасла Польшчы ў Беларусі Лешака Шарепкі «Беларускі снайпер». Мы пагутарылі з аўтарам пра гэты крымінальны раман.
Аўдыё
  • Беларусам можа быць цікава, як нехта збоку ўспрымае іх рэальнасць і ацэньвае яе
«Беларускі снайпер» Лешака ШарэпкіБеларуская служба Польскага радыё/Я. Смялоўская

Ваша кніга «Беларускі снайпер» была апублікавана па-польску ў 2021 годзе. Нядаўна выйшаў пераклад і на беларускую мову. Ваша дыпламатычная місія ў Беларусі завяршылася ў 2015 годзе, відавочна, вам патрэбны быў час на тое, каб сюжэт наспеў. Раней вы напісалі «Абліччы Беларусі». У мяне склалася ўражанне, што тая першая кніга была падрыхтоўкай, зборам і сістэматызацыяй інфармацыі для напісання «Беларускага снайпера». Гэтая кніга чытаецца як крымінальны раман, але ў той жа час дзеянне адбываецца ў рэальных жыццёвых сітуацыях. Якую мэту вы вызначылі, пішучы менавіта гэтую кнігу: «Беларускі снайпер»?

Лешак Шарэпка: Па адукацыі я гісторык, гісторык абапіраецца на крыніцы, на факты. Аднак, калі пішу пра сучаснасць, цяжка атрымаць  факты і дакументы. Знаходзячыся ў Мінску, я пастаянна чуў пра пэўныя рэчы, звязаныя з дзейнасцю «Эскадрону смерці», і вырашыў, што варта паказаць сутнасць рэжыму Лукашэнкі, як ён функцыянуе і як ён сапраўды ні перад чым не спыняецца, каб утрымаць уладу. Я таксама працаваў у Расіі, працаваў у Кіеве і напісаў тры кнігі, якія можна назваць палітычнымі трылерамі. Адна з іх пра Украіну, «Украінскі гамбіт», апісанне падзей, звязаных з Рэвалюцыяй годнасці. Я таксама напісаў кнігу пад назвай «Аперацыя Тухола». Я вырашыў заняцца такой формай мастацкага самавыяўлення, таму што яна развязвае мне рукі. Форма крымінальнага рамана дазваляе мне абапірацца на свой вопыт: дыпламатычны, палітычны, гістарычны і ўласныя веды, але яна не абмяжоўвае мяне неабходнасцю цытаваць дакументы або спасылацца на падзеі, якія потым можна праверыць ці задакументаваць. Яшчэ такі фармат дазваляе мне ахапіць шырэйшую аўдыторыю, бо акадэмічныя кнігі не вельмі папулярныя. У цяперашні час кнігі ў цэлым не папулярныя, асабліва навуковыя. Ідэя заключалася ў тым, каб паказаць маладым пакаленням сітуацыю ў краіне за ўсходняй мяжой Польшчы ў форме, якая была б для іх больш прымальнай. Адсюль і выкарыстанне такога тыпу літаратуры.

У кнізе «Беларускі снайпер» вы выкарыстоўваеце альбо сапраўдныя імёны, альбо злёгку змененыя, але арыгінальных персанажаў вельмі лёгка пазнаць. Аляксандр Лукавы — гэта, несумненна, Аляксандр Лукашэнка, Павел Шэрэт — тут выдалены толькі адзін склад яго сапраўднага імя, і іншыя персанажы, якіх чытач лёгка ідэнтыфікуе, напрыклад, Віктар Дайман, чый арыгінал, як мяркую, Віктар Шэйман. Чаму вы вырашылі быць такім літаральным?

Лешак Шарэпка: Я вельмі рады, што чытач можа здагадацца, хто ёсць хто, але я не хацеў бы ўдавацца ў падрабязнасці. Я стараўся пісаць так, каб тыя, хто чытае, не мелі вялікіх праблем з ідэнтыфікацыяй пэўных людзей. 

Ці хацелі б вы, каб кнігу чыталі палякі, ці, хутчэй, беларусы?

Лешак Шарэпка: Я напісаў кнігу па-польску і хацеў бы, каб яе чыталі палякі, але потым я паспрабаваў знайсці магчымасці выдаць яе па-беларуску, бо я перакананы, што нават людзі з Беларусі, якія вельмі добра ведаюць польскую мову, часта маюць пэўную непрыязнасць да чытання кніг па-польску або не цалкам разумеюць, што там напісана. З аднаго боку, гэта ў пэўнай ступені літаратурная мова, а з другога — шмат розных фраз, якія не ўсе могуць зразумець. Таму я паспрабаваў выдаць кнігу і па-беларуску. Думаю, беларусам можа быць цікава, як нехта збоку, які, вядома, быў там, але з'яўляецца староннім, успрымае іх рэальнасць і ацэньвае яе. І гэта таксама была мэтай дадзенай кнігі -  паказаць, як я бачу рэжым, які дзейнічае ў Беларусі.

Давайце пагаворым пра сюжэт кнігі «Беларускі снайпер». У ёй некалькі галоўных герояў, але адна з тэм тычыцца таго, як прэзідэнт Аляксандр Лукавы прыйшоў да ўлады і як ён утрымлівае яе, цынічна эксплуатуючы сваіх бліжэйшых і адданых паплечнікаў,  і маніпулюючы імі.

Лешак Шарэпка: Я прыхільнік гэтага і веру, што праўда заўсёды пераможа. Праўда павінна прымушаць людзей успрымаць рэальнасць такой, якая яна ёсць, што можа прымусіць іх рабіць пэўныя дзеянні і паразважаць. Мы зараз жывём у перыяд постпраўды, людзі часта маніпулююць рознымі відамі інфармацыі, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Такая сітуацыя, такі свет, у якім мы жывём, таму я лічу, што прадстаўленне праўды, вядома, — гэта мая праўда, мая версія, таму што ў кожнага свая праўда, але я стараўся быць максімальна верным таму, што там адбывалася. Я стараўся абгрунтаваць падзеі тым, што я бачыў, чуў, што мне расказвалі, і я думаю, што праўда можа прымусіць некаторых людзей успрымаць рэальнасць крыху інакш.

Адначасова вы паказваеце і сацыяльныя пласты Беларусі. Асновай кнігі з'яўляецца гісторыя маладой дзяўчыны Вікі, якая страціла ўсё, бо адмовілася стаць наложніцай прэзідэнта. Ці была гэтая гісторыя наўмысна абраная, каб паказаць механізмы запалохвання грамадзян у Беларусі?

Лешак Шарэпка: Ведаеце, трэба было нешта напісаць, прыдумаць, нейкую гісторыю (смяецца). Безумоўна, прымусіла задумацца той факт, што цяперашні кіраўнік Беларусі даволі часта з'яўляецца на публіцы з вельмі маладымі, прыгожымі жанчынамі. Гэта палегчыла мне выбар дыскурсу. І я думаю, што гэта быў добры выбар, які паказвае пэўныя, так бы мовіць, адхіленні ад нормы, якія мы назіраем. Напрыклад, цяперашні прэзідэнт Беларусі шмат гадоў хаваў той факт, што ў яго ёсць пазашлюбны сын. Дагэтуль афіцыйна невядома, хто маці гэтага сына. Мы ўсе здагадваемся, хто гэта, але дадзены факт ніколі не быў афіцыйна пацверджаны. Гэта само па сабе вельмі дзіўна, бо звычайна няма праблем з ідэнтыфікацыяй маці, але цяжэй вызначыць бацьку. Мы ведаем, як цяперашні прэзідэнт Беларусі ставіўся да сваёй жонкі. Гэтая тэма прыйшла мне ў галаву сама сабой, яна мне падалася вельмі цікавай. Я думаю, што яна таксама добра падабраная з пункту гледжання цікавасці чытача. У мяне склалася ўражанне, што гэта можа быць адносна запамінальная тэма і не занадта далёкая ад рэальнасці.

Алег, хлопец Вікі, каб дапамагчы сваёй дзяўчыне, робіць тое, што супярэчыць яго працы. Ён супрацоўнік беларускіх спецслужбаў. Ён снайпер. Ці маюць гэтыя персанажы рэальныя ўзоры?

Лешак Шарэпка: Гэта ўжо licentia poetica  - творчая свабода. У мяне не было магчымасці пасябраваць ці пагаварыць з людзьмі, якія асабіста ахоўвалі Аляксандра Рыгоравіча. Гэта ўжо мастацкая фантазія, выдуманы элемент абсталяваны ў рэальнасці. Як вы маглі заўважыць, гісторыя кахання мае шмат агульнага з гісторыяй рамантычнага кахання «Рамэа і Джульета». Тут таксама людзі з варожых сацыяльных слаёў, якія пазней разам змагаюцца супраць акружаючай рэальнасці, спрабуючы абараніць сваё каханне. Такім чынам, я думаю, уважлівы чытач можа вынесці з гэтай кнігі шмат цікавых разважанняў. Гэта таксама дасць яму крыху іншы погляд на тое, што адбываецца ў сённяшняй Беларусі.

«Беларускі снайпер» заканчваецца шчасліва для галоўных герояў, але трагічна для журналіста, Паўла Шэрэта, які ім дапамагаў. Чаму вы абралі менавіта такі кульмінацыйны момант?

Лешак Шарэпка: Дадзеная кніга прысвечана «абаронцам праўды», так па-польску гэта называецца. Па-беларуску мы расшыфравалі больш канкрэтна: кніжка прысвячаецца памяці журналістаў, якія змагаюцца за праўду ў Беларусі, прысвечана тым, хто расследуе пэўныя справы, непрыемныя для рэжыму Лукашэнкі. Дарэчы, я яшчэ не сказаў свайго апошняга слова. Думаю, было б цікава таксама апісаць падзеі, якія адбыліся ў 2020 годзе вакол так званай Беларускай рэвалюцыі, і, магчыма, такім будзе працяг гэтай кнігі.

Спадар пасол, вялікі вам дзякуй за размову.

Лешак Шарэпка: Вялікі дзякуй за тое, што вы схацелі прачытаць кнігу, падумаць пра яе і задаць мне некаторыя пытанні.

Гутарыла Яланта Смялоўская

Кніга «Беларускі снайпер» надоечы выйшла на беларускай мове ў выдавецтве Kamunikat.org. Пераклад на беларускую зрабіў Алесь Плотка.