Беларуская Служба

Няма меседжу ў вакууме, - лічыць мастак-дызайнер Ігар Юхневіч, пераможца прэміі імя Міхала Анемпадыстава

29.10.2025 13:45
Як ствараліся вокладка і дызайн кнігі, за якія была прысуджана ўзнагарода.
Аўдыё
  • Гутарка з Ігарам Юхневічам.
:
Фота: Яраслаў Іванюк/БСПР.

Як усё ўзаемазвязана ў свеце беларусаў! Аб гэтым можа сведчыць тое, што наш журналіст Яраслаў Іванюк з пераможцам прэміі імя Міхала Анемпадыстава, вынікі якой былі абвешчаныя ў Бельску Падляскім на Беласточчыне падчас «Бардаўскай восені», сустрэўся ў Празе на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

Гэтую прэмію атрымалі разам Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку да кнігі «Мое баба — діректор морга», аўтаркай якой з’яўляецца Голя з Ополя. Ігар, атрымаўшы гэтую інфармацыю, вядома ж, вельмі ўзрадаваўся і распавёў пра тое, як ствараліся вокладка і дызайн кнігі.


Ігар Юхневіч (злева) падчас фестывалю ў Празе. Ігар Юхневіч (злева) падчас фестывалю ў Празе.

Ігар Юхневіч: Лёс гэтага выдання досыць складаны ў тым сэнсе, што аўтарка кнігі – гэта Голя з Аполя і гэта была цалкам яе ініцыятыва, яе праект, і яна адважылася запрасіць нас з маёй су­аўтаркай па вокладцы, Машай Мароз, разам да працы над гэтай кнігай. Мая роля была ў тым, каб быць дызайнерам макета. Я яшчэ дапамагаў аўтарцы крыху зразумець, у якім выглядзе лепш апублікаваць тэкст. А роляй Машы была зрабіць адмысловыя ілюстрацыі. У кнігу таксама ўключылі маленькую фота секцыю са здымкамі з Палесся ад Машы.

Калі вярнуцца да вокладкі, то гэта такі сучасны градыент, шматкаляровы, які нагадвае нам традыцыйную посцілку, і таму мы вырашылі папрацаваць менавіта з гэтым вобразам. Акрамя таго, кніга зроблена на дзвюх мовах — палескай і англійскай, з перакладам, каб яна была больш даступная людзям з розных культур.

Для вокладкі гэта значыла, што я прыдумаў зрабіць кнігу, якая «пераварочваецца». То бок, можна пачынаць чытаць з аднаго боку — на палескай мове, а калі перавярнуць, — з другога боку ўжо будзе англійская версія. Адпаведна, вокладкі таксама з двух бакоў — з вялікімі загалоўкамі на адпаведных мовах.

Што да гэтай ідэі «перавароту», мы зразумелі, што яна вельмі нам падабаецца, бо ў кнізе ёсць тэма пахавання, смерці, пераходу з аднаго свету ў іншы. І такім чынам атрымалася зрабіць метафару гэтага пераходу — нібыта ты пераварочваеш кнігу і трапляеш у іншую прастору.

Хоць узнагарода даецца за вокладку, у гэтай кнігі вельмі цікавы і інтэр’ер. Акрамя макета, там ёсць ілюстрацыі, якія стаяць паміж часткамі тэксту. Маша зрабіла ілюстрацыі, і каляровая схема ў дзвюх моўных версіях інвертуецца: тое, што ў адной версіі, напрыклад, чырвонае, у другой — зялёнае. Мы палічылі, што гэта добра адпавядае вобразу пераходу ў іншы свет.

— Вы кажаце, што гэта матыў з традыцыйнай посцілкі або спадніцы палескай. Лічу, гэта таксама можна так чытаць. Праўда, вокладка вельмі каляровая, але ў той жа час даволі мінімалістычная.

— Так, абсалютна. Гэта сапраўдны мінімалізм. У самой папяровай вокладкі ёсць яшчэ фактура — такая льняная, якая таксама нагадвае тэкстыль. Таму гэты градыент добра працуе, асабліва ў спалучэнні з эфектам перавароту.

— І цяпер пра гэты шрыфт.

— Гэта шрыфт, насамрэч, для тэрмадруку — этыкетак у крамах. Вы можаце бачыць яго на чэках, калі нешта купляеце на вагу. Гэтыя тэрмакасы друкуюць не фарбай, а цяплом — тэхналогія, падобная да факса. Вось гэты шрыфт зроблены якраз па матывах такой тэхналогіі.

— Таксама мінімалізм.

— Так. Я вырашыў, што ён пасуе да гэтага канцэпту, таму што мае сваю характэрную пластыку. Гэта адваротны кантраст паміж гарызантальнымі і вертыкальнымі штрыхамі. Звычайна ў шрыфце вертыкалі тоўшчы, а тут — наадварот. Гэта нагадвае пластыку тэкстылю, арнаментаў, сімвалаў. Гэта адначасова і кантраст, бо я ўзяў шрыфт з іншай тэхналогіі, але ён арганічна «змэтчыўся» з канцэптам. Мне гэта вельмі спадабалася, я паказаў аўтарцы — усім таксама спадабалася, і мы вырашылі яго пакінуць.

Размаўляў Яраслаў Іванюк