Беларуская Служба

Мастачка Анастасія Камарова: Гэтым разам застанецца ўжо назаўжды

26.02.2026 14:59
У варшаўскай галерэі «Totuart» адкрылася выстава маладой беларускай мастачкі Анастасіі Камаровай пад назвай «Гэтым разам застанецца ўжо назаўжды».
Аўдыё
  • Беларускі вернісаж у Варшаве
   Totuart
У варшаўскай галерэі Totuart адкрылася выстава маладой беларускай мастачкі Анастасіі Камаровай Polskie Radio dla Zagranicy/Uładzimir Zuyeu

На выставе прадстаўленыя працы пра ўнутраныя ландшафты – тыя, якія не маюць канкрэтных межаў або назваў, але існуюць як набор эмоцый, успамінаў і адчуванняў.

Пра тонкія імпульсы, што з'яўляюцца нечакана і ціха, і вядуць нас да таго, што схавана пад паверхняй штодзённасці, і пра смеласць, каб прыпыніць спешку і дазволіць сабе быць уважлівым, распавяла куратар выставы Эва Кавалько. Творы Анастасіі – гэта запрашэнне сустрэцца з сабой у прасторы маўчання, выяваў і інтутыцыі.

— Мы хочам, каб вы маглі адчуць і адкрыць для сябе розныя віды мастацтва, якіх у нас тут вельмі шмат – а калі спатрэбіцца, мы прадставім яшчэ больш. Мы будзем імкнуцца падбіраць мастацтва да вашых інтэр’ераў – як жылых, так і вашых унутраных, асабістых прастораў – каб мастацтва сапраўды прысутнічала ў вашым жыцці. Бо, думаю, мы ўсе пагодзімся: мастацтва важнае. І менавіта таму вы сёння тут. Запрашаю вас да размоў, да знаёмства. Давайце будаваць разам прыемную і адкрытую супольнасць вакол мастацтва.

Анастасія Камарова нарадзілася ў 1999 годзе ў Брэасце ўБеларусі. Яна скончыла магістратуру па спецыяльнасці «Архітэктура інтэрʼераў» на Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Працы Анастасіі экспанаваліся на розных выставах, сярод якіх – выставы ў Лазенках Каралеўскіх у Варшаве і ў Бангкоку (Таіланд). Яе апошняя індывідуальная выстава пад назвай «Ten spokój pamiętam inaczej» праходзіла ў галерэі Widok 22 у Варшаве ў чэрвені 2025 года.

У сваёй творчасці Анастасія канцэнтруецца на гульні святла і яго ўплыве на колер, ствараючы кампазіцыі, напоўненыя тонкімі кантрастамі. Яе палотны – гэта вынік даследавання памяці як жывога і знікаючага працэсу, схільнага скажэнням і рэканструкцыям.

— Мне хацелася сказаць пра пачуццё спакою, якога я вельмі доўга шукала. Калі я распавядала пра гэтую выставу, зразумела, што часта звязвала гэтае пачуццё з пэўнымі месцамі або людзьмі. Але з цягам часу высвятлялася, што таго спакою там насамрэч няма – што я яго нібыта прыдумала. Мая памяць дзейнічала так, што адсоўвала негатыўныя ўспаміны і пакідала толькі пазітыўныя, ствараючы своеасаблівую зону камфорту. А калі я фізічна вярталася ў гэтыя месцы, узнікала расчараванне – бо аказвалася, што таго спакою там няма, што ён існаваў толькі ў маёй галаве. І ў нейкі момант я зразумела: трэба перастаць шукаць спакой звонку. Яго трэба знайсці ў сабе – і проста насіць з сабой. Менавіта пра гэта і назва – «Гэтым разам застанецца ўжо назаўжды». Пра спакой, які больш не залежыць ад абставін, людзей ці месцаў. Але я свядома не называла яго наўпрост – бо хацела, каб кожны глядач змог інтэрпрэтаваць гэтыя словы па-свойму і пакінуць у іх нешта асабістае.
Выстава распавядае пра працэс унутранага слухання – пра ціхае, часта незаўважнае ўнутранае разважанне, якое суправаджае нас у паўсядзённым жыцці, але рэдка знаходзіць прастору для поўнага гучання.

Госці вернісажу, сярод якіх пераважала моладзь, з цікавасцю знаёміліся з творамі Анастасіі Камаровай. Кожны мог вызначыць свае прадстаўленне аб мастацкіх вобразах.

Выстава стала запрашэннем павольна ісці і глядзець на ўласную дарогу здалёк, на дробныя жыццёвыя вопыты, якія паступова складаюцца ў асабістую карту сэнсу. Кожны наведвальнік мог у гэтых творах знайсці сваю гісторыю.

Адна з наведвальніц – Ангеліна адзначыла, што філасофія карцін Анастасіі найперш заключаецца ў глыбокай эмпатыі і ўважлівым стаўленні да жывой істоты.

— Я з вялікай цікавасцю прыйшла на гэтую выставу, бо мастацтва для мяне – гэта магчымасць адчуць нешта глыбейшае, чым проста візуальнае ўражанне. Выстава пакінула вельмі прыемнае і цёплае ўражанне. Асабліва ўразіла разнастайнасць работ і тое, як яны ўзаемадзейнічаюць з прасторай. Адчуваецца, што ўсё прадумана і зроблена з душой. Некаторыя творы сапраўды прымушаюць спыніцца і задумацца, а іншыя – проста атрымліваць асалоду ад колеру, формы і настрою. У цэлым, я вельмі радая, што наведала гэтую выставу, і з задавальненнем паразмаўляла пра яе з іншымі гасцямі.

Выстава пад назвай «Гэтым разам застанецца ўжо назаўжды» будзе працаваць у галерэі «Totuart» да 23 сакавіка. 

уз