Зборнікі вершаў Алеся Аркуша «Не думаць пра сон і паразы» і Янкі Лайкова «Песні збянтэжаных рэк» распачалі паэтычную серыю «Брукаванка». Гэта невялікія паэтычныя зборнікі кішэннага фармату, якія можна ўзяць у дарогу, пакласці ў кішэню і паехаць кудысьці, гаворыць беларускі пісьменнік, журналіст, літаратурны крытык і заснавальнік серыі Алесь Аркуш. «Брукаванка» падобная на серыю «Паэты планеты», у якой выходзяць выбраныя кнігі паасобных аўтараў, кажа ён.
Паводле Аркуша, паэзія апынулася ў вельмі няпростай сітуацыі, бо ў Беларусі шмат паэтаў і пісьменнікаў трапілі ў негалосныя спісы – яны не могуць друкавацца ў перыёдыцы, а тым больш выдаваць кнігі.
«А тыя выдавецтвы, якія заснаваныя ў эміграцыі, таксама існуюць у складанай эканамічнай сітуацыі. Для іх выдаваць паэзію – гэта проста стратныя кнігі. І гэта ўжо сур’ёзная праблема», – зазначае ініцыятар «Брукаванкі».
«Таму ў гэтай сітуацыі я вырашыў, што прыйшоў час падвесці пэўны вынік паэтычнага шляху беларускай літаратуры, напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. Бо 1990-я гады былі вельмі цікавымі. Я лічу, што гэта былі «залатыя гады» беларускай літаратуры, бо гэта быў перыяд разняволення», – кажа Алесь Аркуш.
размова цалкам – слухайце аўдыёфайл
З Алесем Аркушам размаўляў Яраслаў Іванюк