Беларуская Служба

Памерла выдатная актрыса Станіслава Цаліньска. «Дзікая Сташка» — так жартаўліва яна называла сама сябе

13.05.2026 11:30
«Добра памятаць свае карані. Інакш ты ніколі нічога не дасягнеш; будзеш проста пераймаць рысы кагосьці іншага», — гаварыла актрыса.
    25  2022      .    12  2026    79 .
На архіўным фота ад 25 лістапада 2022 года актрыса і спявачка Станіслава Цаліньска. Станіслава Цаліньска памерла 12 траўня 2026 года ва ўзросце 79 гадоў.PAP/Marcin Obara

Ва ўзросце 79 гадоў сышла з жыцця выдатная польская актрыса Станіслава Цаліньска(Stanisława Celińska).

«Дзяўчына з варшаўскай Прагі» або «Дзікая Сташка» — як яна жартаўліва называла сама сябе, — нарадзілася ў Варшаве ў 1947 годзе. З дзяцінства любіла выступаць у школьных і касцельных пастаноўках. Актрысай вырашыла стаць ва ўзросце дванаццаці гадоў. Свой першы вопыт атрымала на тэатральных занятках у Варшаве, развіваючы талент пад кіраўніцтвам вядомых настаўнікаў і выкладчыкаў.

Дзяўчына з варшаўскай Прагі

— Я дзяўчына з Прагі, я дзяўчына са сталі! Можа, калісьці я такой не была, але сёння я ёсць такой. Я загартавалася. Добра памятаць свае карані. Інакш ты ніколі нічога не дасягнеш; будзеш проста пераймаць рысы кагосьці іншага. Варта быць кімсьці ўнікальным. Унікальным Сабой, — цытуе словы актрысы выданне «Rzeczpospolita».

Яшчэ студэнткай яна выступала ў сатырычным тэатры, дзе хутка прыцягнула ўвагу сваёй сцэнічнай харызмай і адметным голасам. Гадамі была звязаная з найважнейшымі тэатрамі Варшавы, у тым ліку з Сучасным і Драматычным, а таксама з Тэатрам «Студыя». Яна таксама выступала ў тэлевізійным і радыётэатры. Асаблівае прызнанне атрымала за ролі ў п'есах Кшыштафа Варлікоўскага.

На экране Станіслава Цаліньска дэбютавала ў фільме Анджэя Вайды «Пейзаж пасля бітвы». У наступныя гады здымалася як у амбіцыйных фільмах, так і ў папулярных пастаноўках, супрацоўнічаючы з такімі рэжысёрамі, як Кшыштаф Занусі, Ежы Анчак і Станіслаў Барэя. Многія гледачы памятаюць яе ролі ў фільмах «Ночы і дні», «Альтэрнатывы 4» і тэлесерыяле «Мамушкі». За ролю ў фільме Фелікса Фалька «Яанна» яна атрымала прэмію «Арол» за найлепшую жаночую ролю другога плана.

Яе захапляў спеў

Музычны шлях Станіславы Цаліньскай пачаўся вельмі рана — яшчэ падлеткам яна запісала свае першыя песні і выступала на радыё і тэлебачанні. Яе папулярнасць прыйшла пасля трыўмфу на Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі «Дэбюты» ў 1969 годзе, дзе яна парадавала публіку песняй «Падобныя на птушкі» (поль. «Ptakom podobni»).

Яна шмат разоў выступала на фестывалях сцэнічнай і паэтычнай песні. Яе смелае выкананне кароткай песні «Усміхайся! Заўтра будзе лепш!» увайшло ў гісторыю музыкі. Яе альбомы, у тым ліку «Nowa Warszawa», «Atramentowa...» і ўзнагароджаны прэміяй «Фрыдэрык» альбом «Malinowa», карысталіся велізарнай папулярнасцю. Станіслава Цаліньска рэгулярна выступала на фестывалях песні, застаючыся адной з самых вядомых фігур польскай паэтычнай і сцэнічнай песні. З часам яна адмовілася ад акцёрскай карʼеры дзеля спеву.

— Я пазнала сябе і палюбіла сябе. Таму цяпер я проста хачу быць сабой. Я стамілася эксперыментаваць і выстаўляць сябе напаказ. Мне больш не трэба бясконца даследаваць сябе. (...) Я дастаткова дарослая, не ведаю, колькі ў мяне гадоў жыцця засталося, але я хачу пражыць іх шчасліва, чаго я не магу дасягнуць, «уціскаючы» ў сябе няшчасных персанажаў, — тлумачыла свой выбар Станіслава Цаліньска, словы якой успамінае «Rzeczpospolita».

 

аз