Метэк (Мечыслаў) Шчэсьняк (Mietek Szcześniak) — вакаліст, кампазітар і аўтар песень, які цікавіўся музыкай з самага ранняга ўзросту. У дзяцінстве ён спяваў у царкоўным хоры, а калі яму было шэсць гадоў, далучыўся да гурта Ikary. Трэба сказаць, што музыкант — даволі сціплы чалавек, калі разглядаць яго характар у катэгорыях прадстаўнікоў шоў-бізнесу, дзе неабходна актыўна прасоўваць сваю асобу. Тым не менш, нават не шукаючы славы, Метэк яе знаходзіць. А таксама атрымлівае прафесійнае прызнанне — ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі «Янтарны салавей», трохразовым лаўрэатам прэміі «Фрыдэрык», прадстаўляў Польшчу на 44-м конкурсе песні «Еўрабачанне».
Метэк Шчэсьняк нарадзіўся ў ліпені 1964 года, вучыўся ў Акадэміі музыкі ў Катавіцах. Вывучаў джазавае вакальнае выкананне і атрымаў у ВНУ ступень магістра мастацтваў. Варта адзначыць, што артыст пазней стаў выкладчыкам у акадэміі. Музыка грала ў яго сэрцы з дзяцінства. Метэк Шчэсьняк спяваў у гурце Funk Factory, выступаў на 22-м Нацыянальным фестывалі польскай песні ў Аполі, дзе выйграў Гран-пры імя Анны Янтар. Акрамя сольнай кар’еры, музыкант супрацоўнічаў з такімі артыстамі, як Анна Юркштовіч, Майка Ежоўска, Kayah, Анна Марыя Ёпэк, Лора Шафран, Эдыта Гурняк і Наталля Кукульска.
Метэк Шчэсьняк вельмі старанна ахоўвае сваё асабістае жыццё, таму практычна няма канкрэтнай інфармацыі пра яго сям’ю, ці ў яго ёсць жонка або дзеці.
Музыкант напісаў шмат песень, а самай папулярнай, несумненна, з’яўляецца «Dumka na dwa serca» («Думка для двух сэрцаў»), якую ён запісаў разам з Эдытай Гурняк у 1998 годзе. Кампазіцыя гучала ў кінафільме «Агнём і мячом». Калісьці мы разбіралі яе ў Музычным уроку польскай мовы, а на гэты раз я прапаную вашай увазе песню ў выкананні Метэка Шчэсьняка, якая называецца «O niebo lepiej» («Нашмат лепш»).
Kochaj tak, jakby cię nigdy nikt nie zranił,
A tańcz tak, jakby nikt nie patrzył.
Śmiej się tak, jak tylko dzieci śmieją się.
Żyj tak, jakby tu było niebo.
Na ziemi jest o niebo lepiej,
I każdy cud zwykły jest
Codziennie zdarza się.
Na ziemi jest o niebo lepiej,
Dziękować nigdy nie przestanę,
Że życie jest
Dobrze, że jesteś.
Nie jest tak, że niepotrzebnie tutaj jesteś — (nie, nie,)
Nie jest tak, że to nieważne jaki. — (nie jest, nie jest, nie, nie, nie.)
Dobrze wiem — nieprzypadkowo dziś to słyszysz — (uuu)
Dobrze wiem — nigdy nie było tu takiego jak ty! — (ha aaa)
Będą chwile zwątpień — jak cień
W cieniu tym wypocznij i wiedz, że ta niepewność
Może dobra być, jak chleb…
Jeśli o tym wiesz…
Кахай так, быццам табе ніколі не рабілі балюча. Танцуй, быццам ніхто не глядзіць. Смейся, як смяюцца толькі дзеці. Жыві так, быццам гэта рай. На зямлі нашмат лепш, і кожны цуд — звычайны, здараецца кожны дзень. На зямлі нашмат лепш. Я ніколі не перастану дзякаваць за жыццё. Добра, што ты тут.
Няпраўда, што ты тут не патрэбны — не, не. Няпраўда, каб не было розніцы, які ты — не, не… Я добра гэта ведаю — і не выпадкова ты сёння гэта чуеш — ніколі не было нікога, падобнага да цябе.
Будуць хвіліны сумненняў — як цень. У ценю гэтым адпачні і ведай, што гэтая нявызначанасць можа быць добрай, як хлеб… Калі ты пра гэта ведаеш… На зямлі нашмат лепш… Добра, што ты тут…
Вось такая жыццесцвярджальная песня ў выкананні Метэка Шчэсьняка. Дарэчы, і тэкст, і музыку кампазіцыі напісаў сам выканаўца. А пачну разгляд тэксту ад загалоўка.
O niebo lepiej — гэта фразеалагізм, які даслоўна не перакладаецца. Гэта значыць «намнога лепш або нашмат, значна лепш». Тут, канешне, гульня слоў. Niebo — гэта па-польску не толькі неба, але таксама месца, куды трапляе добры чалавек пасля смерці (па-беларуску пра гэта месца гавораць «рай»). Напрыклад: po śmierci ona na pewno trafiła do nieba — пасля смерці яна напэўна трапіла ў рай.
Выраз «рай» таксама ёсць у польскай мове, але ён хутчэй адносіцца да таго месца, адкуль Бог выгнаў Адама і Еву.
Adam i Ewa zostali wygnani z raju — Адам і Ева былі выгнаныя з раю. Праўда, можна і па-польску сказаць
Po śmierci trafił do raju — пасля смерці ён трапіў у рай. Таксама правільна, але гэта больш падкрэслівае стан шчасця, чым само «месца», куды трапіла душа чалавека.
W cieniu tym wypocznij — у гэтым ценю адпачні. Дзеяслоў, звязаны з адпачынкам, можа мець у польскай мове некалькі форм і прыставак. Можна odpoczywać, wypoczywać, spocząć. Odpocząć — гэта зрабіць перапынак, адпачыць. Odpocznę po pracy — я адпачну пасля працы.
Wypocząć — больш глыбокае значэнне — вярнуць сабе сілы дзякуючы адпачынку. Напрыклад: na urlopie dobrze wypocząłem — У водпуску я добра адпачыў.
Spocząć — гэта значыць «легчы, сесці, заставацца ў адным месцы», але таксама «быць пахаваным» (spoczywa na cmentarzu — ляжыць на могілках).
Ёсць таксама ваенная каманда «Spocznij!» — па-беларуску «Вольна!».
нг