Беларуская Служба

Больш, чым музей: чаму ў POLIN варта прыйсці ўсёй сям'ёй

20.06.2026 08:12
Для беларусаў гэта асабліва важна: на музейных мапах можна знайсці Гродна, Брэст, Пінск, Наваградак і дзясяткі іншых мясцін, дзе габрэйскія супольнасці стагоддзямі былі часткай мясцовага жыцця.
    POLIN
Музей гісторыі польскі яўрэяў POLINфота: fot. W. Kryński / Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN

Пра Халакост ведаюць многія. Але значна радзей мы задумваемся над тым, што яму папярэднічала: амаль тысячагадовае жыццё габрэяў на землях былой Рэчы Паспалітай. Гэта гісторыя не толькі пра пераслед і трагедыі. Яна пра штодзённасць і святы, кнігі і музыку, кірмашы і школы, пра суседства народаў, якія разам фармавалі культурны ландшафт нашага рэгіёну.

Менавіта такую перспектыву прапануе Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве — адна з самых вядомых адукацыйных і музейных устаноў у Еўропе. Ягоная пастаянная экспазіцыя распавядае пра дзесяць стагоддзяў габрэйскай прысутнасці на польскіх землях, не абмяжоўваючыся толькі гісторыяй знішчэння. Для беларусаў гэта асабліва важна: на музейных мапах можна знайсці Гродна, Брэст, Пінск, Наваградак і дзясяткі іншых мясцін, дзе габрэйскія супольнасці стагоддзямі былі часткай мясцовага жыцця.

Паводле супрацоўніцы аддзела адукацыі музея Аляксандры, POLIN ад самага пачатку рабіў стаўку не толькі на захаванне памяці, але і на асвету.

— Адукацыя ў нас пачынаецца з самага ранняга ўзросту, — кажа яна. Для дзяцей і бацькоў дзейнічае праграма сямейнай адукацыі «У караля Мацюся», але музей імкнецца ахапіць значна шырэйшае кола наведвальнікаў.

— Калі мы гаворым пра даступнасць, то думаем пра ўсіх: пра дзяцей, людзей з інваліднасцю, бацькоў з немаўлятамі. Мы стараемся зрабіць усё, каб інфармацыя, якая ёсць у музеі, была даступная як мага большай колькасці людзей. Гэты прынцып датычыць і моўнай разнастайнасці

 —POLIN з самага пачатку быў адкрыты не толькі для палякаў, але і для меншасцяў, і для турыстаў. Таму ў нас ёсць прапанова на розных мовах. У тым ліку і на беларускай мове можна далучыцца да экскурсій, — адзначае Аляксандра.

Сам музей уражвае не толькі зместам, але і формай. Размешчаны насупраць помніка Героям Варшаўскага гета, ён стаў адным з архітэктурных сімвалаў сучаснай Варшавы. Спраектаваны фінскім бюро Lahdelma & Mahlamäki, звонку ён выглядае як строгі геаметрычны аб'ём, але ўнутры адкрываецца прастора з хвалістымі сценамі. Сярод наведвальнікаў музея ўсё часцей можна пачуць беларускую мову. І гэта не выпадковасць.

— Я б сказала, што беларускія сем'і з дзецьмі — вельмі актыўная частка аўдыторыі музея POLIN. Калі ў нас адбываюцца мерапрыемствы, звязаныя, напрыклад, з габрэйскімі святамі, прэзентацыі кніг ці сямейныя заняткі, беларусы прыходзяць вельмі ахвотна. Мы вельмі гэтаму радуемся і запрашаем іх прыходзіць і надалей, — кажа Аляксандра.

Магчыма, менавіта ў гэтым і ёсць галоўная каштоўнасць POLIN: тут гісторыя перастае быць проста гісторыяй. Яна становіцца жывой размовай пра людзей — і пра тое, як памяць можа не раз'ядноўваць, а дапамагаць лепш разумець адзін  аднаго.

Слухайце аўдыё!

эж

«Горкія зёлкі» замест помнікаў. Як мастацтва дапамагае не забыць пра ахвяр Халакосту

24.08.2025 13:06
Выстава Марыі Гвардзейцавай «Горкія зёлкі» пераасэнвоўвае памяць пра Халакост праз калажы, створаныя з зёлак і чалавечых матэрыялаў.

«Варшаўскі мост». Вітальд Пілецкі: герой з-пад Ліды ў Аўшвіцы і Варшаве

04.06.2026 16:01
Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага дбае пра гістарычную памяць.