Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Дзе яшчэ пачыліць з беларусамі, як не тут». Варшаўскі клуб, дзе праходзіў фэст GRAJ, не змясціў усіх жадаючых

06.09.2026 17:27
Усе квіткі былі прададзеныя прыкладна за тыдзень да канцэрта.
Аўдыё
  • Пяты фэстываль беларускай музыкі ў Варшаве.
 .
Фестывальная сцэна.Фота: Наталля Грышкевіч/Беларуская служба Польскага радыё

На рок-фестываль у Варшаве хацела прыйсці столькі аматараў беларускай музыкі, што клуб NIEBO не змог змясціць усіх жадаючых. У суботу вечарам пяты фестываль GRAJ сабраў пад адным дахам такіх знакамітых выканаўцаў, як Лявон Вольскі, J:МОРС, Дай Дарогу!, Dzieciuki, Разбітае Сэрца Пацана ды іншыя.

Усе квіткі былі прададзеныя больш як за тыдзень да канцэрта. Дваім нашым слухачам пашанцавала — яны змаглі атрымаць бясплатны білет ад Беларускай службы Польскага радыё. У клубе сабраліся сотні беларусаў, якія жывуць у Польшчы, там было чуваць таксама польскую ды ўкраінскую мовы. Людзі прыходзілі, каб сустрэцца з сябрамі, прыемна правесці час, былі таксама сем’і з дзецьмі.

Лявон Вольскі прадставіў сваю новую кампазіцыю «Пакідаем на Потым». Гэта песня пра тое, як мы адкладаем на пазней важныя словы, пачуцці, сустрэчы і рашэнні. Пры гэтым аказваецца, што некаторыя рэчы ўжо немагчыма вярнуць.

Вось што казалі госці фэсту. 

Віталь Броўка: Я ўсё жыццё падтрымліваю беларускую культуру. І лічу, што фестываль GRAJ годна яе прадстаўляе. Да мяне нават звярталіся знаёмыя, спрабавалі набыць квіток у апошні момант, калі ўжо продаж спыніўся. Магчымасці клуба не дазваляюць змясціць больш жадаючых, чым прадугледжана колькасцю прададзеных квіткоў.

Наталля Локіць, аб’яднанне «Купалінка»: Ну, дзе яшчэ сустрэцца беларусам? У мяне было тры прычыны прыйсці сюды: сяброўка – гэта галоўнае. Мы вельмі рэдка бачымся, у эміграцыі такі тэмп жыцця. А тут можна сустрэцца, пачыліць, гэта класна. Другое: музыка, мы прыйшлі на Вольскага, канешне. І трэцяе: наш выкладчык, Паша Гарадніцкі зараз спявае. У яго былі заняткі з дзецьмі, ён адпрасіўся. Я сказала дзецям: «Я перадам прывітанне». І таму я тут.

Алесь Лютыч, гурт “Бяз назвы”: Гэта бадай, самы вялікі беларускі фестываль у Польшчы. Дзе, як не тут, спаткацца з калегамі па сцэне, паразмаўляць, абмеркаваць планы. У нас ёсць ідэі на сумесныя трэкі з некаторымі з гуртоў, якія тут граюць. У гэтую восень гурт «Бяз назвы» едзе ў тур па польскіх гарадах з той нагоды, што альбому Žyvie Rock'n'Roll 20 год.

Ліза (перамагла ў нашай латарэі і выйграла квіток на канцэрт): Я жыву ў Варшаве ўжо восьмы год. Вельмі хацела выйграць, бо ў гэтым годзе цудоўны склад, вельмі цудоўныя выканаўцы. Вялікі дзякуй! Я пазнаёмілася з гуртамі «РСП», «Дзецюкі», таму прыйшла пачуць гэтых выканаўцаў.

Франак Вячорка: Шмат чуў пра фестываль GRAJ, заўсёды хацеў сюды трапіць. Мабыць, гэта найлепшы цяпер беларускі фестываль і магчымасць пабачыць беларусаў. Мы сустракаемся з беларусамі кожны дзень, але тут вялікая канцэнтрацыя беларускай энергіі, актывістаў розных пакаленняў, гэта магчымасць з усімі абняцца, прывітацца, такая аддушына.

Іна Сянкевіч, арганізатар канцэрту: Мы задаволеныя тым, колькі прыйшло людзей, бо мы прадалі ўсе квіткі. Мы знаходзімся ў іншым месцы, вялікі плюс якога ў тым, што гэта самы цэнтр Варшавы. Шкада, што не ўдалося змясціць усіх жадаючых.

Віталь Броўка: На жаль, пакуль што беларускія гурты не могуць выступаць дома, я ўпэўнены, што неўзабаве і гэта адбудзецца. Але прыходзьце на сольнікі, прыходзьце на беларускіх артыстаў, падтрымлівайце культуру. Не толькі музыку, але і тэатр, выяўленчае мастацтва і г.д. Беларусы – вельмі творчая нацыя. Файна, што мы ў Еўропе не згубіліся, а працягваем граць сваю музыку.

Падрабязнасці слухайце ў далучаным гукавым файле.

Наталля Грышкевіч

У Варшаве рыхтуюцца да штогадовага свята беларускай музыкі. Сёлета — маленькі юбілей імпрэзы

20.08.2026 06:30
Будзе таксама аўкцыён, на які музыкі перададуць свае рэчы. Сабраныя сродкі пойдуць на дабрачыннасць.