Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Больш за 2 500 завостраных і гатовых да працы сякер, сярод якіх амерыканскія «белыя вароны». Запрашаем на Падляшша ў Музей сякер (ФОТА)

27.11.2026 16:00
Без сякер не пабудавалі б Амерыкі, пераконвае ўладальнік найбуйнейшай калекцыі сякер у Польшчы і адной з найбуйнейшых у Еўропе.
Аўдыё
  • Больш за 2 500 завостраных і гатовых да працы сякер, сярод якіх амерыканскія «белыя вароны». Запрашаем на Падляшша ў Музей сякер
Музей сякер у вёсцы Вайтоўцы на Падляшшы Фота: Кшыштаф Мніх, Музей сякер

Ці можа простая ручная прылада — сякера — стаць настолькі сур'ёзным прадметам захаплення, каб прысвяціць ёй музейную экспазіцыю? Аказваецца, што можа, бо гэта ўніверсальны інструмент, без якога не існавала б Амерыкі, сцвярджае калекцыянер і ўладальнік найбуйнейшай калекцыі сякер у Польшчы і адной з найбуйнейшых у Еўропе, якая месціцца на Падляшшы.

Больш за 2 500 гатовых да працы сякер, у тым ліку ўнікальныя амерыканскія «белыя вароны». Усё гэта ў невялікай вёсцы Вайтоўцы (Wojtówce) ля Кнышына (Knyszyn) на Падляшшы. Музей сякер, пра які ідзе гаворка, расказвае незвычайную гісторыю прыладаў, якія пабудавалі свет.

Музей сякер у вёсцы Вайтоўцы на Падляшшы. Фота: Кшыштаф Мніх, Музей сякер Музей сякер, аграсядзібa «Вёска Мніха». Фота: Кшыштаф Мніх

Заснавальнік і куратар музея Кшыштаф Мніх (Krzysztof Mnich) даказвае, што сякера — гэта не проста кавалак металу на драўлянай палцы, а захапляльны сведка гісторыі цывілізацыі.

Прагулка па музеі падобная на падарожжа па свеце, бо і калекцыя не абмяжоўваецца толькі польскімі прыладамі. Заснавальнік гэтага цікавага месца гадамі падтрымлівае сувязь з калекцыянерамі з самых аддаленых куткоў свету, адсочваючы ўнікальныя экспанаты. Дзякуючы гэтаму калекцыя працягвае квітнець і расці з галавакружнай хуткасцю.

— У прынцыпе сякеры-экспанаты паходзяць з краін, якія лідзіруюць у вытворчасці сякер: Фінляндыі, Швецыі, Амерыкі, Аўстраліі, Канады і Германіі. У мяне таксама ёсць некалькі сякер з Англіі, Францыі, Даніі і, вядома ж, Польшчы. Ёсць японскія і нарвежскія сякеры, адна сякера з Партугаліі, некалькі з Кітая, каля дзясятка з Расіі, Венгрыі, Аўстрыі і нават з былой Чэхаславакіі(…). У мяне ёсць сякеры з большасці краін свету, але яшчэ не хапае сякер з Афрыкі. Сякерамі, якія я купляю і экспаную, можна працаваць — яны завостраныя, маюць новыя ручкі, пачышчаныя. Я магу ўзяць любую сякеру з музея і выкарыстоўваць яе, калоць дровы і гэтак далей, — кажа калекцыянер.

Зараз цяжка паверыць, што пачатак згаданай калекцыі быў даволі сціплы і быў звязаны з жаданнем стварыць бяспечную адукацыйную прастору для дзяцей — дзіцячую сталярную майстэрню. Так у калекцыянера зʼявіліся першыя сякеры, якія выкарыстоўваліся для вывучэння асноў сталярства, а разам з імі і цікавасць да прыладаў.

— Такім чынам, я натрапіў на групы аматараў сякер у сацсетках і даведаўся, што ёсць шведскія, фінскія і амерыканскія сякеры. Першай маёй лепшай, даражэйшай, вырабленай з лепшай сталі сякерай была сякера нямецкай кампаніі «Ochsenkopf». Адзін мой сябар тут, у Польшчы, прадаваў яе. Ён зрабіў ручку з чырвонага дрэва. Мне яна вельмі спадабалася. Таму і я яе купіў. Гэта была мая першая такая выдатная сякера. Тады я падумаў: «Калі ў мяне ёсць адна, чаму б не купіць яшчэ дзвюх фінскіх»? — успамінае спадар Кшыштаф.

Вось так і пачалося сапраўднае калекцыянаванне. Захапленне хутка набрала абароты, а кантакты з аматарамі старадаўніх рамёстваў пачалі прыносіць плён у маштабах, якіх ніхто раней не чакаў. Па меры росту калекцыі выкрышталізаваліся і асабістыя перавагі калекцыянера.

Сталярная майстэрня. Фота: Кшыштаф Мніх Сталярная майстэрня, аграсядзібa «Вёска Мніха». Фота: Кшыштаф Мніх

Хоць у Музеі сякер ёсць экспанаты, то бок сякеры, якія выкарыстоўваюцца ў розных мэтах — для працы і спорту — наш госць прызнаецца, што яму асабліва падабаецца пэўны від сякер, якія стагоддзямі выкарыстоўваліся для будаўніцтва чалавечых дамоў.

— Ведаеце, мне вельмі падабаліся цяслярскія сякеры, і я стараюся клапаціцца пра іх, таму што, на маю думку, гэта прылады, без якіх не было б развіцця. Гэтыя нямецкія і аўстрыйскія цяслярскія сякеры пабудавалі Амерыку. Таму што эмігранты, напрыклад, з Германіі і Аўстрыі, прывозілі з сабой у Амерыку свае сякеры. Нагадваю, тады яшчэ будаваліся драўляныя будынкі. Тое ж самае было ў Скандынавіі, тое ж самае тут — у Польшчы. І таму я так зацікавіўся цяслярскімі сякерамі, — кажа калекцыянер.

Сёння ў калекцыі Музея сякер ёсць і сапраўдныя «белыя вароны». Як распавядае спадар Кшыштаф, часам атрымаць прадмет мары ўдаецца праз тыдзень, часам праз месяц, а часам канкрэтнага экспаната трэба шукаць тры–чатыры гады.

— «Святы Грааль» — так часта называюць амерыканскія сякеры «Black Raven» — з такім крумкачом на галоўцы. Але ў мяне іх зараз пяць, здаецца, што іх у Польшчы ўсяго шэсць. Я надалей шукаю цяслярскай сякеры віду washboard з Аўстраліі, якую выпускае кампанія «Keesteel»(…). Наогул такіх сякер у свеце няшмат і ўжо два-тры разы мне амаль удалося яе купіць. Апошнім разам я амаль дамовіўся, але нейкі пакупнік з Аўстраліі быў хутчэйшы за мяне, — распавядае спадар Мніх.

Кузня. Фота: Кшыштаф Мніх Кузня, аграсядзібa «Вёска Мніха». Фота: Кшыштаф Мніх

Між тым, побач з Музеем сякер у Вайтоўцах размяшчаецца яшчэ адна незвычайная музейная ўстанова — Музей эмалі, у якім можна паглядзець сотні шыльдаў і афіцыйных дошак з усяе Польшчы. Ёсць таксама традыцыйная сталярная майстэрня і кузня.

— Інструменты, якія ў мяне ёсць у сталярнай майстэрні, кузні і майстэрні прыладаў, паходзяць з усяго свету. Вядома, большасць з іх з Еўропы, бо трэба таксама сказаць, што найлепшыя кузні з найлепшай сталлю ў свеце працавалі ў Скандынавіі, у прыватнасці ў Швецыі і Фінляндыі. Адсюль і вельмі якасныя сякеры, і іншыя вельмі якасныя ручныя прылады. Вядома, я павінен дадаць, што ў мяне ёсць таксама японскія прылады: сякеры, зубілы, пілы і рубанкі (інакш гэблі), якія цягнуцца «да сябе». Нагадваю, гэта адрозніваецца ад таго, як карыстаюцца астатнімі, у тым ліку еўрапейскія гэблямі, — кажа спадар Кшышраф.

Музей сякер даказвае, што даўнія, вырабленыя ўручную прылады працы з высакаякаснай сталі значна лепшыя за сучасныя тавары з супермаркетаў, і што знаёмства з жывой гісторыяй рамёстваў можа быць захапляльным незалежна ад узросту.

— Вядома, калі хтосьці гэтага не бачыць, ён можа задацца пытаннем: Як, Музей сякер? Столькі сякер? Навошта?. Аднак, калі людзі ўжо прыязджаюць і бачаць, што яны дагледжаныя, цікава экспанаваныя, што іх настолькі шмат, што да іх можна дакрануцца, скарыстацца імі і параўнаць адну з адной, то яны пазітыўна здзіўленыя. Потым яны дзеляцца гэтым станоўчым вопытам, дзякуюць, віншуюць нас і жадаюць нам далейшых поспехаў у калекцыянаванні, — кажа Кшыштаф Мніх.

Музей эмалі. Фота: Кшыштаф Мніх Музей эмалі, аграсядзібa «Вёска Мніха». Фота: Кшыштаф Мніх

Музей сякер у Вайтоўцах і астатнія выставы ў аграсядзібе «Вёска Мніха» — гэта, перш за ўсё, незвычайны ўрок гісторыі і павагі да старога рамяства і якасці, якая сёння сустракаецца ўсё радзей. Магчыма, таму сёння каваныя ўручную прылады са Скандынавіі, Амерыкі і Польшчы перажываюць сапраўдны рэнесанс, а Музей сякер — лепшы доказ таго, што рэчы, створаныя з запалам і ўвагай да дэталяў лёгка вытрымаюць выпрабаванне часам.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Пра што кажуць грошы? Кожная манета — унікальная крыніца гістарычных ведаў (ФОТА)

06.11.2026 16:00
Са старажытнасці грошы былі носьбітам прапагандысцкай, палітычнай і эканамічнай інфармацыі.

Па слядах Мікалая Каперніка і Ігнацыя Красіцкага. Наведваем «Вавель Поўначы» ў Лідзбарку Варміньскім (ФОТА)

21.11.2026 07:00
Распавядаем пра бурную гісторыю рэзідэнцыі варміньскіх біскупаў, таямнічае пахаванне ва ўнутраным двары замка і яго ўнікальныя барочныя сады.