Заўтра ў Гдыні распачынаецца ХІ Кінафестываль «Непакорныя Нязломныя Выклятыя». Гэта паказ фільмаў на гістарычныя тэмы, гэта таксама сустрэчы, дыскусіі і канцэрты.
Ідэя фестывалю – паказ працаў рэжысёраў і радыёжурналістаў, якія ў сваёй творчасці натхняюцца барацьбой за незалежнасць у 1939-89 гадах.
Гэта месца сустрэчы некалькіх пакаленняў палякаў – падкрэсліў дырэктар фестывалю Аркад’юш Галэмбёўскі. Ён дадае, што ў гэтым годзе будуць паказаныя не толькі польскія змаганні за вызваленне ад камуністычнага рэжыму:
- Мы пашырылі конкурс на аповеды не толькі пра польскую гісторыю, але і пра сітуацыю ў краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Я думаю, што прыйшоў час, каб расказваць пра польскі шлях да свабоды ў кантэксце Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Задумацца, што нас аб’ядноўвае з чэхамі ці вугорцамі, увогуле з краінамі, якія выйшлі з савецкай акупацыі. Ці мы ў стане будаваць з імі грамадскія і эканамічныя стасункі, ці гэта дапамагае, а можа перашкаджае ў пашырэнні гэтай супрацы.
Падчас фестывалю будуць праходзіць сустрэчы са сведкамі гісторыі, жаўнерамі антыкамуністычнага падполля, апазіцыйнымі дзеячамі ў ПНР.
ХІ Кінафестываль «Непакорныя Нязломныя Выклятыя» будзе працягвацца да нядзелі.
ав