1 кастрычніка - гэта дзень, які для ўсіх студэнтаў у Польшчы азначае пачатак новага навучальнага года. Разам са шматлікімі ўніверсітэтамі, якія пачалі сваю працу з пачаткам гэтага месяца, урачыстай інаўгурацыяй стартавалі заняткі на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Установа была заснавана ў 1956 годзе і за 63 гады паспяхова рыхтуе беларускіх філолагаў і даследчыкаў Беларусі. Сярод людзей, якія вучылі студэнтаў беларускай мове і даследавалі рэгіён, ёсць такія асобы як прафесар Антаніна Абрэмбска-Яблонска, прафесар Альжбета Смулкова і прафесар Аляксандр Баршчэўскі.
Пра новае пакаленне студэнтаў беларусістыкі мы паразмаўлялі з загадчыкам кафедры, доктарам Радаславам Калетам.
Сярод новых студэнтаў - не толькі жыхары Польшчы. Сёлета магчымасцю паступлення ў замежны ўніверсітэт скарысталіся некалькі маладых беларусаў.
Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, як і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Еўрасаюзе, удзельнічае ў праграме ERASMUS+, якая дае студэнтам магчымасць выезду за мяжу, каб вучыцца ў іншых універсітэтах Еўропы. Пра магчымасці для маладых беларусістаў і новую праграму кафедры расказвае Радаслаў Калета.
У Польшчы беларускую мову ў навучальных установах можна пачуць не толькі ў Варшаве. На Падляшшы, дзе жыве значная беларуская меншасць, знаходзіцца больш за трыццаць школ, у якіх праводзяцца заняткі на беларускай мове.
Студэнтам зычым поспехаў у новым навучальным годзе і пастаяннага паглыблення ведаў пра Беларусь. А ўсіх жадаючых запрашаем на сустрэчы і канферэнцыі, якія ў гэтым годзе будуць праходзіць на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Спадзяемся, што з году ў год колькасць студэнтаў кафедры будзе павялічацца.
Альберт Ежы Вяжбіскі
cлухайце аўдыё