Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: разрады прыметнікаў

19.01.2020 14:22
Па сваіх лексіка-граматычных асаблівасцях прыметнікі падзяляюцца на якасныя, адносныя і прыналежныя.
Аўдыё
  -
Беларуская мова - марфалогіяфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Прыметнік – часціна мовы, якая называе статычную прыкмету або ўласцівасць рэаліі, абазначанай назоўнікам, і мае залежныя ад яго граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону, а ў сказе выконвае функцыю азначэння або выказніка.

З семантычнага боку прыметнікі надта разнастайныя – яны абазначаюць:

  • унутраныя і вонкавыя, фізічныя якасці і ўласцівасці людзей і жывёл (дужы, кульгавы, сарамлівы);
  • прыналежнасць пэўнай асобе (дзедаў кажух, дзядзькава хата, матчына хустка);
  • прыкмету па адносінах да часу, месца, ліку, матэрыялу, дзеяння (сённяшні, варшаўскі, дзесятковы, жалезны, лятальны);
  • якасці, якія ўспрымаюцца органамі пачуццяў (белы, гучны, кіслы, пахкі, шурпаты);
  • прыкметы прадметаў паводле іх прызначэння (падрхтоўчыя курсы, службовы аўтобус).

Прыметнікавыя граматычныя катэгорыі роду, ліку і склону выступаюць як залежныя, чыста сінтаксічныя, якія паказваюць на сувязь прыметніка з назоўнікам (вясновы дзень, вясновая раніца, вясновае сонца, вясновыя дні, вясновага дня, вясновых дзён і г.д.) З улікам гэтых залежных ад назоўнікаў граматычных форм да прыметнікаў далучаюцца парадкавыя лічэбнікі, прыметнікавыя займеннікі, дзеепрыметнікі, якія першасна выступаюць у атрыбутыўнай функцыі, што сінтаксічна афармляецца дапасаваным азначэннем.

Другаснай функцыяй прыметнікаў з’яўляецца іх сінтаксічная роля прэдыкатыва, праяўленая часцей за ўсё ў творным склоне, калі яны служаць састаўной часткай выказвання (параўн.: высокае і прыгожае дрэва і Дрэва было высокім і прыгожым).

Па сваіх лексіка-граматычных асаблівасцях прыметнікі падзяляюцца на якасныя, адносныя і прыналежныя.

Якасныя прыметнікі абазначаюць:

  • прыкмету прадмета не праз адносіны да іншых прадметаў, а непасрэдна, лексічным значэннем асновы (густы лес, добры ўчынак, сіняе неба);
  • якасці і ўласцівасці, якія ўспрымаюцца на зрок, слых, смак, нюх, дотык (чырвоныя ружы, ціхая размова, смачная страва, духмяны пах, мяккі матрац);
  • прасторавыя і часавыя прыкметы (вялікая прастора, працяглы час);
  • унутраныя і вонкавыя якасці і ўласцівасці людзей і жывёл (баязлівы чалавек, малады хлопец, худое дзіця, памяркоўны тон).

Якасным прыметнікам уласцівыя наступныя граматычныя асаблівасці:

  • яны ўтвараюць ступені параўнання (добры – лепшы, найлепшы, малы – меншы, найменшы, роўны – раўнейшы, найраўнейшы);
  • маюць формы ацэнкі і меры якасці (белы – беленькі, бялюткі, бялюсенькі, белаваты, вялікі – вялізны, велізарны, велічэзны);
  • могуць мець пры сабе прыслоўі меры і ступені (вельмі лёгкі, надта здольны);
  • магуць быць як вытворныя (гарысты, халодны), так і невытворныя (дарагі, стары);
  • ад іх утвараюцца: якасныя прыслоўі на -а, -у (павольны – павольна, геройскі – па-геройску) ды адцягненыя  назоўнікі з суфіксамі -осць, -ат-а, -ін-а, -ізн-а, ці з нулявым суфіксам (малады – маладосць, добры – дабрата, нізкі – нізіна, сівы – сівізна, чырвоны – чырвань).

Адносныя прыметнікі абазначаюць прыкметы прадметаў праз адносіны да іншых прадметаў, да дзеяння, да акалічнасцяў. Прыкметы, названыя адноснымі прыметнікамі, выступаюць як колькасна нязменныя, якія не могуць праяўляцца ў большай ці меншай меры (драўляны, зімовы, касмічны, насценны, плавальны). Яны паказваюць:

  • на матэрыял, рэчыва, з якога зроблены, ці складаецца прадмет (бляшаны дах, цагляны дом, хваёвы лес);
  • на месца знаходжання прадмета (водныя расліны, нарачанскія лясы);
  • па прызначэнне прадмета (навучальны корпус, службовы транспарт);
  • на час (леташні адпачынак, учарашняе паведамленне);
  • на адносіны: да дзеяння (вылічальная машына, скланяльныя назоўнікі), да колькасці (дзесятковыя дробы);
  • на ўдзельнікаў (студэнцкая канферэнцыя, партыйны сход);
  • на тэрмін (гадавы план, сутачны паёк);
  • на меру і вагу (двухметровы рост, пяцітонны самазвал).

Па граматычных уласцівасцях, структурных і словаўтваральных асаблівасцях адносныя прыметнікі (і прыналежныя) супрацьстаяць якасным:

  • не ўтвараюць ступеней параўнання, форм ацэнкі і меры якасці;
  • не далучаюць да сябе прыслоўяў меры і ступені;
  • не ўтвараюць прыслоўяў на   ні адцягненых  назоўнікаў на -осць, -ат-а, -ін-а, -ізн-а;
  • паводле паходжання яны вытворныя, сінанімічныя з ускоснымі склонамі назоўнікаў, з прыслоўямі і дзеясловамі, ад якіх утвораны (цагляны дом – дом з цэглы, пральная машына – машына праць бялізну, сённяшні Мінск – Мінск сёння).

Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыналежнасць прадмета пэўнай асобе ці жывёле (бабін куфар, буслава гняздо). Іх лічаць разнавіднасцю адносных прыметнікаў, паколькі яны абазначаюць прыкмету прадмета не непасрэдна, а праз адносіны да ўладальніка. Утвараюцца пры дапамозе суфіксаў: -ін (-ын) для жаночага роду (маміна блузка, Аленчын сшытак) ды -оў (-аў), -ёў (-еў) для мужчынскага роду (леснікоў капялюш, бацькаў дом, Міхасёва кашуля, Колеў матацыкл).

Прыналежныя прыметнікі падзяляюцца на:

  • уласнапрыналежныя – паказваюць на прыналежнасць прадмета канкрэтнай асобе (Аленчын сшытак, Талашова стрэльба) – яны ў назоўным і вінавальным склонах выступаюць у кароткай форме;
  • агульнапрыналежныя, якія, абазначаючы радавую ўласнасць, могуць набліжацца да адносных і выступаць у кароткай або поўнай форме (баброва хатка / бабровая хатка, птушына гняздо / птушынае гняздо, лісіны норы / лісіныя норы).

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак