Сёння я распавяду пра пяснярку, якая яшчэ ў вельмі маладым узросце, але ўжо дасягнула нямала ў сваім адносна кароткім жыцці. Гаворка ідзе пра Наталлю Ныкель (Natalia Nykiel), якая не толькі музыкантка, але таксама інжынер навакольнага асяроддзя. Але пачнем ад пачатку.
Наталля нарадзілася ў 1995 годзе ў мясцовасці Мрангова, што знаходзіцца ў курортнай частцы паўночна-ўсходняй Польшчы, у гэтак званым краі вялікіх азёр – Мазураў. У 2012 годзе яна стала фіналісткай праграмы «Голас Польшчы» (The Voice of Poland). З таго часу пяснярка выдала ўжо два кампакт-дыскі, а некаторыя яе кампазіцыі сталі вялікімі хітамі. За вялікую колькасць прададзеных экзэмпляраў Наталля атрымала дзве алмазныя кружэлкі і дзве залатыя.
У свае дваццаць з нечым гадоў дзяўчына дасягнула ўжо вялікіх поспехаў на музычнай эстрадзе. Дарэчы, не толькі ў Польшчы. Наталля прымерваецца да міжнароднай кар’еры, яна выступіць на амерыканскім фестывалі.
Перад тым, як сур’ёзна заняцца музыкай, а можа, хутчэй паралельна з гэтым, Наталля атрымала добрую вышэйшую адукацыю. Яна закончыла варшаўскую ВНУ – Вышэйшую школу сельскай гаспадаркі, факультэт будаўніцтва і інжынерыі навакольнага асяроддзя, атрымаўшы званне інжынера. Акрамя таго, што Наталля спявае, яна таксама піша тэксты песняў. А я прапаную вам кампазіцыю, якая атрымала шырокі распаўсюд у Польшчы. Песня называецца «Bądź duży» (Будзь вялікі). Спявае Наталля Ныкель.
Ten nudny dzień, niechlujnie w nim ty
Autobus nie nasz, na przystanku my
By czas zabić gra chce sama się grać
Jej temat to mgła bezsilna jak ja, gdy milczę
Bądź dużym chłopcem i przestań do mnie słać pytania.
Twe słowa to ciągi liczb, nie ułożę z nich równania.
Nie umiem być suką, a ty sypiesz mi piach w oczy.
Mam dosyć już chłopców, co nie potrafią mnie zaskoczyć.
Miesiąc już zostawiam bez słów,
zwiotczałe twoje próby.
Nie chcę byś kradł mój cenny czas
na uprawianie nudy.
Ty to nie wiatr co sprawia, że
łopoczą moje żagle.
Chcę mężczyzny co wywróci mój świat
i porwie nagle.
Гэты нудны дзень, неахайна ў ім ты. Аўтобус не наш, на прыпынку мы. Каб забіць час, гульня хоча сама гуляць. Яе тэма – гэта туман, бяссільны як я, калі маўчу.
Будзь вялікім хлопцам і перастань мне высылаць пытанні, твае словы – гэта толькі радок лічбаў, я не складу з іх раўнання. Я не ўмею быць сукай, а ты мне сыплеш пясок у вочы. Мне надакучылі ўжо хлопцы, якія не могуць мяне здзівіць.
Я ўжо цягам месяца пакідаю без словаў твае кволыя спробы. Я не хачу, каб ты краў мой каштоўны час на нудны занятак.
Гэта не вецер, які дзьме ў мае ветразі. Я хачу мужчыну, які пераверне мой свет і захопіць мяне раптоўна.
Nudny dzień, niechlujnie w nim ty – нудны дзень, неахайна ў ім ты. Нуда – гэта стан, які, думаю, вядомы кожнаму чалавеку. Гэтае паняцце гучыць аднолькава па-беларуску і па-польску, а што азначае? Такі стан, калі чалавеку нецікава, ён хацеў бы рабіць нешта іншае, чымсьці заняцца, але па нейкай прычыне не можа. Гераіні дадзенага верша нецікава, нудна з яе хлопцам, яна хацела б нешта памяняць у гэтым стане, але пакуль што яшчэ не кідае свайго партнёра, а толькі стараецца нешта змяніць у ім. Гэта тыпічны падыход многіх жанчын – яны вельмі хацелі б змяніць сваіх мужчын, і вераць у тое, што іх каханне гэта ў стане зрабіць, але, на жаль, як правіла такія змены не атрымліваюцца.
Bądź dużym chłopcem – гэта дзяўчына прапануе свайму мужчыне. Будзь вялікім хлопцам. Тут, канешне, не ў фізічным значэнні «вялікім», хаця гэта менавіта перш за ўсё значыць слова дужы на польскай мове, а ў сэнсе – даспелым, сур’ёзным, адказным. Калі хтосьці сказаў бы не duży, а wielki, тут ужо не было б да канца зразумела, ці гаворка ідзе пра фізічную велічыню, ці пра вялікасць у пераносным значэнні – славу, дасягненні, уладу.
Ciąg liczb, równanie – радок лічбаў, раўнанне. Што такое równanie, мы ўсе ведаем са школьнай парты. Раўнанне (польскае równanie, расійскае уровнение) – гэта матэматычнае паняцце, інакш – роўнасць з адной або некалькімі невядомымі велічынямі. Любілі вы вырашаць раўнанні ў школе? Гэта нават цікава, калі яны, канешне, не надта складаныя.
Zwiotczałe próby – вялыя спробы. Дзеепрыметнік zwiotczały можа таксама адносіцца да іншых назоўнікаў, напрыклад, скуры. Zwiotczała скура – гэта старая, маршчыністая скура, якая страціла сваю гладкасць.
Uprawianie nudy – займацца нудой. Даволі парадаксальнае словазлучэнне, бо як правіла калі ёсць нуда, то чалавек нічым не займаецца. А польскі выраз uprawiać датычыць рознай актыўнасці. Можна, скажам, uprawiać sport, ogródek (займацца спортам, займацца сваім агародам).
нг