Кніга Ірыны Масляніцынай і Мікалая Багадзяжа «Міхал Клеафас Агінскі» выпушчана выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі «Гісторыя для школьнікаў», паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве.
«Аўтары ў даступнай, папулярнай форме расказваюць пра ўнікальнага чалавека, які быў дыпламатам, паўстанцам і палітычным дзеячам. Нашчадкі ж памятаюць князя Міхала Клеафаса Агінскага ў першую чаргу як кампазітара. Малаверагодна, што знойдзецца той, хто з першых жа тактаў не пазнае яго паланэз «Развітанне з Радзімай». Талент музіцыравання выявіўся ў яго ўжо ў раннім юнацтве. Міхал Клеафас Агінскі мог бы зрабіць музычную кар'еру. Сярод яго твораў – маршы, вальсы, мазуркі, рамансы і нават оперы. Багатая на падзеі, напоўненая самаадданым служэннем радзіме біяграфія князя заслугоўвае таго, каб быць вядомай у Беларусі, Літве, Польшчы, тых дзяржавах, якія па праву могуць лічыць яго сваім героем», – адзначылі ў выдавецтве.
Пра Міхала Клеафаса Агінскага складзена нямала легенд. Ён сам ужо легенда беларускай гісторыі. Яго рэальная біяграфія поўная яркіх падзей. У XVIII стагоддзі род Агінскіх быў адным з самых уплывовых у Беларусі. На землях Вялікага Княства Літоўскага яго прадстаўнікі зʼявіліся ў пачатку ХV стагоддзя. Агінскія пастаянна былі блізкія да правіцеляў ВКЛ, а потым і Рэчы Паспалітай, нярэдка выступаючы іх дарадцамі, абаронцамі, займаючы знакавыя дзяржаўныя пасады. Толькі на землях Беларусі роду належалі дзясяткі маёнткаў, у тым ліку Маладзечна, Залессе, Ракаў, Іўе, Бялынічы.
Талент палітычнага дзеяча выявіўся ў Міхала Клеафаса Агінскага даволі рана. Палітычную карʼеру ён пачаў у 21 год, быў дэпутатам сейма, паслом у Галандыі і Англіі. За поспехі ў дыпламатычнай дзейнасці ў жніўні 1789 года быў узнагароджаны найвышэйшым дзяржаўным знакам узнагароды – ордэнам Белага арла. Агінскі стаў адным з кіраўнікоў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, увайшоўшы ў склад Вышэйшага літоўскага савета, часовага ўрада паўстання. Добраахвотна адмовіўшыся ад пасады падскарбія вялікага літоўскага, ён на свае сродкі ўзброіў атрад з 480 чалавек і сам узначаліў яго.
Пасля падаўлення паўстання сем гадоў доўжыўся перыяд падарожжаў Агінскага па чужых гарадах і краінах, перш чым ён змог вярнуцца на радзіму. У 1804 годзе царскім указам яму былі вернуты ўсе канфіскаваныя маёнткі. У 1810 годзе Агінскі атрымаў ад Аляксандра І тытул тайнага саветніка і стаў сенатарам Расійскай імперыі.
Усяго праз некалькі месяцаў пасля назначэння ён падаў імператару праект заснавання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай і Падольскай губерняў. Аднак лёс зямель былога ВКЛ застаўся без змяненняў. Пераканаўшыся, што як палітык ён больш нічога не зможа зрабіць на карысць радзімы, Агінскі ў 1823 годзе паехаў у Італію.
Памёр Міхал Клеафас Агінскі ў Фларэнцыі 15 кастрычніка 1833 года. Італьянцы прызналі яго вялікім чалавекам і ўдастоілі гонару быць пахаваным у пантэоне Санта Крочэ, дзе знаходзяцца саркафагі самых знакамітых італьянцаў усіх часоў – Галілея, Мікеланджэла, Керубіні, Расіні.
«Кніга прызначана для школьнікаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй», – дадалі ў «Беларускай энцыклапедыі».
ав