41 год таму ў Нью-Ёрку памерла актрыса Іда Каміньска. Яе стыхіяй быў тэатр, у якім выступала з шасці гадоў, але вядомасць прынеслі таксама фільмы. За ролю ў чахаславацкай кінастужцы «Крама на галоўнай вуліцы» атрымала намінацыю да «Оскара» за найлепшую жаночую ролю першага плану.
Іда Каміньска нарадзілася 4 верасня 1899 году ў гасцініцы «Тэатральнай» у Адэсе. Яе бацькі Абрахам і Эстэр Рахель Каміньскія былі акцёрамі ў гэтым чарнаморскім горадзе. З дзяцінства Іда была звязаная з тэатрам. Яе сястра Рэгіна таксама стала актрысай, а брат Юзэф – кампазітарам. Адным словам, вырасла яна ў творчай сям’і.
З маленства маленькая Іда аб’ездзіла з бацькамі і іх тэатрам далёкія куткі Расійскай Імперыі. Часта, будучы яшчэ дзяўчынкай, дапамагала дарослым: была суфлёрам, адказвала за асвятленне, падымала і апускала сцэнічную заслону.
А дэбютную ролю выканала ва ўзросце шасці гадоў! А дарослую ролю сыграла праз 10 гадоў, калі мела 19. Абодва спектаклі былі на мове ідыш. У 1912 годзе разам з маці ўпершыню выступіла ў нямым фільме.
Пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі сям’я Іды пераехала ў Польшчу. У Варшаве яны заснавалі Тэатр Каміньскіх, дзе, зразумела, і выступала маладая Іда. Тут, у польскай сталіцы пазнаёмілася з Зыгмунтам Туркавым, за якога выйшла замуж. У 1919 годзе ў іх нарадзілася дачка Рут.
У палове 1920-х гадоў Іда з мужам акрылі Warszewer Jidiszer Kunst Teater (Варшаўскі яўрэйскі мастацкі тэатр), у якім яна была галоўнай зоркай. У згаданай мастацкай установе выступалі найлепшыя польскія яўрэйскія артысты, а сама Іда была не толькі актрысай, але і рэжысёрам ды перакладчыкам драматычных твораў на мову ідыш.
У 1924 годзе Іда Каміньска выступіла ў першым яўрэйскім фільме, знятым у Польшчы пасля Першай сусветнай вайны. Фільм называўся «Прысяга», а рэжысёрам кінакарціны быў яе муж.
У канцы 1930-х гадоў актрыса развялася з Зыгмунтам Туркавым і перайшла ў польскі (і польскамоўны) тэатр Nowości. У 1938 годзе выступіла ў другім фільме, таксама на мове ідыш.
Пасля капітуляцыі Варшавы ў верасні 1939 года Іда Каміньска разам з дачкой, зяцем і другім мужам перабралася ў Львоў, уцякаючы ад гітлераўцаў. У 1940 годзе пачала выступаць са сваёй тэатральнай групай, а калі немцы напалі на Савецкі Саюз, то перабралася з сям’ёй у Кіргізстан. Там таксама выступала, пераязджаючы з рэспублікі ў рэспубліку. У 1944 годзе нарадзіла сына Віктара.
У Польшчу Іда Каміньска з сям’ёй вярнулася ў 1946 годзе. Двума гадамі пазней стала дырэктарам яўрэйскага тэатру ў Лодзі. У 1955 годзе перанесла тэатр у Варшаву, які існуе і цяпер. Дзякуючы ёй тэатр паспяхова развіваўся, а трупа выступала не толькі ў Польшчы, але і ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША ды нават у далёкіх Аўстраліі, Аргентыне ды Уругваю. Спектаклі ішлі на мове ідыш, а калі нехта яе не ведаў, то мог пераклад пачуць у навушніках, якія атрымліваў перад пастаноўкай.
Іда Каміньска займалася не толькі тэатрам, але іграла таксама ў польскіх і чэхаславацкіх фільмах. Вядомасць ёй прынёс фільм «Крама на галоўнай вуліцы» чэхаславацкіх рэжысёраў Яна Кадара і Эльмара Клоса, зняты ў 1965 годзе. У фільме апавядаецца трагічная гісторыя Галакоста і арыізацыі Славакіі ў часы Другой сусветнай вайны. Нядаўна выпадкова я трапіў на гэты фільм па тэлебачанні і быў проста захоплены ігрой Іды Каміньскай і ўвогуле цэлай кінастужкай. Вельмі моцны і геніяльны фільм! Кінакарціна атрымала мноства ўзнагарод, у тым ліку «Залаты глобус» і «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове, а таксама спецыяльную прэмію Канскага фестывалю. А Іда Каміньска была намінаваная да «Оскара».
У 1968 годзе ў Польшчы пачалася антысеміцкая кампанія, ініцыяваная ўладамі ПНР. Яна прымусіла многіх палякаў яўрэйскага паходжання пакінуць краіну. У канцы 1968 года Іда Каміньская разам з сям’ёй пераехала ў Ньё-Ёрк. Там спрабавала адкрыць яўрэйскі тэатр, але, на жаль, ідэі не ўдалося рэалізаваць.
У 1973 годзе выдала кнігу «My life, my theatre», якая ў Польшчы выйшла толькі ў 1995 годзе. Пасля эміграцыі радзіму наведала толькі раз – у 1973 годзе, у 50-ю гадавіну смерці сваёй маці Эстэр Рахель.
Памерла Іда Каміньска 21 мая 1980 году.
У 2005 годзе Варшаўскі яўрэйскі тэатр носіць імя Эстэр Рахель і Іды Каміньскіх.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
на фота: Іда Каміньска з аўтарамі фільму «Крама на галоўнай вуліцы» пасля вяртання ў Прагу з ЗША з урачыстасці ўручэння «Оскараў»
на відэа: эпізод оскараноснага фільму «Крама на галоўнай вуліцы», у галоўнай ролі - Іда Каміньска