Сёння я вяртаюся да творчасці музыканта, які працяглы час не выдаваў новых песняў і не запісваў кампакт-дыскаў, але неўзабаве выйдзе яго новы альбом.
Чэслаў Мозіль (Czesław Mozil), паводле інфармацыі з Вікіпедыі, лічыцца польска-дацкім выканаўцам, хаця ў яго жылах цячэ польска-украінская кроў.
Чэслаў нарадзіўся ў 1979 годзе ў мясцовасці Забжэ на поўдні Польшчы, ён сам піша тэксты сваіх кампазіцый і музыку, грае на акардэоне. Хаця, бадай, вялікая частка палякаў ведае Часлава не па ягоных песнях, а па акторскай дзейнасці, а дакладней, па тым, што менавіта ён (яго голас) – Снегавік у фільме для дзяцей «Kraina lodu» (па-беларуску «Халоднае сэрца»).
Бацька Часлава па паходжанні – украінец, а калі хлопцу было пяць гадоў, сям’я перабралася жыць з Польшчы ў Данію. Дзякуючы таму, што бацькі не страцілі кантакту з Польшчай і з польскай мовай, Чэслаў ва ўзросце 28 гадоў вырашыў вярнуцца на польскую зямлю, пераехаў у Кракаў, а пазней у Варшаву. Музычны талент праявіўся ў яго адносна хутка, у дзяцінстве, але доўга малады чалавек не мог выбраць свой шлях у жыцці. Працаваў, між іншым, разносчыкам газет, педагогам у дзіцячым садку, падрабляў на будоўлі ды ў рэстаране Макдональдс. Толькі ў 2007 годзе, ужо пасля вяртання ў Польшчу, яго музычная кар’ера пачала хутка развівацца. І ўжо тут здабыў славу, як у музычнай галіне, так і ў шоу-бізнесе. Выдаў некалькі кампакт-дыскаў, быў членам журы музычнага тэлешоу, вёў праграму на адной з радыёстанцый, выдаў аўтабіяграфію, выступіў у кінафільме, з’яўляецца адным з уладальнікаў двух рэстаранаў. У 2016 годзе атрымаў узнагароду «за выключны ўнёсак у прасоўванне польскай культуры ў Еўропе і за «радасць быць палякам».
А вашай увазе кампазіцыя Мозіля, якая носіць назоў «Мама заўсёды казала».
Mama zawsze mówiła
Mama zawsze mówiła
synu, ty nie chciałeś na ten świat wyjść
w bólach rodziłaś
i teraz wiem – ja musiałem przyjść
Przyjść po ciebie moja miła
Moja miła
Dałaś znać
Już nie raz
Limit ma
Każda przyjaźń
Dom wszystkim dałaś
W zieleń ubrałaś
A w zamian łzy
Przeplatane spalinami przeplatane płyną dziś
Pejzaż już nie ten sam
Trawy z monet, pełne pola
Choć zegar tyka
Tłumy w fabrykach
I ziemio trwaj
Na co komu jeszcze tyka
Ej nie fikaj,
Mamy szał
Cicho przebąkują
Ze to ostatni z dekad
Więc jeśli jeszcze słynąć
Ja jestem tu
Cierpliwość miej
Ja jestem tu
Cierpliwość miej
Мама заўсёды казала, мама заўсёды казала. Сын, ты не хацеў выйсці на гэты свет. З болем нараджала. І цяпер я ведаю – я мусіў па цябе прыйсці, па цябе прыйсці, мая мілая.
Ты дала зразумець ужо не раз. Ліміт ёсць у кожнага сяброўства. Ты дом усім дала, у зелень адзела, а ўзамен – слёзы, разам з выхлапнымі газамі цякуць сёння.
Пейзаж ужо не той. Травы з манет, поўныя палі. Гадзіннік цікае, натоўпы ў фабрыках. І, зямля, жыві. На што каму яшчэ цікае, гэй, гоп, не скачы. У нас разгар. Ціха балбочуць, што гэта апошняя з дэкадаў. Я – тут, набярыся цярпення.
Мама заўсёды казала, мая мілая. Ты дала зразумець ужо не раз – ёсць ліміт у кожнага сяброўства.
Тэкст гэтай песні можа здавацца наборам слоў, слаба павязаных паміж сабой. Сам Чэслаў кажа, што гэты альбом, у склад якога ўваходзіць песня, самы інтымны яго кампакт-дыск, ён называецца Ідэалогія Мозіля. Усе песні ён пісаў сам, яны датычаць ягонага жыцця. Што аўтар меў на ўвазе, можа сказаць толькі сам аўтар, але тут, на маю думку, важны факт, што Чэслаў адчувае сябе звязаным не толькі з Польшчай, але і з Даніяй. Магчыма, мама – гэта менавіта метафара Польшчы, яго першай айчыны, але інтэрпрэтацыю пакіну слухачам.
W bólach rodziłaś – ты з болем нараджала. Назоўнік "боль" на беларускай мове як правіла ўжываецца ў адзіночным ліку, хаця, канешне, можна сказаць і ў множным ліку – болі, але такое выкарыстанне, на маю думку, сустракаецца значна радзей, чым у польскай мове.
Przyjść po ciebie – прыйсці па цябе. Памятайце, што ў польскай мове заўсёды прыходзяць па нешта, стаяць у чарзе па нешта, а не за чымсьці. Праўда, такая канструкцыя граматычна правільная таксама для беларускай мовы, але ў выніку вялікага ўплыву расійскай мовы часта сустракаецца словазлучэнне «стаяць за чымсьці (у чарзе), прыйсці за чымсьці і г.д.
Spaliny – гэта выхлапныя газы на польскай мове. Трэба сказаць, што выхлапных газаў усё менш у нашых гарадах дзякуючы развіццю чыстай тэхналогіі аўтамабілебудавання. І, хто ведае, можа нашы дзеці ўжо не будуць ведаць гэтага паняцця.
Nie fikaj – не скачы. Па-польску fikać – гэта, калі кажуць пра дзяцей або жывёл – гарэзіць), а fikołek – сальта, пераварот праз галаву наперад або назад.
нг