Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня «Рай» у выкананні гурту The Dumplings

30.12.2021 09:13
Нягледзячы на ангельскую назву, гэта цалкам польскі калектыў, створаны ў 2013 годзе.
Аўдыё
The Dumplings
The Dumplingsmat. promocyjne

У навагодні час прынята забываць пра дрэннае і старацца думаць пра добрае, што можа прынесці будучыня. А таксама гуляць і весяліцца. Цяжка, канешне, зусім выключыць думкі пра складаную сітуацыю ў Беларусі ды агулам пагаршэнне становішча ў нашым рэгіёне, але хаця б некалькі дзён хацелася б проста павесяліцца. І я знайшла такую песню, пад якую вельмі добра танцаваць, хаця і словы далёка не банальныя.

Сёння я распавяду вам пра гурт з кулінарным назовам The Dumplings. Нягледзячы на ангельскую назву, гэта цалкам польскі калектыў, створаны ў 2013 годзе. Гэта дуэт Юстына Свенс (Justyna Święs) – Якуб Карась (Jakub Karaś). А пазнаёміліся яны раней, у 2011 годзе, будучы яшчэ падлеткамі, практычна дзецьмі. Куба адказвае ў гэтым тандэме за музыку – ён грае на гітары, ударных інструментах ды піяніна. Музыканты пішуць кампазіцыі галоўным чынам у стылі электроннай поп-музыкі. Яны вельмі лірычныя, меладычныя і даволі ашчадныя ў словах, у пазітыўным значэнні гэтага слова.

Акрамя музыкі, цікавым элементам творчасці гэтага дуэту з’яўляюцца тэксты кампазіцый. Песні Куба і Юстына пішуць разам, у іх не толькі выключнае гучанне, але і словы. Гэта песні ў добрым тоне, нават часам здаецца, што яны адстаюць ад свайго часу, больш падыходзяць да 80-ых гадоў, калі некаторыя артысты стваралі сапраўдныя шэдэўры, а не такую мішуру, якую пішуць шматлікія сённяшнія музыканты.

А я прапаную вашай увазе песню ў выкананні групы The Dumplings, якая называецца «Рай».

Jak wygląda mój raj, jak wygląda mój raj

Z którego nie uciekam

Gdzie dzień uprzejmym jest, gdzie dzień uprzejmym jest

Choć o to sama nie dbam

Jak wygląda mój raj, jak wygląda mój raj

Za którym chce się tęsknić

Gdzie noc uprzejmą jest, gdzie noc uprzejmą jest

Nikt nie chce tam mnie zranić

W bezruchu czas wolniej płynie mi

Czuję, że mniej znów jestem tu

W bezruchu czas wolniej płynie mi

Czuję, że mniej znów jestem tu

Piękne miejsce i stan, piękne miejsce i stan

Tak lubię marzyć o nim

Choć dawno nie byłam tam, choć dawno nie byłam tam

Myślę «wrócę niebawem»

Як выглядае мой рай, як выглядае мой рай, з якога я не ўцякаю. Дзе ветлівы дзень, хаця мяне гэта не турбуе. Як выглядае мой рай, па якім хочацца сумаваць. Дзе ноч ветлівая, дзе ніхто не хоча мяне крыўдзіць. У адсутнасці руху, час для мяне ідзе павольней. Я адчуваю, што мяне зноў менш тут. Прыгожае месца і стан, прыгожае месца і стан. Так, мне падабаецца марыць пра яго, хаця я даўно не была там. Я думаю: «Я неўзабаве туды вярнуся».

Пачну разгляд гэтай кампазіцыі не з тэксту, а з назвы гурту, які спявае песню. The Dumplings – гэта па-ангельску азначае пельмені, а па-польску pierogi. Праўда, польскія pierogi крыху адрозніваюцца ад беларускіх пельменяў. У Польшчы іх робяць з розным фаршам, але як правіла з мясам або капустай і грыбамі, але мяса не сырое, а варанае, і прадаюцца ў краме pierogi ўжо падвараныя, таму іх нават можа не варыць, а толькі разагрэць. Хаця бываюць, канешне, і марожаныя, але яны менш папулярныя. А вось словам pielmieni палякі называюць сібірскую разнавіднасць гэтай стравы, гэта і ёсць беларускія папулярныя пельмені, з сырым мясам. Іх неабходна варыць некалькі хвілін, каб маленькія кавалачкі мяса праварыліся.

Raj – гэта не зусім «рай» у разуменні беларуса. Мы як правіла разумеем рай як месца, куды трапляе душа добрага чалавека пасля смерці, але палякі называюць гэта месца «niebo», а рай – паводле Бібліі, гэта месца, дзе жылі першыя людзі – Адам і Ева.

Dzień uprzejmym jest – дзень ветлівы. Як па-беларуску, так і па-польску, ветлівым бывае хутчэй чалавек, чым дзень, але тварцам і аўтарам песняў усё можна.

Za którym chce się tęsknić – у Польшчы сумуюць за чымсьці, а не па чымсьці – tęsknić za ojczyzną, za matką, za domem – сумаваць па Айчыне, па маці, па роднай хаце.

Nikt nie chce mnie zranić – ніхто не хоча мяне параніць, але хутчэй у пераносным значэнні – пакрыўдзіць.

W bezruchu czas płynie – пры адсутнасці руху час ідзе (павольней). Bezruch – гэта нерухомасць, але не ў значэнні нерухомай маёмасці, а адсутнасці руху. А нерухомасць (будынак) будзе таксама, як па-беларуску – nieruchomość.

Wrócę niebawem – я вярнуся неўзабаве, у хуткім часе.

нг

 

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы