Беларуская Служба

250 год без выхаду: пасля далучэння да Расіі Беларусь так і не вызвалілася

31.03.2022 15:03
250 год таму адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай: да Расійскай імперыі адышлі ўсходнія землі ВКЛ, а менавіта — тэрыторыі сучаснай усходняй Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". 250 год далучэння Беларусі да Расіі.
  --     .   . 1774 .
"Польскі торт" -- алегорыя першага падзелу Рэчы Паспалітай. Малюнак Джона Лоджа. 1774 г.Commons.wikimedia.org/John Lodge (d. 1796) - http://polona.pl/item/5924939/0/Public Domain

Цяперашняя агрэсія Расіі супраць Украіны — гэта не першая спроба далучыць да Масквы ўкраінскія землі. У часы існавання ВКЛ і Рэчы Паспалітай разам з Украінай Расія спрабавала захапіць і Беларусь. Увосень 1772 года гэта ўрэшце ўдалося. 250 год таму адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. У выніку, да Расійскай імперыі, паводле дамоўленасці з Прусіяй і Аўстрыяй, адышлі ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, а менавіта — тэрыторыі сучаснай усходняй Беларусі.

У змове з Прусіяй і Аўстрыяй Расія заняла ў 1772 г. Інфлянты (цяпер усходняя Латвія) і ўсходнія ўскраіны Рэчы Паспалітай за Дняпром, Друццю і Дзвіной (цяпер усходняя Беларусь). Апрача таго, Расія трымала пратэктарат над рэштай Рэчы Паспалітай.

Мабыць, пра такі падзел Украіны марылася цяпер у Маскве.

Што да Беларусі, то тут цяпер стаяць расійскія войскі, уведзеныя нелегітымным кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Але ці была дагэтуль свабодная Беларусь ад Расіі? Ці пачатая 250 год таму расійская акупацыя калі-небудзь канчалася?

Перанясёмся ў 1772 год. Рускі пісьменнік і мысліцель Аляксандр Салжаніцын у свой час напісаў кнігу «200 лет вместе» — пра лёс яўрэяў у Расіі, куды яны трапілі ў той момант, калі Расія ў 1772 г. анексавала ўсходнія землі Рэчы Паспалітай.

Салжаніцын напісаў кнігу пра жыццё “разам”. Але не дадаў: у няволі. Ужо не 200, а 250 гадоў разам у няволі жывуць беларусы з рускімі і іншымі народамі маскоўскай імперыі.

З таго часу гэтыя землі — Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына, Мсціслаўшчына, якія складаюць аснову сучаснай Беларусі, не былі пад уладай Расіі толькі некалькі месяцаў у 1812 г. і з лета 1941 да 1943/1944 г.

Улічваючы, што на гэтых тэрыторыях — да паўстанняў тутэйшай шляхты ў 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. —  яшчэ ў той або іншай ступені захоўваліся звычаі, мова і культура той дзяржавы, ад якой Расія адарвала Беларусь, — Рэчы Паспалітай, г. зн. польская мова і мясцовая разнавіднасць польскай цывілізацыі, то перыяд інтэнсіўнай моўна-культурнай русіфікацыі можна скараціць – да 160-190 гадоў.

У 1923/1924–1933/1934 гг. на гэтай тэрыторыі, якая складала аснову Беларускай Савецкай Сацылістычнай Рэспублікі, праводзілася палітыка каранізацыі і беларусізацыі, таму русіфікацыйныя мерапрыемствы можна было б скараціць да 150-180 гадоў. Перыяд беларусізацыі 1990–1995 гг., у складзе Рэспублікі Беларусь, дазваляе абмежаваць русіфікацыю 145-175 гадамі.

Такім чынам, палітычная залежнасць Беларусі ад Расіі налічвае 250 год, а моўна-культурная, з рознымі агаворкамі, каля 150-180.

Адсутнасць беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на гэтых тэрыторыях, калі не лічыць савецка-расійскіх квазі-беларускіх форм квазі-дзяржаўнасці з 1919 г., не дазваляе скараціць перыяд палітычнай залежнасці Беларусі ад Расіі.

Трэба ўлічваць, што з’яўленне беларускага нацыянальнага руху ў пачатку ХХ ст. у Мінску і Вільні і нязначнае распаўсюджванне яго на некаторыя раёны паўночна-заходняй і цэнтральнай Беларусі, гэтаксама як і спробы стварэння, але не ажыццяўлення на практыцы беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР у 1918 г., не аказалі на карэнную Беларусь (сучасныя ўсходнія землі РБ) практычна ніякага ўплыву.

Такім чынам, ідэнтычнасць жыхароў усходняй Беларусі фарміравалася ва ўмовах польска-рускага моўна-культурнага сімбіёзу ў 1772–1831/1863 гг., ва ўмовах рускага моўна-культурнага панавання з 1831/1863 гг., за выключэннем некалькіх гадоў досыць павярхоўнай беларусізацыі 1920-1930-х і 1990-х гг., без масавага і плённага развіцця на гэтых тэрыторыях беларускага нацыянальнага руху.

У выніку, тут склалася тая моўна-культурная супольнасць, якая трапна была акрэслена вядомым ураджэнцам гэтых зямель паняццем «русские со знаком качества». «Белорусская» ідэнтычнасць гэтых «русских» мае толькі тэрытарыяльны, а не нацыянальны характар, а моўна-культурная з'яўляецца часткай «русского мира».

Унутраныя імпульсы да выхаду з «русского мира» сярод гэтага насельніцтва вельмі слабыя, а знешнія фактары не здольныя паўплываць на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі з 1772 г., калі не лічыць кароткачасовыя перыяды французскай (1812 г.) або нямецкай (1941-1943/1944 гг.) акупацыі.

Калі зыходзіць з гэтых даных, то становіцца зразумелым многае ў этнакультурным і палітычным развіцці гэтай тэрыторыі і яе насельніцтва за апошнія 250 гадоў.

Чаго чакаць ад гэтых «белорусов», якія з задавальненнем жывуць у свеце рускай мовы, культуры, тэлебачання, прапаганды, адукацыі, якім не патрэбна беларуская мова, культура, школа, звычаі, ідэнтычнасць?

250 гадоў не прайшлі дарма. І менавіта таму цяпер па гэтых землях свабодна ездзяць рускія войскі са знакам Z.

І менавіта таму беларусы ў 1994 годзе выбралі Лукашэнку, а ў 1995 годзе прагаласавлі за вяртанне савецкай сімволікі замест нацыянальнай, за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, за інтэграцыю з Расіяй, а па сутнасці за тое, каб “паўзці на каленях у Расію”, як некалі выказаўся Лукашэнка, які такім чынам трапна апісаў сутнасць сваёй палітыкі.

Беларусы, выбраўшы Лукашэнку, пазбавілі сябе на чвэрць стагоддзя магчымасці выбіраць свой лёс, сваю будучыню.

У выніку за іх вырашае Лукашэнка і тыя, для каго Беларусь — гэта частка Расіі. Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Алег Гайдукевіч, сын Сяргея Гайдукевіча, лідара прарасійскага руху 1990х гг., які адкрыта выступаў супраць незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. І вось сын працягвае справу бацькі. Гайдукевіч-малодшы пракаменціраваў у фэйсбуку зварот да беларусаў лідара ўкраінскай групы «Океана Эльзи» Святаслава Вакарчука, які заклікаў пераходзіць на беларускую мову ў штодзённым жыцці.

Вось што напісаў Гайдукевіч: “Ва Украіне нейкі ідыёт параіў беларусам масава пераходзіць на беларускую мову і прыбраць рускую! Змагары падхапілі.

Руская мова заўсёды будзе дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі, заўсёды будзе роднай мовай, заўсёды будзе паважаная! Я з гонарам размаўляў і буду размаўляць на рускай мове, як і большасць беларусаў. Роднай была і будзе нам і беларуская мова.

Першы крок да ўмацавання дзяржаўнасці мы зрабілі менавіта ў сярэдзіне 90-х, калі замацавалі рускую мову дзяржаўнай і разграмілі банду Пазнякоў, Шарэцкіх і іншых”.

А тым часам дэпутаты парламента Расіі разглядаюць законапраект аб прызнанні “суайчыннікамі” ўсіх, хто валодае рускай мовай.

250 год беларусы жывуць у маскоўскай няволі. Так было, ёсць. А ці будзе так вечна?

Найбольш трапна пра гэта напісаў у канцы 1990-х гг., на хвалі дэбеларусізацыі, паэт Міхал Анемпадзістаў, а спявачка Кася Камоцкая зрабіла гэта вядомай песняй:


Дарагая сястра, тут усё харашо,

Тут паблiзу Масква, тут Масква ў галаве,

Тут Масква ў тэлевізары і ў газеце,

Тут расейскія песні развучваюць дзеці.

 

I гэта — нармальна, сястра,

Таму што вятры не прыносяць свабоды,

Таму што дрыгва застаецца дрыгвой,

Таму што Айчына — балота.

 

Таму што нiхто не бывае супраць,

Таму што нiхто не бывае цвярозы,

Таму што забылiся ўсе на розум,

Бо ўсе — пад наркозам.


Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Лукашэнка Рэч Паспалітую апісаў як Рэспубліку Беларусь: «Родная мова, культура пад забаронай»

13.01.2022 10:02
Аляксандр Лукашэнка 6 студзеня на нарадзе па пытаннях гістарычнай палітыкі назваў перыяд Рэчы Паспалітай «акупацыяй беларускай зямлі палякамі», «этнацыдам беларусаў».