8 красавіка цыганская супольнасць у Польшчы і ва ўсім свеце святкуе Міжнародны дзень цыганоў. Свята было ўстаноўленае на ІV кангрэсе Міжнароднага саюза цыганоў у 1990 годзе. Дзень святкавання выпадае ў гадавіну першай сустрэчы прадстаўнікоў цыганоў з 25 краін, якая адбылася 8 красавіка 1971 года пад Лонданам. Цяпер згаданае свята адзначаецца на міжнародным і нацыянальным узроўні з мэтай пашыраць веды аб супольнасці цыганоў і нагадаць пра прадстаўнікоў цыганскага народа, якія пражываюць у грамадствах большасці краін свету.
З гэтай нагоды я запрашаю ў Акруговы музей у Тарнаве (Tarnów) – горадзе на поўдні Польшчы, які можа пахваліцца багатай калекцыяй, датычнай цыганскай культуры і гісторыі цыганоў у Польшчы.
Гісторыя самога Акруговага музея ў Тарнаве сягае міжваеннага перыяду. Ініцыятарам яго стварэння быў Юзэф Якубоўскі, які стаў і першым дырэктарам установы. Музей горада Тарнава, як ён першапачаткова называўся, быў адкрыты ў 1927 годзе ў камяніцы на вуліцы Кракаўскай 12. Музейная ўстанова прэзентавала дакументы і прадметы, звязаныя з гісторыяй горада. Пазней музей неаднойчы мяняў сваю сядзібу. З набліжэннем заканчэння Другой сусветнай вайны ў тарнаўскай ратушы было адкрыта музейнае сховішча, дзе былі сабраны мастацкія, гістарычныя і архіўныя прадметы, у тым ліку з навакольных пакінутых сядзібных дамоў і палацаў.
Пад сваёй сучаснай назвай Акруговы музей у Тарнаве дзейнічае з 1976 года. З 2013 года сядзіба ўстановы знаходзіцца ў камяніцы на вуліцы Рынак 3. Свае багатыя калекцыі музей прэзентуе, як у галоўнай сядзібе, так і ў шматлікіх філіялах, размешчаных не толькі ў гарадскіх камяніцах, але таксама ў суседніх мясцовасцях, напрыклад, у замку ў Дэмбне(Dębno), які з’яўляецца адзіным захаваным узорам гатычнага абарончага дойлідства на поўдні Польшчы. Музей-сядзіба ў Далензе(Dołęga), з’яўляецца прыкладам тыповай шляхецкай рэзідэнцыі XIX стагоддзя. У сваю чаргу Музей Вінцэнта Вітаса ў Вежхаславіцах(Wierzchosławice), прысвечаны жыццю і дзейнасці выдатнага палітыка, дзеяча сялянскага руху, аднаго з бацькоў польскай незалежнасці і трохразовага польскага прэм'ера. Музей «Карызноўка», наладжаны ў сямейным доме жонкі Яна Матэйкі ў Новым Віснічы(Nowy Wiśnicz), прэзентуе памятныя рэчы, якія тычацца вядомага жывапісца. У сваю чаргу гаспадарка Феліцыі Цурыловай у вёсцы Заліпʼе – паказвае незвычайную прыгажосць арыгінальнай мясцовай традыцыі аздаблення дамоў рознакаляровымі малюнкамі.
Агульная колькасць экспанатаў Акруговага музея Тарнава перавышае 60 тысяч. Калекцыі падзеленыя на тры тэматычныя аддзелы. Найбуйнейшы мастацкі аддзел мае ў сваіх калекцыях помнікі польскай і сусветнай культуры і мастацтва. Гістарычны аддзел – ганарыцца найстарэйшымі рукапіснымі помнікамі, у сваю чаргу аддзел археалогіі збірае помнікі, звязаныя з дагістарычнымі і сярэднявечнымі паселішчамі на тэрыторыі былога Тарнаўскага ваяводства. І на канец, аддзел этнаграфіі мае багатую калекцыю народнай творчасці Тарнаўшчыны, якая з’яўляецца сведчаннем традыцыйнай матэрыяльнай культуры, мастацтва і рытуалаў, якія прысутнічалі на гэтай тэрыторыі. У экспазіцыі прадстаўлены ўзоры народнага жывапісу і скульптуры, традыцыйных рамёстваў, керамікі; абрадныя артэфакты, народныя касцюмы. Аддзел таксама збірае прадметы, звязаныя з побытам і культурай цыганоў.
Калекцыя, прысвечаная гісторыі і культуры цыганоў у Этнаграфічным музеі ў Тарнаве была створаная ў 1979 годзе, калі тут была арганізавана першая ў Польшчы выстава на цыганскую тэматыку. Цяперашняя выстава (у асноўным выглядзе) была адкрыта ў красавіку 1990 года з нагоды 4-га Кангрэса цыганоў, які прайшоў у Сэроцку(Serock) ля Варшавы.
У музеі сабраныя розныя прадметы, звязаныя з побытам, гісторыяй, культурай і традыцыямі, а таксама дакументы, фільмы, фатаграфіі, музыка, творы мастацтва і іншыя іканаграфічныя формы камунікацый цыганоў. Сярод іх ёсць копіі найстарэйшых дакументаў, якія змяшчаюць звесткі пра становішча цыганоў у Польшчы ў 1602-1952 гг., генацыд цыганскага насельніцтва, машынапісы кніг паэта Ежы Фіцоўскага, яго перапіску з 1960-х гадоў і сабраныя ім вершы цыганскіх паэтаў. У музеі таксама ёсць матэрыялы, звязаныя з цыганскай паэткай Папушай (Браніславай Вайс), а таксама дакументы, датычныя вядомых цыганскіх гуртоў «Рома» і «Тэрно», матэрыялы па цыганскую фітатэрапію і працы, звязаныя са стандартызацыяй цыганскай мовы. Прэзентаваныя ўстановай цыганскія вазы – гэта ўнікальныя экспанаты.У музеі таксама была створана бібліятэка, якая налічвае амаль тысячу кніг. Пачаткам дзейнасці музея стала невялікая этнаграфічная калекцыя, якая на сённяшні дзень налічвае больш за 5000 экспанатаў.
Акруговы музей у Тарнаве арганізоўвае шмат вядомых культурных мерапрыемстваў. Адным з важнейшых з’яўляецца Міжнародны мемарыяльны табар, то бок цыганскі паходны лагер, які падарожнічае па месцах генацыду цыганоў у часе вайны.
Анна Задрожна