Мінула два гады з моманту запуску літаратурнага праекта Польскага радыё Radiobook (бел. «Радыёкніга»). Сёння слухачы знойдуць тут больш за восемдзесят тытулаў. Кожныя два тыдні ў інтэрнэце ў выглядзе гукавых файлаў з’яўляюцца новыя творы польскай і сусветнай літаратуры. Гэта майстэрскія інтэрпрэтацыі, якія гадамі запісваліся ў Польскім радыё, кажа дырэктар Тэатра Польскага радыё Януш Кукула(Janusz Kukuła):
- Мы з задавальненнем слухаем гэтыя творы. Яны вучаць і забаўляюць; дазваляюць пазнаёміцца з польскай і сусветнай літаратурай. Гэта таксама магчымасць нагадаць сабе творы, якія мы чыталі ў дзяцінстве. Творы чытаюць выдатныя майстры. Важна таксама, што аўдыякнігі даступныя бясплатна.
На старонцы «Радыёкнігі» найбольш твораў Генрыка Сянкевіча: «Quo vadis», «Крыжакі» і ўся Трылогія. Ёсць таксама гукавыя інтэрпрэтацыі раманаў Балеслава Пруса, Стэфана Жаромскага, Станіслава Ігнацыя Віткевіча, Габрыэлы Запольскай, Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, Джозэфа Конрада, Чарльза Дыкенса, Анарэ дэ Бальзака і інш.
Прэзентацыі чакаюць яшчэ тысячы радыёпрадукцый, кажа Януш Кукула:
- Я спадзяюся, што гэта будзе надалей працягвацца і даваць нагоду нашым слухачам пазнаёміцца з шэдэўрамі польскай і сусветнай літаратуры. Нашыя фонды невычарпальныя, паколькі цягам дзесяцігоддзяў мы стараліся, каб самыя выдатныя майстры чыталі самыя выдатныя творы літаратуры.
Кнігі чытаюць выдатныя польскія акторы, між іншым: Ірэна Квяткоўска, Тэрэса Будзіш-Кжыжаноўска, Марта Ліпіньска, Анна Сэнюк, Збігнеў Запасевіч, Кшыштаф Кальбергер, Ян Энглерт, Пётр Франчэўскі, Януш Гаёс, Кшыштаф Гашыла, Марыян Апаня і Ежы Зельнік. Радыёкнігі даступныя бясплатна на YouTube і Facebook.
IAR /аз