Беларуская Служба

У лістападзе каралеўскія рэзідэнцыі ў Польшчы можна наведаць бясплатна

03.11.2022 08:11
«Бясплатны лістапад у каралеўскіх рэзідэнцыях» – штогадовая акцыя, арганізатарам якой выступае Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.
Каралеўскі замак у ВаршавеIwona_Olczyk/pixabay.com/CC)

Яго мэта – пашырэнне даступнасці польскіх музейных калекцый і папулярызацыя рэзідэнцый польскіх манархаў. На бясплатныя музейныя заняткі і экскурсіі запрашае, між іншым, Каралеўскі музей Лазенкі ў Варшаве – кажа намесьніца дырэктара ўстановы Марыяна Атмяноўска.

-У нас можна наведаць Стайню Кубіцкага, аранжарэі, Палац на выспе. Да 1 снежня можна глядзець выставу з Даліджскай карціннай галерэі ў Лондане. Гэта калекцыя незвычайных пяці карцін, у тым ліку Рубенса і Антоніса ван Дэйка. Яны былі купленыя для караля Станіслава Аўгуста, але яны ніколі раней да нас не трапілі. На працягу цэлага лістапада выставу можна наведаць бясплатна.

Сёлета да акцыі «Бясплатны лістапад» далучыліся Каралеўскі замак у Познані і замкі ў Квідзыне і Штуме – філіялы Музею замка ў Мальбарку. Бясплатна можна наведаць самыя знакавыя польскія музеі – Каралеўскі замак у Варшаве і на Вавелі, Музей палаца караля Яна III у Вілянове. Апошнімі гадамі да акцыі далучыліся музеі ў Любліне і Сандомежы, а таксама Замак у Вялічцы.

Бясплатны лістапад – гэта магчымасць не толькі наведаць пастаянныя і часовыя выставы, але і паўдзельнічаць у шматлікіх адукацыйных сустрэчах, лекцыях, канферэнцыях, майстар-класах і музейных уроках.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры