Беларуская Служба

У Варшаве можна паглядзець выставу пра трагічны лёс першага прэзідэнта даваеннай Польшчы

09.12.2022 13:31
Экспазіцыя была наладжана ў рамках адзначэння стагоддзя прэзідэнцкай прысягі і трагічнай смерці Габрыеля Нарутовіча.
Аўдыё
  • У Варшаве можна паглядзець выставу пра трагічны лёс першага прэзідэнта даваеннай Польшчы
Габрыэль НарутовічАўтар: Невядомы - en-wp, Грамадскі набытак, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1437191

Перад будынкам Музея незалежнасці ў Варшаве адкрылася выстава пад адкрытым небам, прысвечаная прэзідэнту Рэспублікі Польшча Габрыелю Нарутовічу ў 100-годдзе яго прэзідэнцкай прысягі і трагічнай смерці. Фатаграфіі з калекцыі музея і лічбавага архіва паказваюць жыццёвы шлях Габрыеля Нарутовіча – выдатнага вучонага, інжынера і першага прэзідэнта адроджанай Польшчы.

Габрыэль Нарутовіч быў інжынерам-гідратэхнікам і электратэхнікам, выдатным навукоўцам і паважаным выкладчыкам, а таксама будаўніком і паспяховым прадпрымальнікам у Еўропе.
Куратар аддзела калекцый Музэя незалежнасці Лукаш Жывэк(Łukasz Żywek), кажа, што навуковая кар’ера Габрыеля Нарутовіча, якая пачала развівацца ў Швейцарыі, заслугоўвае асаблівай увагі:

- Там ён вывучаў матэматыку ў Цюрыхскім палітэхнічным ўніверсітэце. У 1907 годзе ён стаў прафесарам гэтага ўніверсітэта, а праз некалькі гадоў – дэканам. У Заходняй Еўропе ён быў вядомы сваёй інжынернай дзейнасцю, быў аўтарам шматлікіх гідраэлектрастанцый у Заходней Еўропе – у Швейцарыі, Іспаніі, Францыі, паўночнай Італіі. За незалежніцкую дзейнасць царскія ўлады выдалі загад аб яго арышце, што не дазволіла яму вярнуцца ў краіну. У 1895 годзе прыняў швейцарскае грамадзянства.

Падчас Першай сусветнай вайны ён наблізіўся да канцэпцый Юзэфа Пілсудскага. Праз год пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы Нарутовіч вярнуўся ў краіну, дзе актыўна заняўся аднаўленнем дзяржавы. Да таго, як стаць прэзідэнтам, ён быў міністрам грамадскіх работ і міністрам замежных спраў.

Габрыель Нарутовіч быў абраны на прэзідэнта 9 снежня 1922 года, шляхам выбараў, якія праходзілі ў атмасферы палітычнага расколу. Ні адна з партый не мела відавочнай большасці ў новым Нацыянальным сходзе. Кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне было некалькі. Пра абставіны, у якіх Габрыель Нарутовіч стаў прэзідэнтам расказвае гісторык Януш Асіца(Janusz Osica):

- Гледзячы з тагачаснай перспектывы, Нарутовіч быў вядомай асобай. Ён зрабіў сусветную кар’еру, быў палякам, якому пашанцавала. Успрымаўся, як бескарыслівы чалавек, які справіўся на палітычных пасадах.

Габрыеля Нарутовіча надзвычай крытыкавалі тагачасныя правыя колы. Нягледзячы на тое, ён узяў на сябе цяжкую місію і заняў пасаду прэзідэнта, нагадаў кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык(Jan Józef Kasprzyk):

- Ён ведаў, што яго кандыдатура выклікала хвалю пагарды, але ў размове з Юзэфам Пілсудскім, сказаў, што павінен прыняць гэтую пасаду, паколькі разумее свой патрыятызм, як службу народу і дзяржаве.

Габрыель Нарутовіч быў абраны прэзідэнтам у выніку пятага галасавання, галоўным чынам дзякуючы падтрымцы левых і нацыянальных меншасцей. Выбары крытыкаваліся правымі сіламі. У Варшаве адбыліся беспарадкі. Калі 11 снежня спікер Сейма Мацей Ратай прыняў прысягу новага прэзідэнта, лаўкі правага крыла ў палаце былі пустымі. Па дарозе ў Сейм адбылося некалькі інцыдэнтаў, карэту прэзідэнта закідалі балотам і замерзлым снегам.

На выставе ля Музея незалежнасці прадстаўлены пяць складаных дзён Габрыеля Нарутовіча на пасадзе прэзідэнта Польшчы, кажа Лукаш Жывэк:

- Не ўсе добра ўспрынялі яго выбар – пачаліся беспарадкі і дэманстрацыі. Габрыель Нарутовіч атрымліваў лісты з пагрозамі. 9 снежня ён быў абраны на галоўную пасаду ў дзяржаве, два дні пазней даў прысягу. Нягледзячы на праблемы, Нарутовіч стараўся выконваць свае абавязкі. Сустрэўся з маршалам Юзэфам Пілсудскім у Бэльведэры. Ён таксама стараўся сфармаваць урад і аб'яднаць варагуючыя партыі.

Габрыель Нарутовіч займаў найвышэйшую пасаду ў краіне ўсяго некалькі дзён. Выстава паказвае яго трагічны візіт у галерэі Захэнта 16 снежня 1922 года, дзе ён загінуў, застрэлены фанатыкам Элігіюшам Невядомскім. Зламыснік стрэліў тройчы, адна з куль трапіла Нарутовіча ў сэрца. Прэзідэнта пахавалі праз шэсць дзён, то бок 19 снежня 1922 года ў сутарэннях сабора святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымкі з пахавальнай цырымоніі таксама можна паглядзець на выставе ля Музея незалежнасці ў Варшаве.

Габрыеля Нарутовіча можна разглядаць як прыклад чалавека, які ахвяраваў сабой за Польшчу, лічыць старшыня Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Юзэф Каспшык:

- Гэта прыклад партыёта, які ўмеў адмовіцца ад уласных спраў на карысць службе Айчыне. Гэта завяшчанне стваральнікаў даваеннай Польшчы – служыць Айчыне. Нягледзячы на сваю функцыю ў грамадстве згаданае завяшчанне павінен рэалізаваць кожны з нас.

Забойца прэзідэнта Нарутовіча жывапісец і мастацтвазнавец Элігіюш Невядомскі меў надзвычай нацыяналістычныя погляды. Ён патлумачыў, што забіў прэзідэнта, які быў абраны «галасамі ворагаў польскай дзяржавы». Падчас аднадзённага суда ён не раскаяўся. Ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання.

Пераемнік забітага прэзідэнта Станіслаў Вайцяхоўскі правам памілавання не скарыстаўся. На досвітку 31 студзеня 1923 года прысуд быў прыведзены ў выкананне ў Варшаўскай цытадэлі.

Выстава ля Музея незалежнасці ў Варшаве, прымеркаваная да 100-годдзя абрання Габрыеля Нарутовіча на пасаду прэзідэнта і яго трагічнай смерці набліжае постаць гэтага незвычайнага палітыка, навукоўца і інжынера. Яе можна глядзець да 31 студзеня 2023 года.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Маўзалей Прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні і Мемарыяльная выстава запрашаюць наведвальнікаў (ФОТА)

11.11.2022 10:11
Адкрыццё маўзалея і выставы завяршае чатырохгадовае святкаванне 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.