Беларуская Служба

Узгадваем навучанне памерлага Бэнэдыкта XVI

05.01.2023 14:22
Да абрання на Папу рымскага кардынал Ёзэф Ратцынгер, які лічыцца адным з найвыбітнейшых сучасных тэолагаў, займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння. 
Аўдыё
  • Узгадваем навучанне памерлага Бэнэдыкта XVI
.
. PAP/EPA/MARTIN DIVISEK

5 студзеня пахавалі Папу рымскага на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Ён узначальваў Каталіцкі Касцёл з 2005 па 2013 год. Быў першым рымскім біскупам з XIII стагоддзя, які добраахвотна пакінуў сваю пасаду. Абвясціў аб адстаўцы 11 лютага 2013 году. «Я сыходжу з пасады дзеля дабра Касцёла», — сказаў ён, растлумачыўшы, што сыходзіць у сувязі са сталым узростам і пагаршэннем здароўя.

Да абрання на Папу рымскага кардынал Ёзэф Ратцынгер, які лічыцца адным з найвыбітнейшых сучасных тэолагаў, займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння. Ён быў адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ, у 1978 годзе быў адным з галоўных прыхільнікаў абрання Караля Вайтылы папам.

Кардынал Ратцынгер быў абраны Папам Рымскім 19 красавіка 2005 года. 24 красавіка 2005 г. больш за паўмільёна чалавек, у тым ліку 140 афіцыйных дэлегацый з усяго свету, прыбылі ў Ватыкан на інаўгурацыю Пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Падчас урачыстай святой Імшы Папа абвясціў, што кірунак свайго служэння будзе вызначаць слухаючы волю Бога:

-Мая сапраўдная праграма заключаецца не ў тым, каб прытрымлівацца ўласнай волі, не кіравацца сваімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам слухаць слова і волю Пана, дазваляць Яму весці мяне, каб Ён сам вёў Касцёл у гэтую гадзіну нашай гісторыі.

Бэнэдыкт XVI, які абраў сваім дэвізам словы «Супрацоўнікі праўды», часта ўздымаў гэтае пытанне як неаддзельнае ад веры. У гаміліі, прамоўленай у санктуарыі Марыяцэль у Аўстрыі ў 2007 г., Папа сказаў, што адмова ад пошуку праўды вядзе да знішчэння чалавека і свету.

–Адмова ад праўды - гэта сутнасць крызісу Захаду і Еўропы. Калі для чалавека няма праўды, ён нават не можа адрозніць дабро ад зла. І тады вялікія і выдатныя дасягненні навукі становяцца неадназначнымі: яны могуць адкрыць шлях да дабра, для збаўлення чалавека, але яны таксама могуць, як мы гэта бачым, стаць страшнай пагрозай, знішчэннем чалавека і свету. Нам патрэбна праўда.

Бэнэдыкт XVI здзейсніў 24 замежныя паездкі. Знакавым стаў яго візіт у былы нямецкі канцлагер Аўшвіц-Біркенаў падчас знаходжання ў Польшчы ў 2006 годзе. Папа адзін моўчкі прайшоў праз браму з надпісам «Arbeit macht frei». Ён сустрэўся з былымі вязнямі лагера, паразмаўляў з кожным з іх, а затым памаліўся ля Помніка пакутніцтва народаў.

У сваёй прамове Бэнэдыкт XVI спаслаўся на візіт Яна Паўла ІІ у Асвенцім. Ён таксама спаслаўся на сваё нямецкае паходжанне і палічыў, што знаходжанне ў былым лагеры было абавязкам.

-Ян Павел ІІ быў тут як сын польскага народа. Я прыязджаю сюды як сын нямецкага народа, і таму павінен і магу паўтарыць за сваім папярэднікам: я не мог сюды не прыехаць. Я павінен быў сюды прыехаць. Гэта быў і ёсць абавязак перад праўдай, перад тымі, хто тут пакутаваў, абавязак перад Богам.

Сярод шматлікіх задач пантыфікату Бэнэдыкт XVI на асаблівае месца паставіў місію ў адносінах да моладзі, сярод іншага, з адабрэння Папы быў выдадзены “Youcat” – катэхізіс для моладзі, да якога ён сам напісаў прадмову. Папа працягнуў сусветныя сустрэчы, распачатыя Янам Паўлам ІІ.

Бэнэдыкт XVI узначаліў Сусветныя дні моладзі ў Кёльне (2006), Сіднэі (2008) і Мадрыдзе (2011). У Сіднэі ён заклікаў моладзь быць прарокамі новай эры любові. Папа падкрэсліў, што свет патрабуе абнаўлення:

-Новая эра, у якой любоў не будзе прагнай і эгаістычнай, але чыстай, вернай і сапраўды свабоднай, адкрытай на іншых, якая паважае іх годнасць, шукае дабра, выпраменьвае радасць і прыгажосць. Новая эра, у якой надзея вызваляе нас ад павярхоўнасці, апатыі і самазачаравання, якія душаць нашы душы і атручваюць адносіны».

Бэнэдыкт XVI засяродзіў свой пантыфікат на фундаментальнай місіі Касцёла, заснаванай на любові да Бога. Ён часта падкрэсліваў неабходнасць аднаўлення веры, пабудаванай на сапраўдных адносінах паміж чалавекам і Хрыстом. Ён лічыў, што вялікае заданне і надзея сучаснага свету — гэта евангелізацыя, таму, між іншым, заснаваў Папскую раду па спрыянні новай евангелізацыі.

Папа неаднаразова выказваў салідарнасць са слабымі, выключанымі і хворымі, ахвярамі войнаў і канфліктаў. Ён рашуча выступаў за абарону чалавечага жыцця, выступаў супраць абортаў і эўтаназіі. Ён перасцерагаў ад рэлятывізму не толькі ў міжасабовых адносінах, але таксама ў Касцёле і паміж народамі. Ён выказаў заклапочанасць хрысціянскай еднасцю, не адмаўляючыся ад міжрэлігійнага дыялогу.

Ён склікаў і старшынстваваў на пяці асамблеях Сінода Біскупаў і заснаваў асабістыя ардынарыі для тых англікан, якія жадалі перайсці ў Каталіцкі Касцёл. У 2007 г. ён юрыдычна ўрэгуляваў пытанні Трыдэнцкіх Імшаў.

Пасля адстаўкі Бэнэдыкта XVI канклаў, сабраны ў Рыме 13 сакавіка 2013 г., абраў Папам кардынала Хорхе Марыё Берголіа з Аргенціны, які прыняў імя Францішак.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры