У гэты дзень запланавана супольная малітва ў цэнтры горада, на месцы, дзе была сінагога, спаленая немцамі ў 1939 годзе.
Мітрапаліт Лодзінскі арцыбіскуп Гжэгаж Рысь адзначыў, што гэты дзень таксама мае на мэце культываваць памяць аб габрэйскай прысутнасці ў Польшчы.
-Мы кажам пра Дзень юдаізму ў краіне, дзе перад вайной жыло 3 мільёны габрэяў. Нельга пра гэта не памятаць. Я цяпер арцыбіскуп Лодзі. У горадзе перад вайной жыло 250 тысяч габрэяў. Сёння ў Лодзі габрэйская супольнасць налічвае 100 чалавек. Заўсёды гістарычны момант вельмі важны, але толькі ў спалучэнні з ранейшым момантам малітвы.
У Вышэйшай семінарыі Седлецкай дыяцэзіі адбудзецца сесія, прысвечаная гісторыі юдаізму на сядлецкай зямлі. Таксама запланаваныя панэльныя дыскусіі на тэму польска-габрэйскіх стасункаў з удзелам старшакласнікаў і студэнтаў. Спецыяльным госцем урачыстасцяў будзе рабін Боаз Паш з Ізраілю, які прачытае лекцыю аб тлумачэнні Старога Запавету.
Напрыканцы Дня юдаізму ў катэдры ў Седльцах запланавана міжрэлігійнае свята Божага Слова.
Традыцыйна на наступны дзень, то бок 18 студзеня ў Польшчы распачнецца Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Яго дэвізам з'яўляюцца словы са Святога Пісання: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасць».
Сакратар Рады Канферэнцыі Біскупаў Польшчы па справах экуменізму, ксёндз Славамір Паўлоўскі тлумачыць, што матэрыялы для супольных малітваў падрыхтавала Рада цэркваў Мінэсоты ў ЗША.
-Яны падрыхтавалі фрагмент з першага раздзелу кнігі прарока Ісая. Гэта вельмі моцны тэкст, які крытыкуе фальшывую рэлігійнасць, рытуалы, фармалізм, крывадушнасць, у выніку якой мы праслаўляем Бога вельмі вонкава, не заўважаючы патрэбаў свайго брата і прыціснутых. Адсюль дэвіз: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасць».
На працягу Тыдня малітвы за еднасць хрысціян вернікі розных канфесій сустрэнуцца на экуменічных набажэнствах. Цэнтральная цырымонія адбудзецца ў нядзелю 22 студзеня ў 18.00 у рымска-каталіцкім касцёле Святых Яна Хрысціцеля і Евангеліста ў Любліне. Пропаведзь прамовіць старшыня Экуменічнай рады Польшчы біскуп Анджэй Маліцкі з Евангелічна-метадысцкай царквы.
ав