У Хелмінскім павеце ў Куяўска-Паморскім ваяводстве былі знойдзеныя дзясяткі бронзавых упрыгожанняў: бусы, бранзалеты, накаленнікі, дэкаратыўныя шпількі, а таксама мноства чалавечых костак. На думку археолагаў, гэта рэшткі рытуалаў ахвярапрынашэння, якім 2,5 тысячы гадоў.
Зараз месца знаходак – гэта асушанае тарфяное балота, пераўтворанае ў сельгасугоддзі, але ў VI стагоддзі да нашай эры там было возера. Адкрыццё было зроблена ў раёне Хелмінскага Паазер'я членамі Куяўска-Паморскай групы даследчыкаў гісторыі, якія праводзілі пошукі з выкарыстаннем металашукальнікаў.
Неадкладна на месцы знаходкі пачаліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Войцеха Сасноўскага з Ваяводскага ўпраўлення па ахове помнікаў у Торуні. У іх прынялі ўдзел даследчыкі з Інстытута археалогіі Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні і службы Вдэцкага ландшафтнага парка.
«У VI стагоддзі да нашай эры, гэта значыць у раннім перыядзе жалезнага веку, тут праводзіліся цыклічныя рытуальныя цырымоніі», – заявіў Войцех Сасноўскі.
Па словах даследчыкаў, большасць прадметаў, выяўленых падчас даследаванняў, уяўляюць сабой цэлыя або пашкоджаныя ўпрыгажэнні. Большасць з іх, на думку даследчыкаў, звязаная з прадстаўнікамі лужыцкай культурнай супольнасці, якія жылі ў той час у вядомым цяпер гарадзішчы ў Біскупіне.
Аднак ёсць і чужыя для гэтай тэрыторыі абʼекты, якія можна звязваць з колам скіфскай цывілізацыі і яе ўплывам з тэрыторыі сённяшняй Украіны.
PAP/аз