Беларуская Служба

Замак у Тучне – адна з найпрыгажэй распаложаных рэзідэнцый у Польшчы

17.03.2023 10:45
Рэзідэнцыя роду Ведэляў у Тучне, як амаль кожны гістарычны будынак, мае сваю трагічную легенду.
Аўдыё
Замак Тучна Autorstwa Mzopw (mzopw) - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=169979

Сёння запрашаем у Тучна – горад у Заходнепаморскім ваяводстве, у Валэцкім павеце. Рэзідэнцыя размешчаная на невялікім узвышшы паміж азёрамі: Тучна, Замкавым і Ліптоўскім на паўднёвым ускрайку гарадка. Маляўнічы комплекс знаходзіцца недалёка ад Дравенскага нацыянальнага парка.

Замак Тучна быў пабудаваны родам Ведэляў у XIV стагоддзі на месцы былога паморскага гарадзішча. На той час гэта быў гатычны будынак з цэглы і каменю, з уязной брамай у паўночнай частцы ўмацаванняў.

Замак у Тучне быў адным з найважнейшых стратэгічных пунктаў на мяжы Брандэнбурга і Валэцкай зямлі. Сам імператар Карл IV у 1375 годзе назваў яго адным з 12 наймацнейшых замкаў на ўсход ад ракі Одэр.

У 1365 годзе род Ведэляў пакланіўся польскаму каралю і з таго часу служыў Польшчы, таксама зброяй і замкам. Для ўзмацнення абарончых функцый комплекса каля 1400 года замак быў абнесены з трох бакоў ровам, шырынёй у 25 метраў.

У XV стагоддзі замак Тучна некалькі разоў падвяргаўся безвыніковай аблозе тэўтонскіх войскаў, але і некалькі разоў быў імі захоплены. У тым ліку, у 1458 годзе тэўтонцы спалілі крэпасць.
Пасля падпісання Другога Торуньскага міру ў 1466 годзе Тучна вярнулася ў Польшчу, а род Ведэлаў-Тучыньскіх вырашыў аднавіць і рэканструяваць замак. З часам першапачаткова абарончы комплекс пачаў набываць рысы палаца ў стылі барока.

Тучна ў часы падзелу Польшчы, паштоўка/ Autorstwa M. Böthin, Tütz, W.-Pr. - Zeno.org, ID number 20000673323, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=38593358 Тучна ў часы падзелу Польшчы, паштоўка/ Autorstwa M. Böthin, Tütz, W.-Pr. - Zeno.org, ID number 20000673323, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=38593358

Пасля смерці апошніх прадстаўнікоў рода Ведэляў-Тучыньскіх замак некалькі разоў мяняў гаспадароў. У 1903 годзе ён быў часткова адрэстаўраваны пад шпіталь «Карытас».

У 1934-1937 гадах на паўднёвым схіле замкавага ўзвышша былі пабудаваныя жалезабетонныя баявыя бункеры і замак увайшоў комплекс умацаванняў «Паморскага вала».

У выніку баявых дзеянняў і падрыву бункераў у 1945 годзе часткова разбураны быў і сам замак. Дадаткова да знішчэння прычыніўся пажар, які ўспыхнуў у 1947 годзе.
Работы па ўпарадкаванні замкавага комплекса і забеспячэнні аб’екта пачаліся ў 1957 годзе, а ў 1959-1962 гадах былі праведзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні, якія выявілі фрагменты першапачатковага гатычнага замка.

Уязная брама/Autorstwa MOs810 - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=18177741 Уязная брама/Autorstwa MOs810 - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=18177741

У 1966 годзе пачалася 10-гадовая рэканструкцыя комплекса. Пасля ейнага завяршэння замак у Тучне нанава атрымаў свой выгляд з пачатку XIX стагоддзя. Паўднёвы і заходні флігеры былі перабудаваны ў стылі барока, а ўсходні – у стылі рэнесансa, уключна з арыгінальнымі фрэскамі гэтага флігера.

Зараз самай старой часткай аб’екта, якая датуецца прыкладна 1338 годам, з'яўляецца ўсходні флігер. Ад гэтага перыяду да нашага часу захаваўся фрагмент сцяны, а таксама падвалы, вымураваныя з гатычнай цэглы – якія адкрытыя для наведвання.

З 1976 года замак у Тучне з’яўляецца сядзібай Дома творчасці Асацыяцыі польскіх архітэктараў з канферэнц-цэнтрам і гасцініцай.

Замак Тучна /Autorstwa Robert Rydwelski - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=38873485 Замак Тучна /Autorstwa Robert Rydwelski - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=38873485

Як і належыць такому гістарычнаму будынку, замак у Тучне мае сваю легенду і таямнічых жыхароў. Верагодна, тут можна ўбачыць то белую даму, то сквайра ў паляўнічым уборы, то абое каханкаў разам.

Любоўная драма, паводле легенды, адбылася ў XVІ, а па іншых крыніцах – у XV стагоддзі. Яе гераіняй была жонка аднаго з Ведэляў-Тучыньскіх, якая завязала раманс з маладым сквайрам.

Аднойчы, калі муж адправіўся чарговую ў паездку, гаспадыня вырашыла ісці на паляванне. Птушкі, на якіх яна палявала, схаваліся ў кустах, але жанчына працягвала страляць і выпадкова смяротна параніла каханка.

Адчай быў настолькі вялікі, што яна замкнулася ў замкавай вежы, у якой, праз некалькі дзён, слугі знайшлі яе мёртвай. Ці памерла яна ад адчаю, ці атруцілася – ніхто не ведае.

З таго часу ў замку пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. З пакоя, у якім больш за ўсё любіла бываць гаспадыня, чуваць было бразгат калаўрота, нехта бачыў, як па двары хадзіла апранутая ў белае жаночая постаць, нехта іншы бачыў агні ў вокнах вежы. Таксама быў заўважаны сквайр з сокалам, які чакаў сваю гаспадыню або абое каханкаў разам.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Пасым – найстарэйшы горад на Мазурах (ФОТА)

10.03.2023 15:01
Гарадок лічыцца ўлюбёным месцам адпачынку жыхароў Варшавы.