Беларуская Служба

Нашчадак Гедыміна і Альгерда, сваяк Ягайлы — кароль Рэчы Паспалітай Міхал Карыбут Вішнявецкі «вяртаецца» да нашчадкаў

14.09.2023 15:51
У Варшаве пад рэдакцыяй Збігнева Хундэрта выйшла калектыўная манаграфія пра Міхала Карыбута Вішнявецкага, у 1669–1673 гг. караля польскага і вялікага князя літоўскага.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Хундэрт пра М.К.Вішнявецкага.
          Żył królem, umarł człowiekiem. Michał Korybut Wiśniowiecki i jego czasy 16691673.
Збігнеў Хундэрт у двары Каралеўскага замка ў Варшаве з кнігай Żył królem, umarł człowiekiem. Michał Korybut Wiśniowiecki i jego czasy 1669–1673. Viktar Korbut

Міхал Карыбут Вішнявецкі, вядомы таксама як кароль Міхал I, кіраваў Рэччу Паспалітай нядоўга — у 1669–1673 гг. Сёлета, 10 лістапада, спаўняецца 350 гадоў завяршэння яго праўлення і смерці гэтага малавядомага манарха, караля польскага і вялікага князя літоўскага, а значыць, уладара і тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Żył królem, umarł człowiekiem. Michał Korybut Wiśniowiecki i jego czasy 1669–1673 (“Жыў каралём, памёр чалавекам. Міхал Карыбут Вішнявецкі і яго час. 1669–1673 гг.”) — кніга пад такой назвай выйшла ў Выдавецтве Каралеўскага замка ў Варшаве — музея Arx Regia. Яе ўкладальнік і адзін з аўтараў гісторык Збігнеў Хундэрт, куратар аддзела навуковых і музейных праектаў Цэнтра гістарычных даследаванняў Каралеўскага замка ў Варшаве — музея. У кнізе на 400 з гакам старонках змешчана 17 тэкстаў, прысвечаных каралю і яго эпосе — не толькі палітычным падзеям, але і мастацтву таго часу (сярод аўтараў Ілёна Чаманьская, Дарота Грагаровіч, Аляксандра Зёбэр, Конрад Бабятыньскі, Анна Сыльвія Чыж і інш.).

Адзначым, што менавіта з Каралеўскага замка ў Варшаве Міхал Карыбут Вішнявецкі, як і іншыя польска-літоўскія манархі, кіраваў вялікімі абшарамі — ад Познані да Віцебска, ад Балтыйскага мора да берагоў Дняпра.

Збігнеў Хундэрт: — Ён паходзіў са старажытнага сямейства, якое выводзіла свой радавод ад Карыбута, брата Ягайлы. Можна, натуральна, сумнявацца, ці з’яўляецца гэты радавод праўдзівым, ці не быў дапісаны да сямейнай традыцыі. Але для сучаснікаў гэта не з'яўлялася чымсьці дыскусійным: усе прымалі як факт паходжанне Вішнявецкіх ад Карыбута.

Міхал Карыбут Вішнявецкі быў сынам Ярэмія Вішнявецкага, які меў вялікія ўладанні на левабярэжнай Украіне. Ён быў моцна звязаны з тэрыторыяй сучаснай заходняй Украіны, вядомай у той час пад назвай Чырвоная Русь, Рускае ваяводства, а таксма з Валынню. Адной з яго галоўных сядзіб быў Белы Камень у Львоўскай зямлі. І тут нарадзіўся ў 1640 г. будучы кароль, які падчас хрышчэння прыняў імёны Міхал і Томаш. Праўда, імені Томаш ён сам не ўжываў. А падчас праўлення падпісваўся словамі: Michał król (“Міхал кароль”). А таксама яго называлі Міхалам І.

Віншявецкія, такім чынам, паходзілі, калі ў гэта верыць, ад літоўскіх князёў — нашчадкаў Гедыміна і Альгерда, сваякоў Ягайлы, а з другога боку, ад той іх галіны, якая прыняла праваслаўе і рускую (г. зн. у тэрміналогіі таго часу праваслаўную) культуру і ідэнтычнасць, адпаведна, і рускую мову (з якой пазней выйшлі сучасныя ўкраінская і беларуская). Кім сябе адчуваў кароль? 

Збігнеў Хундэрт: — Ён адчуваў сябе палякам, у тагачасным сэнсе гэтага слова, г. зн. прадстаўніком палітычнага народа — эліты тагачаснай Рэчы Паспалітай. У той жа час ён усведамляў, што, будучы палякам па нацыянальнасці, дзяржаўнай прыналежнасці, ён з’яўляецца паводле паходжання русінам. Ён, відавочна, ведаў, што паходзіць са старога літоўска-рускага роду, звязанага праз Карыбута з Ягелонамі, а нават з Рурыкавічамі. І гэты старажытны род раней быў праваслаўны, бо толькі бацька Міхала перайшоў у каталіцтва пад уплывам адукацыі, атрыманай у езуіцкай школе.

Трэба меркаваць, што Міхал Карыбут Вішнявецкі не парываў сувязі са сваімі рускімі каранямі, шануючы праваслаўную веру, гаворачы пра яе з павагай як пра “старажытную рэлігію”.

Збігнеў Хундэрт з жалем канстатуе, што пасля караля Міхала І засталося нямнога памятных мясцін, хаця выдадзеная пра яго кніга дазваляе ажыццявіць па іх падарожжа.

Збігнеў Хундэрт: — Міхал Карыбут Вішнявецкі пахаваны ў Кракаве, у той жа час яго сэрца знаходзіцца ў касцёле ордэна камедулаў, які цяпер належыць Універсітэту кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. У часы караля гэты касцёл знаходзіўся па-за Варшавай, а цяпер гэта сталічны раён Бяляны.

Ва Украіне, на бацькаўшчыне караля, пра яго мала што сведчыць. Аднак у горадзе Лубны Палтаўскай вобласці, дзе была адна з сядзіб Вішнявецкіх, у прыватнасці, Ярэмія Вішнявецкага, бацькі караля, існуе вуліца Князёў Вішнявецкіх.

У кнізе Żył królem, umarł człowiekiem. Michał Korybut Wiśniowiecki i jego czasy 1669–1673 мастацтвазнавец Анна Сыльвія Чыж падрабязна апісвае спадчыну, якая засталася з часоў Міхала Карыбута Вішнявецкага як у касцёле камедулаў у варшаўскіх Бялянах, так і ў касцёле камедулаў у Пажайслісе пад Каўнасам, заснаванага Пацамі.

Збігнеў Хундэрт у той жа час не прыпамінае, ці бываў Міхал Карыбут Вішнявецкі, вялікі князь літоўскі, у ВКЛ.

Збігнеў Хундэрт: — Пры тым, што падчас яго праўлення ВКЛ з’яўлялася адным з бастыёнаў падтрымкі Міхала Карыбута Вішнявецкага. Гэта было звязана з вялікім уплывам на жыццё ВКЛ сям’і Пацаў. Пацы лічылі, што захаваюць свае пазіцыі толькі ў тым выпадку, калі стануць каля трона, на баку караля. Таму кароль Міхал мог разлічваць на падтрымку Пацаў і ўсяго ВКЛ.

На троне Рэчы Паспалітай Міхал Карыбут Вішнявецкі не змог вырашыць большасць праблем. Аднак, нягледзячы на свае недахопы, кароль Міхал атрымаў многія негатыўныя ацэнкі дзякуючы дзейнасці антыкаралеўскай апазіцыі, якая не была згодна з выбарам яго на трон.

Аднак на самай справе гэта быў чалавек з добрымі намерамі. І адным са станоўчых вынікаў яго праўлення было тое, што ён у 1673 г. прымірыў розныя партыі ў палітычнай прасторы Рэчы Паспалітай, што дазволіла выйсці з парламенцкага крызісу. Але гэта каштавала яму здароўя і смерці ў вельмі маладым узросце — 33 гадоў.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Вільні выйшла кніга пра Умястоўскіх, сяброў Дзюма-сына, Вагнера і землякоў Пазняка

23.02.2023 15:51
Літоўскі мастацтвазнавец Яланта Шыркайце напісала кнігу пра Умястоўскіх, вядомых у Беларусі па палацы ў Жамыславе, копіі варшаўскага ў Каралеўскіх Лазенках.

Адам Міцкевіч і Роман Афтаназы натхнілі Гжэгажа Ранкоўскага на напісанне трохтомніка пра замкі і палацы Беларусі і Літвы

16.03.2023 14:40
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў даведнікі Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP — па трох ваяводствах даваеннай РП: Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім.