Беларуская Служба

У Вільні выйшла кніга пра Умястоўскіх, сяброў Дзюма-сына, Вагнера і землякоў Пазняка

23.02.2023 15:51
Літоўскі мастацтвазнавец Яланта Шыркайце напісала кнігу пра Умястоўскіх, вядомых у Беларусі па палацы ў Жамыславе, копіі варшаўскага ў Каралеўскіх Лазенках.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Шыркайце пра Умястоўскіх.
   .
Палац Умястоўскіх у Жамыславе.Commons.wikimedia.org/Вікторыя Пярлухіна. Собственная работа/CC BY-SA 3.0

На сёлетнім Віленскім кніжным кірмашы (Vilniaus knygų mugė), які праходзіць 23-26 лютага, Яланта Шыркайце, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута даследаванняў культуры Літвы, прадстаўляе сваю новую кнігу — Janina ir Vladislovas Umiastovskiai («Яніна і Уладзіслаў Умястоўскія»; Вільня: Vilniaus klubas 2022), пра філантропаў польскага паходжання пачатку ХХ ст. Шыркайце вядома як у Літве, так і ў Польшчы і Беларусі як даследчык культурнай прасторы былой Рэчы Паспалітай. Новая праца вучонай закранае гісторыю і сучаснасць усіх трох краін.

Яніна і Уладзіслаў Умястоўскія ў Літве перш за ўсё вядомы як уладальнікі палаца у Вільні, на вул. Троцкай (Траку, 2; палац купіў Казімеж Умястоўскі, які перабудаваў яго, а яго сын Уладзіслаў рэканструяваў). У палацы цяпер знаходзіцца Віленскі клуб, які заказаў Яланце Шыркайце напісанне кнігі пра Умястоўскіх.

А ў Беларусі іх ведаюць як будаўнікоў палаца ў Жамыславе і касцёла ў Суботніках.

Яніна Умястоўская сваімі філантропскімі праектамі асабліва адзначылася ў 1920-1930-я гг., калі Вільня і прылеглыя землі ўваходзілі ў склад Польшчы.

Яланта Шыркайце напомніла, што сам род Умястоўскіх паходзіць з Умястува — цяпер гэта вёска ў Мазавецкім ваяводстве РП, недалёка ад Варшавы.

Яланта Шыркайце:У Літве яны вядомы з XVI ст. Тут яны перажаніліся, атрымалі ва ўладанне розныя зямельныя надзелы — і не толькі ў Літве, але таксама і ў Лівоніі. Яны належаць, можна сказаць, народам трох сучасных дзяржаў — Літвы, Польшчы, Беларусі.

У Беларусі Умястоўскія пакінулі па сабе палац у Жамыславе. Гэта паселішча набыў яшчэ ў 1805 г. Якуб Умястоўскі, дзед Уладзіслава. А сучасны палац пабудаваў Казімеж Умястоўскі, бацька Уладзіслава, разам з жонкай Юзэфай.

Яланта Шыркайце:Яны пабудавалі палац у Жамыславе на ўзор рэзідэнцыі ў варшаўскіх Каралеўскіх Лазенках. Іх архітэктура вельмі падобная, з вельмі нязначнымі адрозненнямі ў дэталях. Але палац у Жамыславе сваім аб’ёмам, маштабам нават большы за лазенкаўскі.

Палац у Лазенках быў узорам для наследавання. І копія гэтага палаца знаходзіцца не толькі ў Жамыславе, але таксама ў Траку Воке пад Вільняй. Але там трохі меншая па памерах копія гэтага будынка. Такім чынам, мы маем сёння ў Літве і Беларусі копіі варшаўскіх Лазенак. Але стан палаца ў Жамыславе вельмі сумны...

Таксама Умястоўскія пабудавалі касцёл у Суботніках (дарэчы, з Суботнікаў родам дзеяч беларускага нацыянальнага руху Зянон Пазняк. — Рэд.). Гэты касцёл быў узведзены паводле волі Уладзіслава Умястоўскага ў 1904 г. А ў 1905 г. Уладзіслаў памёр. І тады яго ўдава Яніна аздобіла інтэр’ер храма: усё — алтары, абразы, мазаікі.

Умястоўскія былі вельмі багатыя землеўладальнікі. Акрамя Жамыслава ў іх было многа іншых фальваркаў, якія належалі іх продкам, а пазней іх воляю лёсу атрымаў у спадчыну Уладзіслаў Умястоўскі. Ён трымаў свае ўладанні ў вельмі добрым стане — як эстэтычным, так і гаспадарчым. Ён пабудаваў тартак, займаўся жывёлагадоўляй, трымаў бровар. А прадукцыю экспартаваў у Еўропу.

Калі Уладзіслаў памёр, і Яніна стала ўдавой, яна занялася дабрачыннасцю. Таксама яна больш часу праводзіла ў Вільні, а не ў Жамыславе.

Яланта Шыркайце:Яніна вырашыла падарыць жамыслаўскі маёнтак віленскаму Універсітэту Стэфана Баторыя. Яна задумала стварыць тут, як цяпер кажуць, навуковы кластар: калі вучоба ідзе паралельна з вытворчасцю, практыкай.

У палацы вялося выкладанне розных земляробчых прадметаў. На палях вяліся гаспадарчыя работы.

Яніна зрабіла вельмі многа добрых спраў.

У біяграфіі Умястоўскіх былі і польскія, заходнееўрапейскія старонкі. Прычым як у пачатку іх жыццёвага шляху, так і ў канцы.

Кніга Яланты Шыркайце Janina ir Vladislovas Umiastovskiai. Кніга Яланты Шыркайце Janina ir Vladislovas Umiastovskiai.

Яланта Шыркайце:Абое былі вельмі начытаныя, ведалі многа замежных моў. Напрыклад, Уладзіслаў яшчэ да сустрэчы з Янінай доўга жыў у Парыжы, сябраваў з пісьменнікам Аляксандрам Дзюма, яго сынам, пераклаў на польскую мову раман “Дама з камеліямі” Аляксандра Дзюма-сына. А кракаўскі драматычны тэатр паставіў гэту п’есу, таксама як і яшчэ адну п’есу Дзюма-сына, якую Уладзіслаў пераклаў з французскай на польскую.

Яніна, наведваючы Германію, пазнаёмілася з кампазітарам Рыхардам Вагнерам, сябравала з яго дочкамі.

Умястоўскія вельмі многа часу праводзілі за мяжой. Яны вельмі любілі Італію, а менавіта Рым. Яніна свабодна валодала італьянскай мовай. Умястоўскія сталі фундатарамі касцёла Узнясення Хрыстовага ў Рыме: падарылі вітражы, выкананыя ў майстэрні Маера ў Мюнхене. Таксама Яніна падарыла польскаму касцёлу св. Станіслава ў Рыме копію абраза Маці Божай Вастрабрамскай, да якой мастак Бенедыкт Кубіцкі спраектаваў спецыяльную раму.   

У 1938 г. Яніна Умястоўская паехала ў Італію на лячэнне. Але больш ужо не вярнулася ў Вільню і Польшчу. А ўсе яе палацы ў 1939-1940 гг. трапілі ў рукі савецкай улады.

Жыццё ж Яніны Умястоўскай скончылася ў Рыме. Дарэчы, паводле Яланты Шыркайце, яшчэ ў 1930-х гг. папа рымскі Бенедыкт XV надаў Яніне Умястоўскай тытул маркізы.

Усё, што было ва Умястоўскай, яна пакінула ў спадчыну польскай дыяспары ў Рыме — не толькі грошы, але і карціны, бібліятэку. Была толькі адна ўмова: усё гэта павінна было стаць асновай фонду імя Умястоўскай. І ў 1944 г. Фонд маркізы Яніны Зоф’і Умястоўскай быў заснаваны і дзейнічае да нашых дзён.

Яланта Шыркайце:Фонд займаецца толькі польскімі справамі. Супрацоўнічае з варшаўскім Інстытутам мастацтвазнаўства Польскай акадэміі навук. Выдае кнігі аб польскай дыяспары.

Яны страцілі ўсё, што засталося па Яніне Умястоўскай. Усё! Апрача адной карціны — яе партрэта. Там нават няма чалавека, які змог бы мне расказаць, дзе яна жыла, што пакінула. Нічога не засталося. Ні-чо-га! Я шукала яе дакументы, асабісты архіў. Няма...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ад Гродна і Саколкі да Случы і Украіны: падарожжа ў Рэч Паспалітую з Ёганам Генрыхам Мюнцам

16.02.2023 15:49
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў альбом Podróże malownicze przez Polskę 1780-1784: малюнкі Ёгана Генрыха Мюнца канца XVIII ст.