Беларуская Служба

11 лістапада ў самым цэнтры Варшавы пройдзе фестываль «Незалежная»

08.11.2023 15:26
Прысутных чакае багатая праграма. 
Аўдыё
  • 11 лістапада ў самым цэнтры Варшавы пройдзе фестываль «Незалежная»
.
..

11 лістапада ў самым цэнтры Варшавы пройдзе бясплатны фестываль з нагоды 105-й гадавіны аднаўлення незалежнасці. На Кракаўскім прадмесці шосты раз пройдзе фестываль «Незалежная».

Прысутных чакаюць канцэрты вядомых артыстаў, танцавальныя парады, шоу і ўрокі польскіх танцаў, тэатры і майстар-класы для самых маленькіх, паказ старадаўніх строяў і прагулкі на старадаўніх аўтамабілях. Госці разам будуць танцаваць паланэз.

Мерапрыемства адбудзецца на Кракаўскім прадмесці і ў бліжэйшых дворыках Варшаўскага ўніверсітэта, Акадэміі выяўленчага мастацтва і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, а таксама ў Музеі Варшаўскага ўніверсітэта і ў галерэі «Акно культуры».

На вуліцы будзе распаўсюджвацца бясплатны «Кур'ер незалежнасці».

Будзе ўнікальная магчымасць падарожнічаць у часе: кожную гадзіну з балкона палаца Тышкевічаў Патоцкіх з прамовамі выступяць Юзэф Пілсудскі, Ігнацы Ян Падарэўскі, Раман Дмоўскі, Вінцэнты Вітас, Ігнацы Дашыньскі і Войцех Карфанты.

У некалькіх месцах будуць граць музычныя аркестры розных напрамкаў. А па вуліцы будуць хадзіць акторы «Жывога тэатру» на хадулях.

На выбар удзельнікаў Саскі палац падрыхтаваў дзве тэматычныя сцежкі: Прагулка з маршалам Юзэфам Пілсудскім і прагулка з Фрыдэрыкам Шапэнам.

Каля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзэфа (паміж Прэзідэнцкім палацам і помнікам Адаму Міцкевічу) будзе праходзіць мультымедыйнае відовішча, размешчанае ў спецыяльна распрацаваным выставачнай прычэпе з выкарыстаннем сучасных візуальных тэхналогій, якое прадставіць гісторыі выбітных палякаў.

Падрабязны план фестывалю тут.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры