Касцёл адназначна стаў на бок народа пасля ўвядзення ў Польшчы камуністычнымі ўладамі ваеннага становішча 13 снежня 1981 года. Ён падтрымліваў памкненні да свабоды і заступаўся за пераследаваных і зняволеных. Акрамя душпастырства і малітвы, духавенства праводзіла шматлікую дзейнасць. Гэта, між іншым, захады перад уладамі адносна вызвалення інтэрнаваных, наведванне турмаў, дапамога – як духоўная, так і матэрыяльная – сем'ям і тым, хто жыве ў нястачы, а таксама юрыдычная падтрымка. Святары цэлебравалі Імшы за радзіму.
17 снежня быў створаны Камітэт дапамогі асобам, пазбаўленым волі, і іх семʼям пад патранатам прымаса Польшчы. У касцёльных будынках знаходзілі прытулак апазіцыянеры, распаўсюджвалася забароненая прэса, чыталіся лекцыі, арганізоўваліся патрыятычныя канцэрты і выставы, часта з удзелам вядомых артыстаў. Пераслед і арышты закраналі таксама святароў.
У першыя гадзіны ваеннага становішча выступіў прымас Юзэф Глемп (памёр у 2013 г.). У гаміліі, прамоўленай 13 снежня 1981 году ў Варшаве, ён заклікаў не распачынаць барацьбу «паляка з палякам», за што пазней яго крытыкавалі некаторыя колы, чакаючы больш радыкальнай рэакцыі. Гадамі пазней (2011) кардынал Глемп патлумачыў, што сітуацыя ўжо была настолькі напружанай, што пагражала праліццём крыві:
-Я заклікаў не прадпрымаць неабдуманых крокаў, якія маглі б выклікаць праліццё крыві. Гэта быў цяжкі час, людзі бунтаваліся. Але я бачыў, што мы павінны вытрымаць, паколькі вострая барацьба – бессэнсоўная.
Вялікую ролю ў перыяд ваеннага становішча адыграў Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Ён неаднаразова займаў крытычную пазіцыю ў адносінах да рашэнняў камуністычных уладаў, заклікаючы – таксама ў лістах да генерала Ярузельскага – спыніць гвалт і вярнуцца да дыялогу з грамадствам. Ён вёў дыпламатычную дзейнасць, накіроўваючы сваіх прадстаўнікоў у Польшчу, а таксама размаўляючы з лідарамі Захаду, у тым ліку з амерыканскім прэзідэнтам Рональдам Рэйганам.
Папа падкрэсліў салідарнасць свету з польскім народам. Пры гэтым ён рашуча падтрымаў прафсаюз «Салідарнасць». Ён запэўніў у сваёй падтрымцы ў малітве, падчас аўдыенцый распавядаў пра лісты інтэрнаваных.
Ужо 13 снежня 1981 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Рыме Ян Павал ІІ папрасіў маліцца за Польшчу і заклікаў не праліваць братэрскую кроў:
-Падзеі апошніх гадзін прамаўляюць за тым, каб я яшчэ раз звярнуўся да ўсіх у справах нашай супольнай Айчыны з просьбаю маліцца. Польская кроў не можа пралівацца, бо яе і так шмат пралілі, асабліва падчас апошняй вайны. Трэба зрабіць усё, каб у міры будаваць будучыню Айчыны.
15 снежня адбылася галоўная рада Епіскапату Польшчы, якая распрацавала і ўстанавіла праграму дзейнасці Касцёла ў дыяцэзіях па ўсёй краіне. Гэтыя рэкамендацыі, такія як кантакт з інтэрніраванымі або аказанне дапамогі, былі выкананы неадкладна. Перад Калядамі ксяндзоў Яна Сікорскага і Браніслава Дэмбоўскага адправілі да зняволеных у арышт на варшаўскай Белалэнцы. Там адпраўляліся імшы і ўдзяляліся сакраманты.
Айцец Ян Сікорскі ў 2021 годзе згадваў, што таксама дапамагаў дастаўляць лекі і сакрэтныя паведамленні. Ён распавёў пра свой візіт 25 снежня 1981 года на Каляды:
-Споведзь працягвалася вельмі доўга. У гэты час арыштаваныя спявалі калядкі, але як спявалі! Потым была Святая Імша, вялікае хваляванне, бо мы насамрэч былі першымі людзьмі звонку, якія да іх трапілі. Пасля мы, як душпастыры, на працягу некалькіх гадзін хадзілі па камерам і іх наведвалі. Пры нагодзе яны перадавалі праз нас навіны.
Сотні людзей па ўсёй краіне звярнуліся з просьбамі аб супрацоўніцтве з Камітэтам дапамогі інтэрнаваным, дзякуючы чаму ў кожнай дыяцэзіі былі яго цэнтры. Акрамя духоўнай, матэрыяльнай ці юрыдычнай дапамогі Камітэт збіраў звесткі пра інтэрнаваных.
Гаворачы пра ролю Касцёла ў драматычны перыяд ваеннага становішча, доктар Марэк Ласота з Інстытута нацыянальнай памяці гаварыў у 2016 годзе, што Касцёл быў апорай свабоды і адзіным месцам, дзе людзі маглі свабодна сустракацца:
-Стварэнне камітэтаў дапамогі зняволеным за перакананні у розных дыяцэзіях з аднаго боку было выкарыстаннем гэтай дасканалай пазіцыі, назавем яе палітычнай, а з іншага боку, нагода для вельмі евангельскай дзейнасці – несці дапамогу пераследаваным. І з гэтага пункту гледжання на тыя падзеі можна паглядзець не толькі як на чорныя карткі ў падзеяй Польшчы ХХ стагоддзя, але таксама як пэўны перыяд ачышчэння, які дазволіў сфармавацца розным пазіцыям.
Духавенства карысталася грамадскім даверам, зʼяўляючыся аўтарытэтам і апорай для розных асяроддзяў. Касцёльныя будынкі сталі месцам сустрэч і месцам сховішча многіх актывістаў «Салідарнасці». Арцыбіскуп Уроцлаўскі Генрык Гульбіновіч выратаваў ад турмы некалькіх апазіцыйных дзеячаў, ён захоўваў у сваёй рэзідэнцыі 80 мільёнаў злотых з прафсаюзных узносаў, дзякуючы чаму ўдалося захаваць іх ад канфіскацыі.
Для рэжымных уладаў святары былі ворагамі сістэмы. Служба бяспекі спрабавала паралізаваць дзейнасць Касцёла, у тым ліку шляхам пераследу супрацоўнікаў Камітэту. 3 траўня 1983 году тайная паліцыя напала на штаб-кватэру Камітэту ў касцёле св. Марціна на вуліцы Піўнай у Варшаве. Афіцэры выкралі чатырох чалавек, адвезлі іх у Кампіноскі лес і некаторых з іх жорстка збілі.
На Імшы за Айчыну збіраліся натоўпы людзей. У касцёле св. Станіслава Косткі ў Варшаве, іх цэлебраваў капелан «Салідарнасці» ксёндз Ежы Папялушка, пазней забіты СБ.
Вялікае значэнне мела пілігрымка Яна Паўла ІІ на радзіму ў чэрвені 1983 года. Ваеннае становішча тады прыпынілі, але шмат людзей усё яшчэ сядзелі ў турмах, у грамадстве была бачная стомленасць і знясіленне. Папа размаўляў з генералам Войцехам Ярузельскім і неафіцыйна сустрэўся ў Татрах з Лехам Валенсам, старшынёй забароненай «Салідарнасці». Паўтара мільёна чалавек сабраліся на варшаўскім стадыёне 10-годдзя (цяпер Нацыянальны стадыён), дзе святую Імшу цэлебраваў Ян Павел ІІ. У гаміліі Святы Айцец адзначыў, што як Папа ён глыбока перажыў польскі вопыт апошніх гадоў, пачынаючы са жніўня 1980 года. Ён падкрэсліў, што ўмовай маральнай перамогі зʼяўляецца грамадскі лад.
ав