У нас было два Вялікадня
З усяночных набажэнстваў распачынаецца ў Беларусі галоўнае свята хрысціянскага календара – Вялікдзень. Рыхтаваліся да ўшанавання Божага ўваскрашэння ў цішыні, малітве і посце.
Іерархі ўсіх хрысціянскіх канфесіяў у велікодных казаннях заклікаюць хрысціянаў быць чулымі да бяздольных, не адварочвацца ад бедных і слабых.
Са спадарыняй Кацярынай сёння згадваем пра тое, як адзначаецца Вялікдзень у Беларусі. Яна жыла з бацькамі ў вёсцы на Магілёўшчыне. Яе мама была праваслаўнай, а тата каталік, а таму ў доме было два Вялікдзеня.
Наводзілі парадкі, пасцілі…
Гэта свята, як кажа суразмоўца, заўсёды чакалі разам з вясной, хоць бацькі не былі моцна набожнымі, у храм хадзілі зрэдку, паколькі мелі шмат працы. Тым не менш, прыгатаванні да Вялікдзеня вяліся асабліва рупліва.
-Была такая, калі можна так сказаць, абавязковая працэдура – да чыстага чацвярга ўся хата павінна была быць вымытай. І вокны, і фіранкі, і набожнікі, і ручнікі, і ўсё пасцельнае на двор выносілі і прасушвалі. І ўжо ў чысты чацвер палілі лазню для сябе.
Акрамя гэтага, дадае спадарыня, абавязкова пасцілі.
-Астатні тыдзень перад святам быў шчыры пост. Мы ўжо нічога не елі ні з малаком ні са смятанаю. От, была бульба, грыбкі, капуста. Такая самая простая ежа. А ў апошні дзень быў толькі аўсяны кісель і хлеб. І нават кладоўку мама замыкала на замок.
Стравы падобныя, але ёсць і асаблівасці
І ў гэтыя дні, паводле суразмоўцы, пачыналіся прыгатаванні самых розных страваў на святочны стол.
-Абавязкова на Вялікдзень варылі халодніцу (студзень). Перад святамі заўсёды калолі свінню і рабілі каўбасы пальцам пханыя, сальсасоны, салілі кумпякі. Ну і ў апошнія дні ў печцы заўсёды пяклі шмат булак.
А вось спадарыня Святлана з Віцебшчыны згадвае, што ў іх сям’і да Вялікдзеня рыхтаваліся за некалькі месяцаў. Маўляў, яшчэ ўзімку калолі парсючка і ўжо разлічвалі якое мяса і як павінна было быць прыгатавана да свята. Ужо з зімы збіралі шалупінне ад цыбулі, якой перад святам будуць фарбаваць яйкі. Дарэчы, перад святамі прыбіралі не толькі ў хаце, але і навокал.
-Выграбалася, вычышчалася ўсё на падворку, абрэзвалася. Таксама ў хлявах, дзе стаяла жывёліна, усё падчышчалася. Кароўкам падкладвалі саломкі свежай, каб ім таксама на свята было добра.
Што датычыць страваў на святочным стале, то паводле суразмоўцы, яны былі падобныя, як і паўсюль у Беларусі, але на Вялікдзень у іх рабілі драчону, якая сустракаецца толькі на Віцебшчыне.
-Гэта сала з мясам смажанае, парэзанае сярэднімі кавалкамі, дадаецца шмат яек, у якія дадаецца трохі масла, мукі і малака. Усё гэта збіваецца і ставіцца ў печку. Гатуецца, а потым, калі вымаеш з печы, яна такая румяная, аж чырвоная, пышная і вельмі-вельмі смачная. І ў нас гэта называлася – драчона.
Яйкі фарбавалі адмыслова
Адмыслова, са слоў спадарыні Кацярыны, у іх фарбавалі яйкі. Не рабілі пісанак, як у іншых рэгіёнах, але сваім спосабам надавалі ім незвычайны выгляд.
-Клалі на яйкі лісткі сухой пятрушкі. Лісцікі адмыслова засушвалі ў кніжках, каб яны былі роўненькія. А яшчэ ў садзе цвілі рамонкі, таксама розных колераў. Іх лісцікі засушваліся, а калі яйкі фарбаваліся, то іх таксама прыкладвалі і заціскалі гумкай. У выніку на яйку адбіваўся ўзор кветачак. Вельмі прыгожа.
А яшчэ суразмоўца згадвае, што перад святамі мама абавязкова шыла ёй новую сукенку.
-Сукенка была абавязкова з кішэнямі. Я хадзіла па вёсцы, як усе дзеці тады хадзілі, і ў кішэнях насіла яйкі. Вось гэта вельмі запомнілася.
Недзе віталі Вялікдзень з першым праменьчыкам, а недзе яшчэ спалі
У сям’і Святланы на Віцебшчыне ўсе павінны былі ўставаць раніцай, да першага сонечнага праменьчыка.
-Калі нехта спаў, то будзілі. Трэба было хрыстосіцца. Адзін аднаму казалі: Хрыстос уваскрэс! А ў адказ чулі: Сапраўды уваскрэс!. І так трэба было зрабіць тры разы.
Потым, паводле спадарыні, сядалі да стала, елі напачатку свянцонае яйка, якое прынеслі з храму, а потым усё, што было за сталом.
А вось на Магілёўшчыне, як згадвае спадарыня Кацярына, на ўсю ноч у храм хадзіла толькі мама і свянціла там яйкі і хлеб. Усе астатнія спалі і нікога да першага праменьчыка не будзілі.
-У нас была такая міска вялікая і мама клала туды яйка свянцонае, налівала вады. І мы ўсе па чарзе ў гэтай вадзе мылі твары. А потым мама ўсіх нас ставіла ў радок і мы маліліся, чыталі «Ойча наш». Пасля гэтага сядалі за стол і снедалі.
Самае цікавае для дзяцей і для дарослых
А потым, усміхаючыся, згадвае суразмоўца, пачыналася самае цікавае для дзяцей. Ішлі па вёсцы і з сваім сябрамі біліся на яйкі. Жанчына кажа, што яе мама фарбавала два кошыкі яек, бо прыходзілі дзеці з усяе вёскі і трэба было ім абавязкова даць фарбаванае яйка. І Кацярына таксама пад вечар прыносіла дахаты поўныя кішэні бітак.
А вось у абед заўсёды былі госці. За сталом сядзелі толькі дарослыя: родныя і блізкія суседзі. І, дарэчы, абавязкова прыносілі прыгатаваныя стравы, яйкі фарбаваныя і кожны прыносіў хлеб і свае пірагі.
-Першую песню спявалі: «Ісус Хрыстос нарадзіўся». А потым розныя: беларускія, расейскія, украінскія. Мой тата добра іграў на гармоніку. Не памятаю, каб на гэтым свяце нехта лішак выпіў і дрэнна захоўваўся. Гэта было сапраўднае вясёлае людскае свята.
І ў эміграцыі я святкую абодва Вялікдзеня
І ў адной і другой спадарыні ўспаміны пра Вялікдзень самыя цёплыя. А спадарыня Кацярына дадае, што і зараз у эміграцыі рыхтуецца да каталіцкага свята. Вялікдзень для яе быў і застаецца святам з усіх святаў.
-Вялікдзень я і зараз буду святкаваць і каталіцкі і праваслаўны, бо ў нас у сям’і так было. Мама мая казала, што людзі ўсе роўныя і трэба паважаць святы адных і другіх. Ужо мяса я засаліла. А яшчэ з Беларусі мне даслалі маю машынку з адмысловай насадкай, каб рабіць каўбасы…
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё