Беларуская Служба

Дзеяч Таварыства беларускай мовы пра Васіля Быкава: Цяжка прыгадаць творцу, які столькі зрабіў для папулярызацыі і захавання беларушчыны

19.06.2024 16:36
Падчас станаўлення незалежнай Беларусі менавіта Васіль Быкаў стаў неаспрэчным маральным лідарам нацыянальнага адраджэння. У Варшаве ўшаноўваюць памяць выбітнага беларуса. 
Аўдыё
  • Падчас станаўлення незалежнай Беларусі менавіта Васіль Быкаў стаў неаспрэчным маральным лідарам нацыянальнага адраджэння. У Варшаве ўшаноўваюць памяць генія.
 .
Васіль Быкаў.фота: haroshak.by

19 чэрвеня мінае 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча, удзельніка Другой сусветнай вайны Васіля Уладзіміравіча Быкава.

Творчасць пісьменніка пераважна прысвечаная экзістэнцыяльнаму выбару чалавека, пастаўленага ў невыносныя ўмовы ліхалецця Другой Сусветнай Вайны. Менавіта творы Васіля Быкава, сярод усіх беларускіх пісьменнікаў, найбольш перакладалі на замежныя мовы.

Аднак Васіль Быкаў – гэта не толькі пісьменнік. Падчас станаўлення незалежнай Беларусі менавіта Васіль Быкаў стаў неаспрэчным маральным лідарам нацыянальнага адраджэння. Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі пісьменнік фактычна быў змушаны да эміграцыі.


Сяржук ГерасімовічПамятная вечарына, прысвечаная В. Быкаву

Напярэдадні стогадовага юбілею класіка Варшаўская філія Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны зладзіла памятную вечарыну, прысвечаную Васілю Быкаву. Кіраўнік філіі Сяржук Герасімовіч перакананы, што вагу Быкава пісьменніка і адраджэнца пераацаніць немагчыма:

– Нельга ўявіць сабе беларуса, які не ведае пра Васіля Быкава, і цяжка прыгадаць сабе творцу, які столькі зрабіў для папулярызацыі і захавання беларускай мовы, як Васіль Быкаў. Ён да апошняга свайго ўздыху думаў пра лёс Беларусі, мовы і нашай культуры.

Ён як мог дбаў пра будучыню краіны, каб беларусы не растварыліся ў моры расейшчыны, каб захавалася гістарычная памяць народа. І яго геніяльныя творы, яго грамадская дзейнасць былі гэтым ідэям падпарадкаваныя. Варта прыгадаць яго словы аб тым, што без сваёй мовы беларус не можа лічыцца беларусам. (...)

Лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што беларусам вельмі пашчасціла, што сярод іх нарадзіўся і сфармаваўся літаратурны талент і маральны аўтарытэт Васіля Быкава:

– Для ўсіх беларусаў вялікае шчасце, што Быкаў нарадзіўся ў Беларусі, выжыў падчас рэпрэсій і вайны, здолеў сфармавацца як вялікі пісьменнік і вялікі грамадскі дзеяч. Мне здаецца, што роля Быкава як грамадскага дзеяча недаацэнена.

Прыгадаю толькі некалькі важных момантаў з найноўшай гісторыі Беларусі, звязаных з постаццю пісьменніка. Прадмова Быкава дазволіла надрукаваць артыкул Пазьняка пра Курапаты, які стаў штуршком да нацыянальнага ўздыму ў Беларусі. Таксама пазіцыя Васіля Быкава ды яго актыўны ўдзел дазволілі стварыць партыю БНФ. (...)

Аднак Васіль Быкаў – гэта перад усім пісьменнік. Менавіта дзякуючы свайму таленту ён здабыў вядомасць і ўплыў, з якімі даводзілася лічыцца нават партыйным босам. Пра свае ўлюбёныя творы Быкава Беларускай службе Польскага радыё распавёў журналіст Зміцер Лупач.

А красамоўную гісторыю, звязаную з ушанаваннем памяці пісьменніка, вайскоўцамі УС Беларусі, распавядае Алена Талстая, якая некалькі гадоў займалася памятнымі мерапрыемствамі ў Мінску.

Магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках у Мінску
Магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках у Мінску

Рэпартаж з памятнай вечарыны, прысвечанай стогадоваму юбілею Васіля Быкава, слухайце ў далучаным гукавым файле!

Нягледзячы на тое, што лукашэнкаўская дзяржава вымазвае з гісторыі і літаратуры Беларусі постаць Васіля Уладзіміравіча Быкава, помсцячы яму нават пасля смерці, беларусы памятаюць пра сумленне нацыі. У Варшаве з нагоды стагоддзя класіка на працягу ўсяго тыдня адбываюцца памятныя вечары і мастацкія дэкламацыі. Адметна, што на першай сустрэчы з гэтага цыклу значная частка аўдыторыі – гэта моладзь.

эж