Польскі джаз лічыцца адным з найлепшых у свеце. Прадстаўнікі польскай джаз-сцэны вядомыя далёка па-за межамі сваёй айчыны, а Польшча – як месца правядзення славутых фестываляў. Дарэчы, калі яшчэ ў Мінску актыўна працаваў Польскі інстытут і праводзіліся культурныя мерапрыемствы, то польскія джаз-музыканты былі частымі гасцямі на беларускіх музычных сцэнах. Сёння мы раскажам пра польскі джаз і пра два вялікія мерапрыемствы, якія неўзабаве пачынаюцца ў Варшаве.
Карані польскага джазу сягаюць 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў клубах Варшавы, Кракава, Познані і Львова пачаў гучаць джаз. Першай заўважальнай фігурай польскага джазу таго перыяду лічыцца Эдзі Рознер.
Джаз-бэнд студэнтаў-медыкаў кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэту. Кракаў, перыяд 1925-1939 г.г. крыніца: Henryk Schabenbeck/Narodowe Archiwum Cyfrowe
Гісторыя польскага джазу разгортвалася ў самых разнастайных дэкарацыях: у разбураных вайной будынках, маленькіх кватэрах, прасторных залах філармоній і шумных студэнцкіх клубах. Незалежна ад аблічча гэтыя месцы служылі прыстанішчам для аматараў музыкі.
Мазавецкая вуліца. Варшава, канец 1930 гадоў
Да Другой сусветнай вайны польскі джаз развіваўся дынамічна. У прэсе выходзілі артыкулы, якія адзначалі новую музычную з'яву, хаця стаўленне да яе было як мінімум стрыманым. Меркаванні крытыкаў змяніліся ў сярэдзіне 1930-х гадоў з ростам папулярнасці свінга і ўзлётам міжнароднай карʼеры такіх выканаўцаў, як Бені Гудмэн.
Унікальная асаблівасць польскага джазу, які адсвяткаваў сваё стагоддзе, заключаецца ў яго ролі ў барацьбе за дэмакратыю і палітычныя свабоды ў Польскай Народнай Рэспубліцы ды ва ўкараненні ў польскай традыцыйнай культуры. У Польшчы ХХ стагоддзя джаз знаходзіўся ў авангардзе дэмакратычных працэсаў і падтрымліваў цесную сувязь з усімі відамі незалежнага мастацтва.
У 1945-58 гадах у ПНР джаз не вітаўся, перавага аддавалася народнай музыцы. Аднак джазавыя гурты працягвалі існаваць, такія, як, напрыклад Melomani.
Польшча – гэта краіна, багатая на рознага роду джазавыя мерапрыемствы. Тут праходзіць шэраг вядомых у Еўропе джазавых фестываляў: Jazz na Starówce, Jazz Jamboree і Warsaw Summer Jazz Days у Варшаве, Jazz nad Odrą ва Ўроцлаве, Hot Jazz Spring у Чэнстахове, Komeda Jazz Festival у Слупску ды іншыя музычныя мерапрыемствы.
Дарэчы, адным з важных прамоўтэраў джазу ў Польшчы з'яўляецца дзяржаўнае Польскае радыё.
З 4 па 7 ліпеня ў Варшаве пройдзе славуты музычны форум Warsaw Summer Jazz Days. Упершыню фестываль прайшоў у 1992 годзе, а яго арганізатарам з самага пачатку з’яўляецца вядомы польскі прамоўтэр джазу Мар’юш Адамяк. Першапачаткова мерапрыемства арганізоўвалася як канкурэнцыя для Jazz Jamboree, але з часам фестываль атрымаў свой характар і адметнасць. Дарэчы, Jazz Jamboree – адзін з найбольшых і найстарэйшых джазавых фестываляў у Еўропе, які праходзіць у Варшаве з 1958 года.
Warsaw Summer Jazz Days традыцыйна адбываецца ў студэнцкім клубе Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэту Stodoła, які нязменна працуе з 1972 года. Гэта – легендарнае месца на культурнай карце Варшавы і Польшчы, якое даўно ўвайшло ў гісторыю. З праграмай фестывалю можна пазнаёміцца па спасылцы.
У сваю чаргу 5 ліпеня пачынаецца вядомейшы ў Еўропе варшаўскі фестываль Jazz na Starówce з удзелам зорак міжнароднай джазавай сцэны. Некаторыя крытыкі з-за фестывалю называюць Варшаву «летняй еўрапейскай сталіцай джазу».
Старт мерапрыемства – у канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітальда Лютаслаўскага – адной з найлепшых ці нават найлепшай канцэртнай студыі ў Польшчы. А пазней, цягам усяго лета ажно да 31 жніўня, канцэрты будуць праходзіць пад адкрытым небам у Старым горадзе Варшавы, бо па-польску Starówka – гэта і ёсць стары горад. Падрабязнасці фестывалю знойдзеце, прайшоўшы па спасылцы.
Так што, сябры, запрашаем вас правесці лета з джазам у польскай сталіцы!
Валеры Саўко