У рамках кінапаказаў на панадворку Дома мастацтваў па вуліцы Foksal, 11 у Варшаве можна будзе бясплатна паглядзець фільмы, якія расказваюць пра сітуацыю ў пяці дзяржавах, адкуль у Польшчу часта пераязджаюць жыць людзі. Прычыны пераезду мігрантаў розныя, але ўсім ім цікава прыйсці на паказ кінастужкі, у якой ідзе гаворка пра іх краіну. Пра летні кінапрагляд «Пад супольным небам» мы папрасілі распавесці Агату Мадай (Agata Madaj) з Цэнтра думкі Яна Паўла ІІ, арганізатара падзеі.
- У чарговы раз мы ператвараем наш панадворак у вялікую кіназалю – ставім шэзлонгі і сустракаемся на Трэцім кінапраглядзе «Пад супольным небам». Гэта не проста летні кінапрагляд, паколькі мы паказваем стужкі, знятыя выхадцамі з краін, адкуль прыязджаюць у Польшчу імігранты. Ёсць украінская тэматыка, беларуская, ёсць фільмы з Грузіі, Індыі, а таксама В’етнаму.
Паводле якой схемы вы падбіраеце кінастужкі для паказаў на фестывалі? Ці яны маюць пераважна сацыяльную тэматыку, ці палітычную?
- Гэта вельмі розныя фільмы. Мы стараемся, каб гэта былі актуальныя карціны, знятыя на працягу апошняга года ці ў 2022-ім. Гэта як дакументальныя стужкі, так і мастацкія фільмы, поўнаметражныя і кароткаметражныя. Наша галоўная задача – каб гэты панадворак стаў месцам сустрэч, каб гледачы маглі знаёміцца, інтэгравацца, каб гэта было кіно, якое яднае. Таксама важна, каб іншаземцы маглі паглядзець кінастужкі на сваёй роднай мове, таму тут будзе гучаць і беларуская, і ўкраінская мова. 10 ліпеня – першы паказ – гэта будзе ўкраінская карціна «Ты мяне кахаеш?», якая пераносіць герояў у дзяцінства, закранае тэматыку савецкіх часоў.
Для ўкраінцаў, як тых, хто застаўся ва Украіне, так і тых, хто жыве ў Польшчы, цяпер самай важнай тэмай з’яўляецца вайна з Расіяй. Ці палітычная тэматыка таксама закранаецца падчас паказаў?
- Ёсць палітычныя тэмы ці тэматыка сацыяльных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў гэтых краінах. Напрыклад, падчас беларускага вечара мы пакажам фільм «Мара. Беларускі сон», які вяртаецца да знамянальных падзей у Беларусі – выбараў 2020 года. На маю думку, багаццем фестывалю з’яўляецца тое, што ён прадстаўляе розныя культуры. Мы, палякі, паспелі ўжо пазнаць нашых новых суседзяў, з некаторымі з іх мы здаўна жывем «пад супольным небам». Скажам, в’етнамская дыяспара, якой раней не было падчас нашых паказаў, а цяпер яна паявіцца. Ві’етнамцы даўно ўжо пражываюць у Польшчы.
Гэта ўжо трэці кінапрагляд, які вы ладзіце, таму можна ўжо падсумаваць два папярэднія фестывалі. Скажыце, хто перш за ўсё ўдзельнічае ў паказах і дыскусіях?
- Гэта як палякі, так і гледачы, якія прыехалі з тых краін, пра якія мы расказваем. Чуваць розныя мовы. Нас таксама цешыць, што ў арганізацыі кінапаказаў удзельнічаюць валанцёры, між іншым з Беларусі, якія дапамагаюць нам часам перакласці тэксты. Іх вельмі радуе, што яны могуць у гэтым удзельнічаць, дапамагчы гледачам – хаця б раздаць пледы, прынесці гарбату ў халодны вечар, але таксама расказаць пра праграму агляду.
Ваш фестываль – гэта не толькі кінапаказы, але і сустрэчы з экспертамі, якія могуць расказаць як пра кінастужкі, так і тыя краіны, пра якія зняты фільм.
- Пераважна яшчэ перад паказам мы ладзім сустрэчу з экспертам. 10 ліпеня, падчас украінскага вечара, гэта будзе публіцыст Лукаш Адамскі. Таксама пасля паказу кінастужкі мы пакідаем час на дыскусію, на пытанні і абмеркаванне фільму. Раней, у мінулыя гады, мы абмяжоўваліся толькі дыскусіяй перад паказам, і таму не хапала прасторы на абмеркаванне. Сёлета мы вырашылі гэта змяніць, паколькі атрымлівалі галасы ад нашай публікі, што існуе патрэба падыскутаваць пасля паказаў. І таму мы мяняем формулу, хочам і пасля паказаў даць магчымасць гледачам пагутарыць з экспертам, падзяліцца сваімі ўражаннямі ці задаць пытанні.
Кінапрагляд заўсёды адбываецца летам. А ці пазней вы цалкам пакідаеце гэтую тэматыку да чарговага лета, ці нейкім чынам яе працягваеце?
- Восенню мы будзем ладзіць праект «Пад супольным дахам». Гэта паказы кінафільмаў у цэнтрах для ўцекачоў, каб шукаць магчымасці інтэграцыі мігрантаў і мясцовых жыхароў. Нам хацелася б увесці гэтую тэматыку ў школы, каб быў дыялог. На нашу думку, кіно – гэта ідэальны інструмент, які дазваляе сустрэцца, наблізіцца да іншых. Так што праграма фестывалю развіваецца, уваходзяць чарговыя праекты, якія таксама датычаць кіно і якія адбываюцца на працягу года.
Беларускі вечар у рамках кінапрагляду адбудзецца 28 жніўня. Акрамя згаданай кінастужкі «Мара. Беларускі сон», можна будзе ўбачыць кароткаметражныя фільмы з Фестывалю Беларускага Кіно BulbaMovie. Нагадаем, паказы адбываюцца кожную сераду а 20 гадзіне паводле польскага часу па адрасе Foksal, 11 у Варшаве. Уваход свабодны.
нг