Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: кампазіцыя Тадэвуша Возняка «Zegarmistrz światła»

11.07.2024 16:03
Верш напісаў паэт, мастак і філосаф Богдан Харонжук.
Tadeusz Woźniak w studiu Dwójki.
Tadeusz Woźniak w studiu Dwójki.Grzegorz Śledź

Сёння я хачу прадставіць песню музыканта, якога не стала на гэтым тыдні. А ў песні ён якраз спявае пра канец жыцця чалавека. Кампазіцыя вельмі кароткая, калі казаць пра тэкст, у ёй толькі дзве страфы, мала слоў, але ўтрымлівае глыбокі філасафічны сэнс.

Тадэвуш Возняк (Tadeusz Woźniak) нарадзіўся ў Варшаве ў 1947 годзе, пачаў выступаць на сцэне ва ўзросце 20 гадоў, выконваючы балады ўласнага аўтарства і граючы на гітары. На канец 60-ых і 70-ыя гады прыйшоўся пік яго папулярнасці. Але важнейшы элемент яго творчасці – гэта пісанне музыкі. Агулам стварыў некалькі сотняў песень, каля сотні інсцэнізацый для тэатраў, для пастановак Тэатру Тэлебачання, паэтычных і мастацкіх праграм, а таксама фільмаў. А самая вядомая яго кампазіцыя – песня пра смерць «Zegarmistrz światła» (Гадзіншчык святла). Першы раз яна прагучала ў 1972 годзе. Возняк запісаў яе разам з гуртом Алібабкі, і ў гэтым жа годзе дзякуючы дадзенай кампазіцыі ён атрымаў галоўную ўзнагароду на Фестывалі польскай песні ў Аполі.

Верш напісаў паэт, мастак і філосаф Богдан Харонжук (Bogdan Chorążuk). Гэта песня пра канец жыцця, пра смерць, але нельга сказаць, што яна сумная. Жыццё і смерць бываюць розныя. Так, як жыццё бывае каляровае і займальнае, але бывае і сумнае, так і смерць можа быць каляровай, хаця ў нашай культуры мы заўсёды прадстаўляем гэтую падзею як вельмі цёмную і трагічную. У іншых культурах бывае інакш.

Трэба згадаць таксама пра тое, што Тадэвуш Возняк выступаў на сцэне часта не адзін, а разам са сваімі блізкімі. Між іншым, малодшым сынам, які нарадзіўся з сіндромам Дауна. Многія бацькі хаваюць такіх дзяцей дома, каб аберагчы іх ад дрэннага стаўлення з боку іншых людзей. Возняк меркаваў, што гэта няправільна, паколькі тады дзеці з асаблівымі патрэбамі не навучацца жыццю. Таму ён выступаў са сваім сынам, не хаваў яго ад свету. Разам з ім на сцэну выходзіла таксама жонка.

A kiedy przyjdzie także po mnie,

Zegarmistrz Światła purpurowy,

by mi zabełtać błękit w głowie,

To będę jasny i gotowy.

Spłyną przeze mnie dni na przestrzał,

Zgasną podłogi i powietrza,

Na wszystko jeszcze raz popatrzę,

I pójdę, nie wiem gdzie – na zawsze.

А калі прыйдзе таксама па мяне Пурпурны гадзіншчык святла, каб узбоўтаць мне блакіт у галаве, тады я буду ясны і гатовы.

Праз мяне працякуць дні наскрозь, пагаснуць падлогі і паветры. На ўсё яшчэ раз пагляджу і пайду, не ведаю куды, назаўсёды.


Нагадаю, тэкст песні напісаў філосаф Богдан Харонжук, а музыку сам Тадэвуш Возняк. Кампазіцыю хутка стала папулярнай, яе спявалі таксама іншыя выканаўцы – між іншым, гурты Closterkeller, Kult, Maleo Reggae Rockers.

Як я ўжо казала, тэкст кампазіцыі «Гадзіншчык святла» вельмі кароткі, гэта найлепшы прыклад, калі лічыцца якасць, а не колькасць. Гадзіншчык святла – гэта Бог ці іншая сіла, якая забірае людзей на той свету. Праўда, былі закіды ў адрас аўтара тэксту, што ён пісаў пад уплывам алкаголю, але ніхто гэтага не даказаў, цікавы тэкст застанецца, а абставіны яго паўстання цяпер ужо менш важныя.

Przyjdzie po mnie – прыйдзе па мяне. Таксама на беларускай мове правільна казаць «прыйсці па каго, па што», але ў Беларусі, на жаль, назіраецца вялікі ўплыў расійскай мовы, таму беларусы часта гавораць пад уплывам гэтай мовы не «па мяне», а «за мной». Гэта няправільна.

Zabełtać błękit – узбоўтаць блакіт. Па-польску блакітны колер – гэта як błękitny, так і niebieski. Часцей палякі карыстаюцца гэтым другім выразам.

Dni na przestrzał – дні наскрозь. Гэта метафара жыцця і смерці. Сінонімы словазлучэння «na przestrzał» – na wylot, na przestwór, na wskroś. Я звяртаю вашу ўвагу, што ўсе гэтыя выразы пішуцца асобна, гэта два словы, у адрозненні ад беларускага «наскрозь».

Podłogi i powietrza – падлогі і паветры. Калі з назоўнікам падлогамі ўсё нармальна, ён нармальна гучыць у множным ліку. Аднак паветра – гэта назоўнік, які немагчыма палічыць, таму не павінна быць множнага ліку – паветры. Тут дзейнічае аднолькавае правіла для польскай і беларускай мовы. Але філосаф, а нагадаю, што тэкст напісаў філосаф, мае права крыху мадыфікаваць граматычныя правілы.

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы