Беларуская Служба

Уладзімір Някляеў прэзентаваў у Варшаве свой новы зборнік паэзіі «Без Айчыны»

18.09.2024 13:26
Прэзентацыя прайшла ў Беларускай прасторы «Робім Разам» на плошчы Канстытуцыі ў польскай сталіцы.
Аўдыё
  • Уладзімір Някляеў прэзентаваў свой новы зборнік паэзіі
Фрагмент вокладкі новай кнігі Уладзіміра НякляеваY.Likhtarovich Praca własna

Паэт, пісьменнік, былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў выступіў перад беларусамі з вершамі са свайго новага зборніка «Без Айчыны». Паэт таксама падзяліўся гісторыямі са свайго жыцця ды творчасці.


Уладзмір Някляеў чытае вершы з новага зборнік Уладзмір Някляеў чытае вершы з новага зборнік

Арганізатарам сустрэчы выступіла Беларуская прастора ў Варшаве «Робім Разам». Прэзентацыя адбылася ў рамках цыклу сустрэч са знакавымі для Беларусі асобамі, гаворыць адзін з кіраўнікоў прасторы Сяргей Бульба.

- Мы стараемся ладзіць сустрэчы, запрашаць цікавых і знакавых людзей для Беларусі. Таму Уладзімір Някляеў быў у нас летась, у мінулым годзе, зараз мы яго зноў запрасілі. Тым больш ёсць нагода – выхад новай кнігі.

Сярод гасцей на прэзентацыі быў вядомы беларускі бард і пісьменнік Зміцер Бартосік, які заўважыў, што не прапускае магчымасці наведаць сустрэчы з Някляевым. Гэта рэдкі паэт, які яшчэ мае дар чытання вершаў.

- Я заўжды, дзе бачу, што выступае Някляеў, я заўжды туды іду, калі ёсць магчымасць. Мала таго, што Някляеў вельмі моцны паэт, ён яшчэ той рэдкі паэт, які вельмі добра ўмее чытаць свае вершы. Не кожны паэт умее чытаць свае вершы, а ён гэта робіць вельмі артыстычна і па-майстэрску. На Някляева я заўжды іду як на такі харошы спектакль.


Фрагмент вершаў з новай кнігі Уладзіміра Някляева Фрагмент вершаў з новай кнігі Уладзіміра Някляева

У апошнім зборніку, асабліва ў паэме «Каляды» Уладзімір Някляеў задае шмат пытанняў да Бога, вядучы з ім палеміку ды спрэчку. У тым ліку гучыць крыўда ад імя беларусаў, за што наш народ напаткаў такі трагічны і цяжкі гістарычны лёс. Гэтая крыўды ці пытанне ды Ўсявышняга ў беларускім выпадку апраўданае, пагадзіўся з паэтам Зміцер Бартосік.

- Я злавіў сябе на думцы, што не стамляюся, слухаць Някляева. Паэма, якую ён прачытаў, вельмі шматпланавая, вельмі тэалагічная, там вельмі шмат і спрэчак з Богам і нават абвінавачванняў. У мінуты змроку ды адчаю ,які радасці, любы чалавек мае права на любыя прэтэнзіі, у тым ліку да Бога. Панаракаць на Бога чалавеку ёсць за што, а беларусу – асабліва. З такой гісторыяй, з некаторымі суседзямі ды з такімі кіраўнікі, гэта не толькі пра апошняга, хочацца сказаць: Госпадзе, за што! Нармальныя эмоцыі. Паэма ж такая, што яе вельмі хочацца перачытаць.

Сустрэча з Уладзімірам Някляевым – гэта не апошняе мерапрыемства, якое рыхтуе Беларуская прастора «Робім Разам» для беларусаў Варшавы ў бліжэйшыя месяцы. Будуць іншыя сустрэчы, распавёў кіраўнік арганізацыі Сяргей Бульба.

- Агулам мы пачалі восень, народ вяртаецца ў залі, мы пачалі ладзіць грамадска-палітычныя абмеркаванні. Пакуль робім два разы на месяц, плануем рабіць штотыднёва. Рыхтуем шмат сустрэч з беларускімі ды польскімі гісторыкамі. У нас дух Міжмор’я нікуды не знік. Зараз выкрышталізоўваецца тое, што беларусам пара вяртацца ў сваю гістарычную сям’ю народаў. Мы сябе так і пазіцыянуем ,як прастора для аднаўлення традыцый і асэнсавання таго, што нам роднае і блізкае.

У Варшаве адбылася прэзентацыя новага зборнік паэзіі Уладзіміра Някляева «Без Айчыны». Сустрэча з вядомым беларускім паэтам і пісьменнікам прайшла ў Беларускай прасторы «Робім Разам». Арганізатары абяцаюць, што восенню будуць іншыя спатканні.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч