Сёння ў Польшчы – Дзень Канстытуцыі. 3 мая 1791 года Сейм Рэчы Паспалітай прыняў асноўны закон, які змяняў форму праўлення дзяржавай з абмежаванай манархіі на канстытуцыйную манархію. Канстытуцыя рэгулявала, прынамсі ў тэорыі, правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначала прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Праўда, неўзабаве дзяржавы не стала, бо яе тэрытоыю падзялілі тры суседнія імперыі. Аднак памяць пра важны заканадаўчы акт засталася ў палякаў надоўга, а афіцыйна адзначаць дзяржаўнае свята пачалі пасля 1918 года, калі Польшча вярнула сваю незалежнасць.
Святкаванне Дня Канстытуцыі ў Львове. 1932 год
Трэба падкрэсліць, што Канстытуцыя, прынятая 3 мая, была першым такога роду заканадаўчым актам у Еўропе і другім у свеце пасля Канстытуцыі ЗША.
Пасля таго, як у 1795 годзе Польшча канчаткова знікла з палітычных картаў свету, святкаванне Дня Канстытуцыі было забароненае, хоць гэтае свята адзначалася палякамі падпольна. Першае шырокае святкаванне адбылося ў 1916 годзе ў гады Першай сусветнай вайны падчас нямецкай акупацыі Варшавы – свята сабрала тысячы ўдзельнікаў.
Польскія кавалерысты ў параднай форме ў Дзень Канстытуцыі. Варшава, 1925 год
11 лістапада 1918 года Польшча зноўку стала незалежнай краінай. Дзень Канстытуцыі 3 мая быў прызнаны дзяржаўным святам пастановай Сейма краіны ад 29 красавіка 1919 года. Асабліва ўрачыста 3 мая святкавалі ў Сілезіі (паўднёва-заходняя Польшча), бо ў гэты дзень таксама адзначалася гадавіна Трэцяга Сілезскага паўстання, у выніку якога рэгіён, на які таксама прэтэндавала Германія, увайшоў у склад Польшчы.
Гарнякі ў параднай шахцёрскай форме на Свята Канстытуцыі. 1930 год, Каралеўская Гута, Сілезія
У даваеннай Польшчы святкаванне 3 мая было вельмі багатым на розныя падзеі і мерапрыемствы. Так, праходзілі імшы ў касцёлах і цэрквах, адбываліся маршы і парады, якія адлюстроўвалі нацыянальны гонар і еднасць народу. Гэта быў час, калі грамадства магло адкрыта выказаць сваю ідэнтычнасць і нацыянальную прыналежнасць, што мела вялікае значэнне ў фармаванні гістарычнай свядомасці палякаў.
Прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі на ганаровай трыбуне ля Магілы невядомага салдата ў Варшаве. 1926 год
На ўрачыстасцях прысутнічалі як палякі, так і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, у тым ліку яўрэі, якія ўпрыгожвалі свае дамы бела-чырвонымі сцягамі. Варта нагадаваць, што ў даваеннай Польшчы 30% насельніцтва складалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей.
У сінагогах адбываліся патрыятычныя службы, падчас якіх маліліся за Польшчу, а гэта сведчыць пра тое, што майская Канстытуцыя была важным элемэнтам нацыянальнай ідэнтычнасьці таксама для польскіх яўрэяў.
Польскія рэзервісты на парадзе. 3 мая 1937 года, Катавіцы
Да святкавання шырока дулучылася войска, удзельнічаючы ва ўрачыстасцях і дэманструючы сваю моц ды гатоўнасць абараняць Радзіму.
У знак павагі і памяці на магілы воінаў ды нацыянальных герояў грамадзяне, школьнікі і прадстаўнікі ўладаў ускладвалі кветкі ды вянкі.
Высокапастаўленыя чыноўнікі і афіцэры на ўрачыстасці ў Кракаве. 1936 год
У рамках святкавання праходзілі таксама лекцыі і прэзентацыі, прысвечаныя гісторыі Канстытуцыі 3 мая і яе значэнню для Польшчы.
Падчас Другой сусветнай вайны і часоў Польскай Народнай Рэспублікі афіцыйнае святкаванне Дня Канстытуцыі было забароненае. І толькі пасля палітычнай трансфармацыі ў 1989 годзе і падзення камунізму свята было афіцыйна адноўленае. Цяпер 3 мая – важная дата ў календары польскіх нацыянальных святаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл