Упершыню бяром удзел у конкурсе
Беларускі хор «Познаньскі спеўны сход» добра вядомы не толькі сярод беларусаў Познані. Артысты выступалі на розных пляцоўках, дзе слухачамі былі і палякі, і ўкраінцы, а таксама грамадзяне іншых краін.
Дырыжор Ілля Сініца распавёў, што зараз хор вядзе падрыхтоўку да конкурсу польскай патрыятычнай песні.
– Гэта першы конкурс, у якім мы прымаем удзел. Ён быў выбраны таму, што якраз адбываецца ў Познані. У Польшчы шмат конкурсаў, але паколькі гэты адбываецца ў Познані, то Алена, наша мэнэджарка, выбрала менавіта гэты. Гэта будзе першы конкурс, дзе мы выйдзем на сцэну з паважанымі сур'ёзнымі хорамі Польшчы. Мы не ведаем, ці будуць там хоры іншых нацыянальнасцяў, як мы, ці толькі польскія, але для нас гэта ўжо вялікі крок наперад, што нашу заяўку прынялі.
Будзем спяваць «Багародзіцу» і «Магутны Божа»
Цікаўлюся, што беларускі хор рыхтуе для конкурсу польскай патрыятычнай песні.
– Не думаю, што мы б там удзельнічалі, калі б дазвалялі спяваць толькі польскія песні. Згодна з умовамі конкурсу, трэба выканаць мінімум дзве песні па-польску патрыятычнага або рэлігійнага характару. У нас будуць «Муры» Яцэка Качмарскага і «Багародзіца». Да гэтага мы ўключылі ў праграму «Магутны Божа» і народную песню «Ці свет, ці світае».
Нам цікава, як успрымуць нашу беларускасць
Ілля кажа, што пэўнае хваляванне ёсць ужо зараз, паколькі падобнае выпрабаванне перад хорам паўстала ўпершыню.
– Гэта ж першы конкурс, у якім мы бяром удзел і будзем выступаць на прафесійным акадэмічным узроўні. Гэта будзе адбывацца ў касцёле. Вельмі шмат у такой сітуацыі залежыць ад аўдыторыі. Мы давалі розныя канцэрты для розных аўдыторый, у тым ліку і для польскай, і для беларускай. А нядаўна наогул выступалі перад іншаземцамі са Швецыі, Італіі, Нямеччыны. Кожны раз цікава, як рознымі людзьмі ўспрымаецца беларускасць. І мы заўсёды былі здзіўлены, што людзі станоўча ставіліся да нашых песень. Яны з такой непадробнай зацікаўленасцю на гэта глядзяць, бо многія, напэўна, ніколі раней не чулі нічога беларускага ў сваім жыцці. Я спадзяюся, што конкурс таксама дасць нам магчымасць праявіць беларускасць.
У нас розныя песні
– А які наогул рэпертуар вашага хору?
– У нас даволі акадэмічны рэпертуар. Мы карыстаемся спеўнікам «Годныя песні», які складалі ў тым ліку Сяргей Доўгушаў і Галіна Казіміроўская. Мы спяваем шмат песень адтуль, але таксама шукаем нешта новае і нешта старое. Ёсць апрацоўкі і сучасных беларускіх песень, якія раблю я. Канешне, да апрацовак Галіны Казіміроўскай яны не дацягваюць, але я стараюся. Ну і часта бяром народныя песні, але гэта з нагоды святаў: Купалле, Каляды…
Калі добры настрой, можам спяваць проста на вуліцы
– Як часта вам даводзіцца выступаць?
– Выступаем, як выпадае. Часам проста ідзём па вуліцы, добры настрой – і пачынаем спяваць. Канцэрты нам часам дапамагае арганізоўваць фундацыя «Барак Культуры», часам мы самі сабе знаходзім прыгоды. Як, да прыкладу, з гэтым конкурсам: нас ніхто не прасіў, а мы самі напрасіліся. Беларускія імпрэзы розныя нас запрашаюць, а нядаўна выступалі на міжнароднай імпрэзе. З рэгулярнасцю раз на месяц, часам на два месяцы даём вялікі сурʼёзны канцэрт, пасля якога адчуваем патрэбу ў тым, каб адмяніць наступную рэпетыцыю.
Дзякуем «Бараку Культуры»
– Ці ёсць у вас пастаяннае месца, дзе праводзіце рэпетыцыі?
– Вялікую дапамогу ў гэтым сэнсе нам аказвае фундацыя «Барак Культуры»: яны прадастаўляюць нам месца, дзе мы двойчы на тыдзень збіраемся і праводзім рэпетыцыі. Калі б не яны, то нават не ўяўляю, дзе б мы збіраліся.
– Ці можаце вы дазволіць сабе нейкія гастрольныя паездкі?
– Мы не можам сабе шмат дазволіць. Аднойчы такое здарылася, праўда, ізноў такі дапамог «Барак Культуры». Яшчэ адна паездка была ў Варшаву, дзе мы ўдзельнічалі ў канцэрце Лявона Вольскага. А ўсё астатняе даволі будзённае: удзельнікі хору ўносяць штомесяц невялікую суму. На гэтыя грошы мы друкуем ноты, купляем печыва, шыем касцюмы. Але каб зʼездзіць нават на адзін дзень некуды – такіх грошай у нас няма. Але галоўнае: нам не хапае сродкаў на прафесійны гуказапіс нашых выкананняў.
Будзем удзячныя кожнаму за данаты
– Вы, наколькі я ведаю, абʼявілі збор сродкаў для запісу вашых песень. Дзе, на якой платформе вам могуць дапамагчы данатамі?
А пра гэта распавядае Наста, якая займаецца сацсеткамі хору.
– На платформе Gronka існуюць шмат розных праектаў. Сярод іх ёсць і наш «Познаньскі спеўны сход». Там існуе асобная старонка, на якой падрабязна распавядаецца пра наш праект. І там ёсць спасылка на данаты. Калі ласка, далучайцеся, рабіце данаты!
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл
Спасылкі на «Пазнаньскі спеўны сход» у Instagram і Facebook
Крыніца галоўнага здымку - па спасылцы