Беларускі фестываль дзяцінства і кнігі ў Варшаве запланаваны на 1 снежня. Заяўляецца, што гэта будзе «дзівоснае сямейнае свята, напоўненае магіяй лялечнага тэатра, чараўніцтвам дзіцячай кнігі і музыкі, радасцю гульняў, падарожжаў і спеваў».
У рамках фестывалю для дзяцей і бацькоў будзе працаваць тэатральная пляцоўка, плануецца выступ беларускіх тэатральных калектываў і лялечных тэатраў, якія прыедуць у Варшаву з Кракава і Беластока.
На кніжнай пляцоўцы гасцей чакаюць казачныя гісторыі ў выкананні вядомага Маляваныча (ацёр Аляксандр Ждановіч). Адбудзецца тэатральна-музычная прэзентацыя «Дзіцячага спеўніка» Антона Грыневіча.
Таксама для гасцей будуць падрыхтаваныя розныя майстар-класы, выставы карцін, перформансы, сувенірны кірмаш і іншае, ежа і напоі.
Арганізатар, менеджар культурных праектаў Сяргей Доўгушаў звяртае ўвагу, што фестываль плануецца правесці з грамадскім фінансаваннем, цяпер ідзе краўндфандынг:
«Калі не назбіраецца сума, будзем рабіць уваход па квітках. Насамрэч гэта невялікая сума, каб зрабіць фестываль з некалькімі сцэнамі. Хацелася б, каб людзі паўдзельнічалі і мы разам зрабілі гэтае свята. Калі ўваход і будзе платным, квіткі не будуць шмат каштаваць, але нам трэба аплаціць выдаткі.
Мне здаецца, што падобных фестываляў, сямейных не было. Так, былі асобныя мерапрыемствы, спектаклі, але каб было сабрана некалькі падзей, я не сустракаў.
Думаю, будзе запатрабавана, бо шмат сем'яў імігравалі. Так, польскіх фестываляў шмат, і беларускія дзеці туды ходзяць.
Але я хачу паспрабаваць, паглядзець наколькі гэта запатрабавана. Заклікаю далучацца, гэта важна!»
Адзін з арганізатараў фестывалю акцёр Андрусь Прага (творчы калектыў «Пуговицы») гаворыць, што верыць ва ўзаемападтрымку беларусаў, бо яны даказалі сваю эмпатычнасць справамі:
— Беларусы, па-мойму, даказалі, што яны незвычайна эмпатычныя, шчодрыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. У мяне мільён такіх прыкладаў. І гэта тычыцца не толькі пытанняў выжывання, але і пытанняў мастацтва, культуры. У мяне няма іншага слова, як «гэта вялікая сям'я». Я разумею ўсе пытанні выжывання і гэтак далей, але мы будзем радыя, калі нехта вырашыць далучыцца да нас.
Акцёр падкрэслівае, што вельмі цэніць саўдзел людзей у арганізацыі падзей. «Адна справа, калі арганізатары 1-2 чалавекі, якія бяруць на сябе абавязкі, а іншая — калі сваю загазаванасць выказваюць сотні людзей». Ён заклікае не губляць магчымасць добра правесці час ды далучацца да падзеі:
«Мы будзем радыя бачыць усіх, будзе шмат музыкі, літаратуры, будзе яркае і прыгожае свята, нефармальнае і светлае. Такая нагода здараецца не кожны дзень, будзем радыя вас усіх бачыць».
Падтрымаць праект можна на сайце gronka.org
Для спонсараў прадугледжаныя падарункі.
Арганізатары фестывалю — Сяржук Доўгушаў, Фундацыя «Дом творцаў» і калектыў «Пуговицы».
вх