Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня Наташы Урбаньскай «Апошні раз»

21.11.2024 14:44
Наташа Урбаньска была прызнаная адной з самых уплывовых жанчын у Польшчы і адной з самых вядомых асоб польскага шоу-бізнесу.
Natasza Urbańska z nowym singlem Ostatni raz. Piosenka jest zapowiedzią płyty, nad którą pracuje
Natasza Urbańska z nowym singlem "Ostatni raz". Piosenka jest zapowiedzią płyty, nad którą pracujeWojciech Olkusnik/East News

Польская музыкантка Наташа Урбаньская (Natasza Urbańska) прапануе сваім прыхільнікам новую кампазіцыю, якая называецца «Апошні раз». Сінгл «Ostatni raz» паказвае зусім іншы воблік Наташы — настальгічны і рамантычны. «Доўгі час я хавала ўнутры сваю настальгію, але, відаць, гэта прыйшло з узростам»,  — прызналася выканаўца ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё.

Наташа Урбаньска не толькі спявачка, але і танцорка, актрыса і тэлевядучая. Нарадзілася ў жніўні 1977 года ў Варшаве. Адна з самых вядомых асоб у польскім шоу-бізнесе. З 1993 года звязана з музычным тэатрам Studio Buffo, дзе брала ўдзел у вядомых мюзіклах, такіх як Metro і Polita.

Яе кар’ера пачалася ў 1991 годзе, калі яна спрабавала трапіць у спектакль Metro, але яе не прынялі. Не з-за таго, што не хапала таленту, а з-за таго, што была яшчэ зусім дзіцём. Праз два гады пасля гэтага яна ўсё ж была прынятая ў трупу танцоркай, а пазней пачала спяваць. У далейшым стала асістэнткай кіраўніка Януша Юзэфовіча і ўдзельнічала ў падрыхтоўцы розных спектакляў.

У 2007 годзе яна стала фіналісткай праграмы Jak oni śpiewają (Як яны спяваюць), а таксама заняла трэцяе месца ў адборы на Еўрабачанне. Славу ёй таксама прынесла галоўная роля ў фільме пра Варшаўскую бітву.

У 2009 годзе Наташа Урбаньска выпусціла свой дэбютны альбом. Выступала ў розных тэлепраграмах, між іншым Taniec z gwiazdami (Танец з зоркамі), таксама з’яўляецца тэлевядучай. У 2013 годзе яна адкрыла свой уласны дом моды Muses разам з дызайнерам Агнешкай Камарніцкай. У яе кар’еры былі таксама праекты на міжнародным узроўні, такія як праект Poland … why not? , у рамках якога яна запісала песні Love stone crazy і All the wrong places. Яна таксама ўдзельнічала ў тэлевізійных рэкламных кампаніях і заснавала сваю ўласную калекцыю.

Муж Наташы Урбаньскай — Януш Юзэфовіч, рэжысёр і харэограф, у іх ёсць дачка Каліна. Наташа Урбаньска была прызнаная адной з самых уплывовых жанчын у Польшчы і адной з самых вядомых асоб польскага шоу-бізнесу.

І пераходзім ужо да кампазіцыі «Апошні раз», пра якую Наташа кажа, што праз настальгію мы часам уцякаем ад рэальнасці. У песні акцэнтаванае акустычнае гучанне, а ў відэароліку — суровы краявід. У песні гаворыцца пра канец нейкага этапу ў жыцці, чуваць сум, але таксама голас спелага чалавека, які можа ўжо зірнуць на сваё жыццё з перспектывы нейкага пройдзенага шляху. Паслухаем, як гучыць гэтая кампазіцыя.

Idealny rok, czy pamiętasz tamten czas?

Wymarzony świat, powiedziałeś niech to trwa

Kilka pięknych słów, uwielbiałam słuchać

Jak marzyłeś przy mnie przed snem

Czy już przeszło nam, powiedz kiedy jeśli tak

Twoje złote n, nawet jak zabraknie nas

Będzie dalej tu, zobacz jak się śmieje

Czas, możesz z nim zrobić, co chcesz

Długie rozmowy, tak szczere przed snem

Pierwszy raz objąłeś mnie

Teraz zostawiam już chwile jak te

Na półce tam, obok zdjęć

Płynę ostatni raz

Nie ma już tamtych nas

Płynę ostatni raz

Mimo wszystko chcę wracać do ciebie

Teraz czuję, że jestem u siebie

Zrozumiałam, że w sumie nie chcę tamtych nas

Każdy krzyczał nie, ty mówiłeś tak i patrz

Miałeś rację, że życie dla nich to był żart

Dzisiaj już wiem czego chcę

Długie rozmowy, tak szczere przed snem…

Płynę ostatni raz, teraz czuję, że jestem u siebie

Ідэальны год, ці памятаеш ты той час? Свет нашай мары, ты сказаў, хай гэта доўжыцца. Колькі прыгожых слоў, я любіла слухаць як ты марыў пры мне перад сном. Ці ў нас ужо прайшло, скажы, калі так. Тваё залатое «Н», нават калі нас не будзе, далей будзе тут, паглядзі, як смяецца час. Ты можаш зрабіць з ім што хочаш.

Доўгія размовы, такія шчырыя перад сном. Першы раз ты абняў мяне. Цяпер я пакідаю ўжо гэтыя хвіліны, як тая. На паліцы, побач з фотаздымкамі, я плыву апошні раз. Няма ўжо тых нас. Я плыву апошні раз. Нягледзячы на ўсё, я хачу вяртацца да цябе. Цяпер адчуваю, што я дома.

Я зразумела, што на самай справе не хачу тых нас. Кожны крычаў «не», ты казаў «так», і глядзі, ты меў рацыю, што жыццё для іх было жартам. Цяпер я ведаю, чаго хачу. Доўгія размовы, такія шчырыя перад сном… Плыву апошні раз…

Пачну разгляд кампазіцыі з імя выканаўцы. Яе завуць Наташа Урбаньска. Імя Наташа вельмі рэдка сустракаецца ў польскай мове. Ёсць імя Natalia, і ёсць — Natasza. Гэта два розныя імёны. Для беларусаў гэта можа падавацца дзіўным, паколькі кожная Наталля ў Беларусі — гэта Наташа для сяброў і блізкіх. У Польшчы можна даваць дзецям розныя імёны, у тым ліку ў памяншальна-ласкальнай форме. Скажам, ёсць імя Paulina і ёсць, афіцыйна, Pauli, хаця Paulinę можна называць і Pauli, ёсць Maksymilian, ён жа — Maks, і ёсць асобнае імя Maks. І гэтак далей.

Czy pamiętasz tamten czas — ці ты памятаеш той час або тыя часы. Ёсць ten — гэты, той, што бліжэй — у часе або прасторы і tamten — той, што далей — у мінулым або дзесьці далей знаходзіцца ад нас.

Nawet jak zabraknie nas — вельмі папулярны зварот, палякі часта кажуць, што czegoś zabrakło або zabraknie — гэта значыць, нешта закончылася, нечага ўжо няма, не будзе. Або кагосьці няма ці ўжо не будзе.

Zrozumiałam, że w sumie nie chcę tamtych nas — я зразумела, што ў прынцыпе я не хачу тых нас. W sumie — даслоўны пераклад «у суме», але беларускі адпаведнік — «у прынцыпе», а таксама «агулам», «увогуле».

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы