У Познаньскай фундацыі barak kultury адкрылася выстава мастакоў з маляванымі дыванамі «Splot» («Пляценне») мастакоў з трох краін. Патрыцыя Руткоўская прадстаўляе Польшчу, Алена Бярэзіна і Аляксандр Данілкін — Беларусь, а Аляксандр Астапчук — Украіну.
Гэта выстава аповед пра тое, як з часам трансфармуюцца элементы культуры, змяняюцца тэмы і медыя, але нязменным застаецца адно — карані, да якіх мастакі цягнуцца за натхненнем.
Куратар выставы Ілля Меджумаеў, распавядаючы пра яе, адзначае, што галоўнай тэмай з’яўляецца традыцыйны маляваны дыван, так званая «маляванка», — элемент, які злучае культуры Польшчы, Беларусі і Украіны. Традыцыя маляваных дываноў сягае ў міжваенны час.
— Мне адразу падумалася, што гэта вельмі добрая тэма, каб паказаць, наколькі нашы культуры павязаныя паміж сабой. Адсюль і гэтая назва — «Пляценне». Як і на тканінах, так і перапляценне нашых трох культур. І мне хацелася выбраць на гэтую выставу мастакоў, якія б моцна адрозніваліся паміж сабой, але ў той жа час працавалі з падобнай тэматыкай, бо хацелася паказаць, як куратару, наколькі такая тэхніка, даволі традыцыйная, з якой, здавалася б, нічога новага ўжо не зробіш, можа быць сучаснай і цікавай. І як мастакі, выкарыстоўваючы старыя тэхнікі і модулі, ствараюць нешта новае на сучасныя тэмы з дапамогай сучасных матэрыялаў.
А яшчэ Ілля нагадвае, што тэхніка дыванапляцення прыйшла прыкладна ў адзін час на тэрыторыю трох нашых народаў з Усходу і шмат у чым стала агульнай для іх.
— Першапачаткова, калі я не памыляюся, дываны з’явіліся ў Турцыі. Быў падзел на кілімы і на дываны. Слова «кілім» засталося ва ўкраінскай мове, а «дыван» — у беларускай і польскай мовах. І гэта, дарэчы, тое, што некалі было для нас чужым, незразумелым, але з часам уплялося ў нашыя культуры. Менавіта гэта і прыцягнула мяне, бо мы зараз у нейкім сэнсе таксама чужыя для гэтай краіны, але ў той жа час становімся часткай культурнага жыцця. Мне хацелася прыцягнуць да выставы менавіта майстроў трох народаў — беларусаў, палякаў і ўкраінцаў, каб найперш зразумець, што мы ўсе тут ёсць і што мы ўмеем паміж сабой супрацоўнічаць, што мы ўмеем ствараць нешта разам. І неабавязкова беларусам хадзіць на нейкія імпрэзы толькі беларускія, палякам на польскія, а ўкраінцам — толькі на ўкраінскія. Мне хацелася паказаць, што нашы культуры пераплятаюцца, і гэта можа быць цікава для ўсіх.
Да ўсяго Ілля дадае, што традыцыйны дыван нават сёння можа быць даволі актуальным, прычым не толькі на выставах, але і ў быце.
— Калі мы паглядзім на сёлетняе Венецыянскае біенале, то, да прыкладу, Амерыка была прадстаўлена менавіта дываном. Яны былі прысвечаны карэнным народам Амерыкі — індзейцам. Гэта тое, што сёння выкарыстоўваецца на розных паказах, прадстаўлена ў выбітных мастацкіх галерэях. Таму мы павінны глядзець на дыван як на нешта, што адпавядае сучасным запатрабаванням. Дыван — гэта не толькі стары савецкі дыван, які вісіць на сцяне, — гэта нешта сучаснае, што можа здзіўляць.
Цікаўлюся ў Іллі, што ён, як куратар, дадаў новага, прадстаўляючы на выставе дываны трох народаў.
— Я прыдумаў такую канцэпцыю — трыптых. Патрыцыя Руткоўская выткала свой першы дыван, а я прапанаваў астатнім яго інтэрпрэтаваць. І мне было вельмі цікава паглядзець, як на адну і тую ж рэч могуць быць розныя пункты гледжання. Было цікава і тое, што ў Польшчы маляванкі не вельмі распаўсюджаныя. Хаця ёсць, але ўсё ж больш распаўсюджаныя макаткі. Яны, праўда, звычайна меншых памераў і не на палотнах, а часцей за ўсё на паперы. І было вельмі цікава, калі беларус Саша Данілкін зрабіў макаткі, прычым з польскім густам. А Патрыцыя, полька, шмат са мной кансультавалася адносна таго, як павінны выглядаць маляванкі. Дарэчы, яе працы заўважна анатамічныя, і гэта таксама цікава, бо паказвае, наколькі гэта можа быць розным і, у той жа час, калі робім супольную выставу, вельмі падобным.
Пані Патрыцыя прызнаецца, што насамрэч шмат цікавілася сучаснай маляванкай, яе тэхнікай, прыглядалася да прац беларускай мастачкі Алены Бярэзінай і лічыць, што ўвесь час чэрпае нешта новае для сябе з гэтых трох культур.
— Думаю, што найперш чэрпаю з гэтага далікатнасць, бо адчуваю гэтыя кветкі, колеры, адчуваю такую народнасць у гэтай культуры. Нешта падобнае прысутнічае і ў польскай культуры. Нядаўна была на выставе ў Кракаве і мела магчымасць у гэтым пераканацца.
Маляванкі Сашы Данілкіна змяшчаюць у сабе традыцыйнае, але і сучаснае. Асабліва здзіўляюць тыя, на якіх галовы ў чорных балаклавах. Ён кажа, што гэта наступствы таго, што не выходзіць з яго галавы.
— Я ўсе свае працы прапускаю праз сучаснасць, імкнуся ўсё аб’яднаць, бо і ў ранейшай маёй творчасці не мінаў палітычных тэмаў, у мяне прысутнічаў той агонь, які нішчыў усё перад сабой.
— Тыя тэмы не адпускаюць…
— Канешне, не. Заўсёды будуць мяне кранаць, паколькі я не магу вярнуцца дадому…
Украінскі мастак Аляксандр Астапчук кажа, што пасля распаду Савецкага Саюза ва ўсіх былых рэспубліках пераасэнсоўваецца, у тым ліку, і культурная спадчына. А таму ў яго на адным з дываноў і традыцыйны ўкраінскі ўзор, акружаны «хрушчоўкамі» і яшчэ абцягнуты калючым дротам.
Мастак тлумачыць, што гэтая яго праца называецца «Але ліпа», што і ў беларусаў, і ў палякаў таксама азначае нешта несапраўднае.
— Я падумаў, што гэта цікава, калі і ў польскай мове выраз «але ліпа» выкарыстоўваецца як пра нешта нядобрае, хаця ў той самы час ліпа, як дрэва, з’ядноўвае людзей. Мне падалося гэта нейкім славянскім ментальным кодам, калі мы можам і ўмеем аб’ядноўвацца ў цяжкія дні. І пратэсты ў Беларусі гэта паказалі, і вайна засведчыла, наколькі простыя людзі могуць падтрымліваць адно аднаго, як гэта было ў Польшчы. Гэта вельмі важна.
Застаецца толькі дадаць, што выстава арганізавана пры фінансавай падтрымцы ўрада Вялікапольскага ваяводства.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!