– Наста, сёння вы сустракаліся з дзецьмі. Якое ўражанне ад аўдыторыі? Ці часта бываюць такія спатканні?
– Я, канешне, часцей сустракаюся з дарослымі, а з дзецьмі – толькі калі мяне так адмыслова запрашаюць у школкі. Цяпер я ў туры па школах у межах праекта Міжнароднага саюза пісьменнікаў. Мне вельмі складана сустракацца з дзецьмі, бо я ўсё ж не дзіцячы пісьменнік. Дзеці адчуваюць усё максімальна востра, па іх паводзінах адразу бачна – цікава ім ці не. І я лічу, што такія сустрэчы ці не найважнейшыя: з дзецьмі вельмі важна сустракацца, бо гэта наша будучыня. Я заўсёды марыла яшчэ ў Беларусі больш ездзіць па школах, але там не было такой магчымасці.
– А якія высновы звычайна пасля такіх сустрэч робіце?
– У мяне вельмі светлыя высновы нават ад таго, што ў Польшчы існуюць беларускія школкі. Мяне гэта вельмі радуе і натхняе, бо, аказваецца, так можна зарганізавацца, і сюды прыходзяць зацікаўленыя дзеці. Зразумела, што ў Польшчы ім, магчыма, не настолькі патрэбная беларуская мова для самарэалізацыі, але бацькі іх прыводзяць сюды. Гэта вельмі прыемна.
– Вы ўжо некалькі гадоў у эміграцыі. Як тут пішуцца вершы, робяцца пераклады? Як увогуле адбываецца творчае жыццё?
– Калі казаць пра нейкае ўнутранае адчуванне, то трывожнасць пакуль даволі вялікая. Я тут усяго два гады, і гэта такі першы этап, калі вучыш мову, спрабуеш ва ўсім разабрацца. Шмат побытавых клопатаў, і галава забітая больш не творчымі справамі. Часам не хапае такога спакою, каб можна было спакойна пагуляць, натхніцца прыродай, паразважаць і пісаць вершы. Таму пішацца не так шмат, як хацелася б.
А калі казаць пра тэхнічны бок – як арганізавана кнігавыданне, розныя фестывалі – то тут усё на вышэйшым узроўні. У культурным жыцці шмат чаго адбываецца: шмат выдавецтваў, імпрэзаў, часта некуды запрашаюць, ёсць варыянты паехаць на творчыя рэзідэнцыі. Прычым гэта адбываецца не толькі ў беларускай супольнасці. У польскім асяроддзі таксама ёсць цікавасць да Беларусі і беларусаў – як да суседзяў і як да эмігрантаў. Польскі бок ладзіць шмат супольных выданняў, фестываляў. Я адчуваю сябе тут вельмі камфортна, адчуваю сябе патрэбнай і не адчуваю, што прыехала ў чужую краіну, адарваная і нікому не патрэбная. Я вельмі ўдзячная Польшчы за тое, што мы можам тут захоўваць сваё і расказваць пра сябе.
– А пра што думае беларускі паэт у эміграцыі? Пра што хочацца пісаць, да чаго найбольш цягне?
– Хочацца пісаць пра тое, што ўсе мы цяпер перажываем: пра нашу траўму, пра тое, што адбылося з Беларуссю ў 2020 годзе і працягваецца. Ты не можаш пераключыцца на нешта іншае, бо ўвесь час думаеш пра тое, што засталося ў Беларусі. Да цябе пастаянна даходзяць навіны праз знаёмых пра нейкія страшныя рэчы, і ты жывеш у гэтым, гэта трэба неяк асэнсаваць, перажыць.
Але часам хочацца проста жыць звычайным жыццём, бо ты не можаш не бачыць побач прыгожае мора, нейкія рэчы ў польскім грамадстве, якія радуюць і якія хочацца браць за прыклад. Акрамя таго, што ёсць тая Беларусь, якую ты пакінуў і якая частка цябе, ёсць яшчэ новае жыццё, якое трэба ўмець пражыць з радасцю, натхненнем, а не толькі цягнуць на сабе той груз. Таму такое дваістае адчуванне.
– Але пішацца ўсё ж больш пра Беларусь ці пра новае жыццё?
– Мне здаецца, пра новае я пачала пісаць толькі цяпер. Нядаўна пачала ўглядацца ў горад, у якім жыву, – Гдыню. Гэта цудоўны горад, і я вельмі яму ўдзячная. Я пачала часцей хадзіць па ім, штосьці заўважаць – якія дрэвы, якое мора, якія птушкі… Дагэтуль мне было толькі балюча і сумна, але цяпер я гэта паступова пераадольваю.
У мяне няма мэты, што я абавязкова мушу пісаць пра Беларусь, якая засталася. Вершы нараджаюцца самі – якія яны будуць, такімі і будуць. Цяпер усё пераплятаецца: успаміны дзяцінства, згадкі пра тых, каго ўжо няма. Сумуеш па тым часе і разумееш, што туды ўжо не вярнуцца.
– З досведу эмігрантаў вядома, што і паэтам, і пісьменнікам часта даводзілася працаваць не па спецыяльнасці, каб зарабіць на жыццё. Як у вас з гэтым?
– Пакуль у мяне з гэтым цяжка. Другі месяц шукаю працу, не магу знайсці, бо я эмігрантка, якая не дастаткова валодае польскай мовай. Але, з іншага боку, гэта цікавы досвед, бо ў цябе мабілізуюцца здольнасці, якіх ты раней у сабе не заўважаў. У Беларусі я жыла спакойна, мне хапала ўсяго, а тут даводзіцца вучыцца і мабілізавацца.
Пакуль цяжка, але бачу шмат варыянтаў. Хаця бываюць перыяды адчаю і роспачы, калі не ведаеш, як дажыць да наступнага месяца і заплаціць за кватэру.
– Акрамя таго, што вы паэтка, хто вы па прафесіі?
– Па адукацыі я філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры. Праўда, па спецыяльнасці не працавала, бо былі малыя дзеці. Працавала перакладчыкам, перакладала кнігі на беларускую мову, трохі рэдагавала, была карэктарам. Апошнія гады прадавала біжутэрыю, але цяпер мы закрылі фірму, і я думаю пра новую прафесію. Хачу навучыцца чамусьці яшчэ, бо хочацца многае паспрабаваць у жыцці.
– А што датычыць перакладаў? Вы маглі б гэтым зарабляць?
– Магчыма, але я не спрабавала шукаць такі заробак. Маю досвед перакладаў з рускай, украінскай, польскай. Ведаю англійскую мову, раблю паэтычныя пераклады з удмурцкай.
– Цікава, адкуль у вас удмурцкая мова?
– Гэта мой унёсак у дэкаланізацыю Расіі. Мне хацелася, каб на тых прасторах гучалі мовы розных народаў, якія там жывуць і пра якія амаль ніхто нічога не ведае. Гэта маленькі народ, але ў іх ёсць літаратура – прычым вельмі цікавая.
– Наста, а як вы ставіцеся да кампліментаў?
– Я стаўлюся да кампліментаў добра і абсалютна спакойна, бо заўсёды кажу, што вершы – гэта не мая заслуга. Яны прыходзяць самі, а ты толькі запісваеш, рэдагуеш, асэнсоўваеш, разважаеш. Але проста сесці і напісаць «са свайго розуму» немагчыма. Для мяне гэта цуд. Калі людзі кажуць, што прачыталі мае вершы і плакалі, я ім адказваю, што са мной адбываецца тое самае, калі іх пішу. Таму я ўспрымаю кампліменты спакойна і разумею, што гэта не мне, а тым тэкстам, якія нейкім чынам узнікаюць.
– Наста, у вас ёсць магчымасць праз наша радыё павіншаваць чытачоў з навагоднімі святамі. Што б вы ім пажадалі на Каляды і ў Новым годзе?
– Я б пажадала ў першую чаргу не страчваць радасць жыцця, што б ні здаралася. Каб кожны дзень прыносіў нешта такое, што дае ўсмешку. Бо нават у самых роспачных сітуацыях ёсць тое, за што можна быць удзячным. Вельмі хацела б, каб людзі, нават калі сумуюць, не забываліся, што жыццё – гэта дар, і трэба цаніць кожны дзень.
Нагадаю толькі, што Наста Кудасава аўтарка кніг паэзіі «Лісце маіх рук», «Рыбы» , «Маё невымаўля», «Вясна. Вуснам цесна» , «Побач» . Яе вершы перакладзеныя на польскую, чэшскую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы.
Павел ЗАЛЕСКІ