Часопіс Newsweek друкуе інтэрв’ю з в’етнамскай паэткай Нгуен Фан Ку Май (Nguyen Phan Que Mai), якая напісала кнігу «Горы спяваюць», якая стала сусветным бестселерам. Гаворка ідзе пра вайну В’етнама з ЗША. Мы гэтую вайну ведаем пераважна з амерыканскай перспектывы, варта на яе зірнуць таксама з пункту гледжання жыхароў В’етнаму.
«Я апісала гэтую гісторыю перш за ўсё дзеля таго, каб яна не была забытая. Я чула шмат аповедаў людзей, якія перажылі траўму. І хацела зразумець яе прычыну, а таксама хацела змагацца з памылковым уяўленнем нашай краіны на Захадзе», — кажа пісьменніца.
Аўтарка запісала шмат гісторый сведкаў тых падзей. Напрыклад, аповед чалавека, які ішоў праз джунглі, над якімі амерыканцы распылілі хімічныя рэчывы. Камандзір параіў яму, каб прыклаў да носа сурвэтку, палітую ўласнай мачой і праз яе дыхаў. Гэта была гісторыя сябра яе бацькі. На жаль, ён пазней памёр ад рака.
«Я хачу пісаць дзеля міру, роўнасці і справядлівасці, дзеля лепшага свету, у якім мы навучымся шанаваць адзін аднаго і прыроду. На жаль, заўсёды знойдуцца прычыны чарговых войнаў. Хай кожны палітык, які намераны напасці на іншую дзяржаву, адправіць на вайну сваіх дзяцей».
Паэтка кажа, што вайна адбірае ў людзей гуманізм. Яна размаўляла з амерыканскім ветэранам, які вельмі перажываў, што яму прыйдзецца забіваць в’етнамцаў.
«Камандзір яму сказаў: не перажывай, яны не такія, як мы. Ваююць з іншымі народамі сотні гадоў, жыццё для іх не з’яўляецца каштоўнасцю. У кнізе я хачу паказаць, што в’етнамцы — такія ж, як і іншыя народы. Усе мы любім нашы сем’і і хочам міру», — падкрэслівае паэтка.
нг