Сёлета над Віслай будзе скарачэнне эканамічнай актыўнасці, якое завершыцца ўжо ў наступным годзе.
У гэтым годзе Польшча лепш за ўсё справіцца з наступствамі каранавірусу – гэта вынікае з эканамічных прагнозаў Еўракамісіі. Сёлета польская эканоміка скароціцца на 4,6 працэнта, у наступным годзе будзе рост на 4,3 працэнта. Інфляцыя ў Польшчы складзе 2,7 працэнта.
Сёлетні прагноз для Польшчы і так адзін з найлепшых вынікаў у Еўразвязу, перадае з Бруселю карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.
- Еўрапейскія эксперты напісалі, што польская эканоміка была даволі ўстойлівай у першым квартале бягучага году. У першую чаргу дзякуючы разнароднай эканамічнай структуры і меншай залежнасці ад сектараў, якія найбольш закрануў крызіс. Прыватнае спажыванне значна скарацілася, але інвестыцыі – не. Гэта звязана з тым, што будаўнічы сектар развіваўся, а прамысловая вытворчасць нязначна скарацілася. Скарачэння індывідуальнага спажывання эксперты звязваюць з тым, што палякі масава адкладалі грошы на горшыя часы ў звязку з каранавірусам. Скарачэнне інвестыцыі прыйшло ў красавіку ў звязку з разрывам ланцугоў дастаўкі, пагаршэннем настрояў бізнесу. Сітуацыя палепшыцца толькі ў будучым годзе.
З дадзеных Еўракамісіі вынікае, што сёлета значна вырасце ў Польшчы інфляцыя да 2,8%, што на 0,6% больш у параўнанні з мінулым годам. Рост інфляцыі абумоўлены павелічэннем цэн на прадукты харчавання і паслугі.
Напрыклад, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла, што ў чэрвені цэны на спажывецкія тавары і паслугі выраслі на 3,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. У параўнанні з маем цэны павялічыліся на 0,7 працэнта.
Эканамістка банку PKO Bank Polski Уршуля Крыньска заявіла, што найбольш непакоіць рост базавай інфляцыі, якая не ўключае харчаванне і энергію. На думку аналітыка тут ёсць небяспека прыросту інфляцыі да 4,1-4,2 працэнта супраць майскіх 3,8 працэнтаў.
- Выразны рост базавай інфляцыі выклікае здзіўленне. Яшчэ няма падрабязных дадзеных, што яго выклікала. Верагодна прычынай стала перакладванне санітарных коштаў прадпрымальнікамі на спажыўцоў. Гэта закранае ўсё больш абшараў: медычныя паслугі, касметычны сектар і цяпер турызм.
У сваю чаргу прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі імкнецца супакоіць палякаў. Кіраўнік ураду сказаў, што рэалізацыя дзяржаўных антыкрызісных праграм дазваляе Польшчы з меншымі стратамі выходзіць з крызісу.
- Мы не глядзім на палітычныя колеры, а прызначаем згодна з распараджэннямі прэзідэнта сродкі для кожнай гміны ды павету на мясцовыя інвестыцыі, на ўсё, што цяпер найбольш патрэбна ды на падтрымку мясцовых прадпрымальнікаў. У чэрвені бягучага году даходы бюджэту выраслі на 3%, чым летась. Сёлета чэрвень быў вельмі кепскі для ўсяго свету. Гэта сведчанне таго, што эканоміка адраджаецца, экспарт павялічваецца, як і прыватнае спажыванне.
Буйныя канцэрны падтрымліваюць палітыку ўраду. Шэраг з іх агучылі маштабныя інвестыцыйныя планы. Так нафтагазавы канцэрн PGNiG заявіў, што рыхтуе рэкордныя інвестыцыі. Кіраўнік канцэрна Ежы Квецінскі заявіў, што сёлета інвестыцыі перавысяць мінулагоднія 6.6 мільярдаў злотых.
- У гэтым і наступных гадах будуць рэкордныя інвестыцыі. Сёлета дакладна будуць большыя, чым раней, больш за 6,6 мільярдаў. Гэта ня толькі таму, што мы маем дадаткова вернутыя нам Газпромам пераплачаныя раней грошы. Гэта вынікае з нашых планаў. Дадатковыя ж сродкі, якія мы атрымалі дазволяць нам больш эфектыўна рэалізаваць нашы інвестыцыйныя замеры.
На мінулым тыдні канцэрн атрымаў зварот ад Газпрому 1,5 мільярды долараў пераплачаных выдаткаў за расійскі газ. Рашэнне прыняў нядаўна Арбітражны суд у Стакгольме.
У прагнозах Еўракамісія пра стан эканомікі ЕЗ можна прачытаць, што ВУП Польшчы ў 2020-м годзе зменшыцца на 4,6%, а ў краінах валютнай зоны еўра падзенне будзе ажно на 8,7%.
Юры Ліхтаровіч